Прэс-сакратар Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека: Заклікаем неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу
Заява прэс-сакратара Упраўлення Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека Руперта Колвіла з нагоды затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега.
«Нас, як і многіх іншых, шакаваў незаконны арышт і неправамернае затрыманне беларускага журналіста Рамана Пратасевіча пасля таго, як самалёт кампаніі «Ryanair», на борце якога ён знаходзіўся, быў прымусова перанакіраваны ў сталіцу Беларусі — горад Мінск пад відавочна ілжывым падставай і з прамой мэтай захопу спадара Пратасевіча, — паведамляецца на сайце ААН.
— Тое, як пад пагрозай прымянення ваеннай сілы Пратасевіч быў выкрадзены з юрысдыкцыі іншай дзяржавы і перададзены ў юрысдыкцыю Беларусі, раўназначна надзвычайнай выдачы. Падобнае злоўжыванне дзяржаўнай уладай у дачыненні да журналіста за ажыццяўленне ім функцый, якія абаронены міжнародным правам, заслугоўвае самага суровага асуджэння.
Пакаранне журналіста толькі за крытыку ўрада ніколі не можа лічыцца неабходным абмежаваннем свабоды слова і, такім чынам, з’яўляецца парушэннем артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У роўнай ступені Паводле права правоў чалавека сам факт арганізацыі мірнага сходу ніколі не павінен падвяргацца крымінальнаму пераследу ў рамках нацыянальнага заканадаўства, у тым ліку антытэрарыстычнага заканадаўства. Арышт або затрыманне асобы ў якасці пакарання за законнае ажыццяўленне ім свайго права на свабоду перакананняў і іх выказвання і свабоду сходаў лічыцца неправамерным.
Мы асцерагаемся за бяспеку Рамана Пратасевіча і хочам атрымаць гарантыі таго, што з ім абыходзяцца гуманна, не падвяргаючы яго жорсткаму абыходжанню або катаванню. Яго з’яўленне на дзяржаўным тэлебачанні… не выглядала абнадзейваючым, улічваючы відавочныя сінякі на яго твары і вялікую верагоднасць таго, што яго з’яўленне не было добраахвотным, а яго «прызнанне» ў сур’ёзных злачынствах было атрымана прымусова. Інфармацыя, атрыманая пад ціскам, не можа быць выкарыстана супраць Пратасевіча ў якім-небудзь судовым працэсе. Такія прымусовыя прызнальныя паказанні забароненыя Канвенцыяй супраць катаванняў.
Мы таксама занепакоеныя лёсам дзяўчыны Пратасевіча Сафіі Сапегі, якая, як паведамляецца, таксама была падвергнутая адвольнаму затрыманню.
Акрамя аспектаў, якія тычацца спадара Пратасевіча, прымусовае прызямленне пасажырскага самалёта ў Менску напалохала пасажыраў, якія знаходзяцца на борце, і падвергла іх неапраўданай небяспецы…
Гэты ашаламляльны выпадак уяўляе сабой новую фазу ў кампаніі рэпрэсій уладаў Беларусі ў дачыненні да журналістаў і грамадзянскай супольнасці ў цэлым. Адвольны арышт — прыкмета вельмі трывожнай эскалацыі ціску на нязгодных, і не толькі журналістаў, але і праваабаронцаў Беларусі, і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку тых, хто пражывае за мяжой.
Мы заклікаем неадкладна вызваліць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу і дазволіць ім патрапіць ў запланаваны пункт прызначэння ў Літве».
Пераклад spring96.org