• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Століне вынес прысуд блогеру Аляксандру Ігнацюку

    Суд Столінскага раёна 5 красавіка 2024 года агучыў вердыкт па крымінальнай справе ў дачыненні да блогера і былога рэдактара газеты «Вечерний Столин» Аляксандра Ігнацюка.

    Блогер Аляксандр Ігнацюк. Фота: з уласнага архіва

    Як стала вядома БАЖ, суддзя Сяргей Насеня прыгаварыў 53-гадовага палітвязня да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама суд прызначыў блогеру штраф памерам 200 базавых велічыняў (8000 BYN).

    Акрамя пазбаўлення волі і буйнога штрафу суд вырашыў спагнаць з Аляксандра Ігнацюка на карысць нібыта пацярпелага ад вымагальніцтва прадпрымальніка маёмасны ўрон у памеры 1800 рублёў. Таксама ў блогера канфіскавалі ноўтбук — як «сродак здзяйснення злачынства».

    Судовы працэс адбываўся цягам трох тыдняў у закрытым рэжыме. У выніку Аляксандра Ігнацюка прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:

    • у арганізацыі акцый пратэстаў у Століне і Мінску (частка 1 артыкула 342 КК),
    • у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (частка 2 артыкула 367 КК),
    • ў вымагальніцтве (частка 2 артыкула 208 КК).

    Падчас слухання справы блогер часткова пагадзіўся з абвінавачаннямі, якія тычыліся арганізацыі пратэстаў і паклёпу, але не прызнаў віну ў вымагальніцтве.

    Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова, бо ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна. Сябры занепакоіліся пра лёс блогера пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь.

    Толькі ў сакавіку 2024 года ўлады паведамілі прычыну змяшчэння Ігнацюка пад варту — напярэдадні пачатку судовага працэсу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала ў сваім тэлеграм-канале відэа жорсткага затрымання блогера і агучыла інкрымінаваныя абвінавачанні.

    Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.

    У 2003 годзе, паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на тры месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла артыкул 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча. Тады рэдактара газеты паводле крымінальнага артыкула 369 пакаралі штрафам памерам 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў. Менавіта гэты выпадак прыгадвае цяпер прэсавая служба МУС, згадваючы, што Ігнацюк «быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады».

    У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на тры месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.

    Рэдакцыю вінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, хоць «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».

    Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную», а замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не спавясціўшы пра гэта Міністэрства інфармацыі ў належны тэрмін.

    У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин», працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках сайта, а таксама ў Tik­Tok, YouTube і Insta­gram.

    Сёлета 13 лютага суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інтэрнэт-сайт stolin.bу (раней ён ужо быў заблакаваны Міністэртвам інфармацыі на тэрыторыі Беларусі), а таксама персанальную старонку рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Праз тры дні, 16 лютага, гэты ж суд паўторна надаў столінскаму сайту «экстрэмісцкі» статус.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці