• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прэзідэнт Аргенціны пасля перамогі на выбарах абвясціў, што пачне з прыватызацыі дзяржаўных СМІ

    Перамога Хаўера Мілея на выбарах — свайго роду сенсацыя. Ён не быў фаварытам другога тура выбараў. Журналісты называюць яго аргенцінскім Трампам, і заявы палітыка сапраўды гучаць па-папулісцку. Адна з першых абвестак пасля перамогі: намер прыватызаваць дзяржаўныя СМІ, паведамляе інфармагенцтва Associated Press.

    — Усё, што можа быць у руках прыватнага сектара, будзе ў руках прыватнага сектара, — сказаў Хаўер Мілей радыёстанцыі Radio Mitre ў Буэна-Айрэсе.

    Ён удакладніў сваю пазіцыю, апісаўшы дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі як таемнае міністэрства прапаганды. Падчас прэзідэнцкай гонкі ён скардзіўся, што асвятленне яго перадвыбарнай кампаніі ў дзяржаўных СМІ было вельмі негатыўным.

    У тэорыі Хаўер Мілей можа паспрабаваць прыватызаваць кампаніі, калі прыме надзвычайны дэкрэт, хоць Кангрэс (парламент Аргенціны) у стане спыніць такія дзеянні, заявіўшы, што гэта не з’яўляецца сапраўднай надзвычайнай сітуацыяй.

    — У гэтым сцэнары пытанне, напэўна, будзе разгледжана ў судовым парадку з нявызначаным зыходам, — патлумачыў прафесар права Нацыянальнага ўніверсітэта Ла-Пампа Густаў Арбал’ё.

    Ёсць і іншыя спосабы, з дапамогай якіх прэзідэнт можа абысці вета Кангрэса.

    — Напрыклад, можа адбыцца паступовае або рэзкае спыненне фінансавання дзяржаўных прадпрыемстваў, што створыць сцэнар, пры якім іх дзейнасць будзе моцна абмежаваная, — лічыць юрыст.

    Заявы Хаўера Мілея вельмі нагадваюць тое, што казаў у 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка. А дакладней пра бачанне стану СМІ:

    — СМІ павінны быць рознымі. Хай будуць дзяржаўныя і недзяржаўныя. Але тое, што адбываецца на дзяржаўным тэлебачанні… Вы ж бачыце, што адбываецца: хлусня! Ідзе адна хлусня. Я зноў-такі не хачу папракаць журналістаў, якія там працуюць. Яны проста заціснутыя. Вы ж ведаеце, што сёння ўчынілі рэарганізацыю тэлебачання. Калі ты ненадзейны, то кантракт з табой не заключаюць. Што гэта за дзікасць! Гэта ж першабытная палітыка дзяржавы. СМІ проста гвалтуюцца. Журналісты напужаны, яны ж таксама людзі. Калі я на сваёй скуры адчуў гэта — адсутнасць усялякай магчымасці мець вакно ў свет — я пераканаўся, што тэлебачанне трэба мець і недзяржаўнае, і дзяржаўнае, і камерцыйнае. Я будучы прэзідэнтам, калі так здарыцца, ніколі не буду заціскаць гэта.

    Аднак на справе ў Беларусі сапраўды незалежным СМІ так і не далі развівацца.

    Чытайце яшчэ:

    Гендырэктара ТАСС звольнілі за няправільнае асвятленне бунту Прыгожына

    Служба інфармацыі і бяспекі Малдовы заблакавала «Першы канал», НТВ і яшчэ 20 расійскіх прапагандыскіх медыяў

    Дзве журналісткі, арыштаваныя падчас іранскіх пратэстаў, асуджаныя на вялікія тэрміны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці