Пракуратура Крупак супраць Сцяпана Пуцілы: інфапрадукцыя Nexta ў сетцы TikTok прызнаная “экстрэмісцкай”
Застаецца ўсе меней раённых цэнтраў у Беларусі, якія ўслед за цэнтральнымі органамі ўлады не далучыліся да пераследу “крамольных акаўнтаў” у сацсетках. Гэтым разам ролю цэнзараў прымералі на сябе Крупкі.
Афіцыйны Telegram-канала Генеральнай пракуратуры Беларусі паведаміў, што на падставе заявы пракуратуры Крупскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя TikTok-акаўнта Nexta прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
У гэтым пераліку таксама “цік-токаўскія” ініцыятывы “Belarusian Battalion”, “Беларусь на целе”, “Свежыя навіны з Польшчы” і акаўнт палітыка Паўла Латушкі “Pavel Latushka”.
Як удакладняецца на сайце Міністэрства інфармацыі , дзе збіраюцца звесткі пра ўсіх новых “экстрэмістаў”, адпаведнае рашэнне суд Крупскага раёна ўхваліў яшчэ 13 снежня.
“Падлягае неадкладнаму выкананню ў адпаведнасці з артыкулам 314 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса”, – гаворыцца ў рэзулятыўнай частцы.
Выглядае, што Крупская пракуратура знайшла апошнюю віртуальную пляцоўку, дзе канал Nexta яшчэ існаваў без “экстрэмісцкага статусу”.
Нагадаем, раней Cледчы камітэт Беларусі ініцыяваў так званую “дыстанцыйную спецвытворчасць” у дачыненні да арганізатараў шэрагу “тэрарыстычных арганізацый” і асобных прадстаўнікоў “экстрэмісцкай супольнасці”. У гэтым пераліку фігуруе і заснавальнік адной з самых масавых інфармацыйных інтэрнэт-платформ Nexta Сцяпан Пуціла.
Старшыня СК Дзмітрый Гара ў сярэдзіне лістапада ўдакладніў, што такі механізм дазваляе прыцягваць да крымінальнай адказнасці асоб, якія ўчынілі “цяжкія злачынствы супраць дзяржавы і народа Беларусі”. Падзяліўся ён і планамі наконт аднаго з заснавальнікаў Telegram-канала Nexta.
«У найбліжэйшы час будзе разглядацца пытанне аб ініцыяцыі спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да сапраўдных здраднікаў, якія нанеслі вялізную шкоду нашай краіне. Гэта і Nexta (сярод першых у краіне рэдакцыя прызнана “тэрарыстычнай арганізацыяй”, – БАЖ), і непасрэдна сам Пуціла і яго падзельнікі», — заявіў кіраўнік ведамства.
У апошнія дні 2021 года сілавыя структуры Беларусі ўжо абвінавацілі Сцяпана Пуцілу ў “арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак” (ч. 1 і 3 арт. 293 КК, ч. 1 і 2 арт. 342 КК), а таксама ў “распальванні варожасці” (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў – агулам набралася блізу дзясятка “злачынстваў”.
На адрас пракуратуры Польшчы (у гэтай краіне апошнія гады жыве блогер), са Следчага камітэта быў дасланы запыт аб экстрадыцыі заснавальніка Nexta дзеля накіравання справы ў суд. Аднак сёлета ў студзені польскі бок адмовіў у задавальненні хадайніцтва. Як аргументаваў суддзя па справе Сцяпана Пуцілы, нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча “псіхапатычны дыктатар”.
Пасля першых пагроз крымінальнага пераследу ў 2020 годзе Сцяпан Пуціла атрымаў міжнародную абарону, а ў 2021‑м — статус палітычнага ўцекача ў Польшчы. Следам на радзіме ён апынуўся ў спісе “арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Сцяпану Пуцілу 24 гады. Нягледзячы на маладосць, ён адзін з самых вядомых і пазнавальных блогераў як у Беларусі, так і за яе межамі. Гэтаму паспрыяла перадусім інфармацыйная актыўнасць калектыву аднадумцаў падчас масавых акцый пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020, калі створаны да таго Telegram-канал Nexta стаў адным з лакаматываў інфармавання пратэстоўцаў, якія выступалі супраць фальсіфікацыі падлікаў электаральнай кампаніі і неабгрунтаванага гвалту сілавікоў.
Чытайце яшчэ:
У Мінску прайшло развітанне з тэатральным крытыкам Аляксеем Стрэльнікавым
Дзеці ў ЗША, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Адкуль узяўся прапагандыст Андрэй Мукавозчык
У Гомелі з’явіўся самвыдат пад брэндам прапагандысцкага дзяржаўнага выдання