• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Прыгожа пішуць, а людзям хутка не стане чаго есці…”, або Як я хадзіў на выставу “СМІ ў Беларусі”

    Сёлета штогадовы інфармацыйны хурал Міністэрства інфармацыі вырашылі правесці ля прэзідэнцкага Палаца Незалежнасці. На другі дзень працы, калі ўжо сціхлі парадныя прамовы і былі перарэзаны ўсе чырвоныя стужачкі, сядаю на аўтобус і еду ў “Белэкспа” – паглядзець, чым жыве беларуская журналістыка і чым яна сёння можа прывабіць чытача.

    У гэтым годзе выставу не сумяшчалі з “TIBO”, таму ўваход бясплатны. Прыемнай неспадзяванкай карыстаюцца і школьнікі, і студэнты, і людзі пенсійнага узросту.

    — Набярэш тут газетак, і потым цэлы год можна чытаць, — дзеліцца са мной разважаннямі адна з пенсіянерак ля ўваходу. У гэты ж час маладыя людзі з наборам апазіцыйных значкоў на заплечніках папраўляюць размешчаны на ўваходзе сярод іншых жоўта-блакітны сцяг і робяць сэлфі.

    Я ж адразу пасля ўваходу натыкаюся на вялізны стэнд галоўнай прэзідэнцкай газеты. Тут бадзёра разыходзяцца нумары “СБ”, а моладзь выпрабоўвае свае здольнасці на мультымедыйным экране. Цікаўлюся ва ўдзельніц экспазіцыі пра практычную карысць ад выставы.

    — Паўдзельнічаць у такой выставе — гэта паказаць твар газеты, а цяпер і ўсяго холдынгу. Хоць ніякай вымяральнай карысці выстава ніколі не прыносіла: грошай мы тут не зарабляем, падпіску не афармляем. Але паўдзельнічаць мусім — гэта гонар. Вось сёння, напрыклад, дэманструем на стэндзе нашу праграму для мабільных тэлефонаў. Маладыя людзі актыўна ёй цікавяцца, сталыя — проста бяруць газету, — гавораць жанчыны ля стэнду.

    Мушу адзначыць, што абсалютная большасць прадстаўнікоў СМІ на выставе — жанчыны. Адна з іх дэманстратыўна сядзіць на дарагім матацыкле, што з’яўляецца часткай стэнда Мінскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак (МТІС). Праўда, ля стэнда нешматлюдна.

    Нешматлюдна і ля стэндаў, што прадстаўляюць выданні рэгіёнаў.

    — Выстава дзяржаўная, таму і выданні тут толькі дзяржаўныя, — адказваюць на маё пытанне дзяўчаты ля стэнду Брэсцкай вобласці і актыўна агітуюць глядзець на Youtube праграмы тэлерадыёкампаніі “Пінск”.

    Размаўляю яшчэ з адной дзяўчынай з рэгіёна, якая відавочна сумуе без наведнікаў.

    — Наш удзел у выставе аплачвае аблвыканкам. Гэта штогадовае мерапрыемства, і мы проста не можам адмовіць Міністэрству інфармацыі ў тым, каб прыехаць. Але мне ўдзел у выставе падабаецца — гэта ж такая магчымасць бясплатна з’ездзіць у Мінск, на людзей паглядзець, адарвацца ад будзёных спраў, — гаворыць дзяўчына і прапануе стос рэгіянальных газет, якія, па яе словах, сёння зусім не маюць эканамічных праблем.

    Тут мяне ззаду раптам абдымае Несцерка ў кампаніі яшчэ двух казачных персанажаў з Гродзенскай вобласці. Гэтыя персанажы настойліва прапануюць мясцовае “Полымя”.

    — Для нас “СМІ ў Беларусі” — гэта свята! Мы тут, каб паказаць адметнасць Гродзеншчыны і ўздымаць настрой, — заяўляюць казачныя персанажы і дазваляюць іх сфатаграфаваць.

    Нягледзячы на тое, што на вялікай сцэне “Белтэлерадыёкампанія” цэлы дзень праводзіць конкурсы і розыгрышы, вялікая колькасць людзей каля стэндаў СМІ “сядзяць у тэлефонах”.

    Падыходжу да прадстаўніцтва Аб’яднанай рэдакцыі МУС Беларусі, каля якога таксама нешматлюдна. Мужчыны ў форме вельмі неахвотна рэагуюць на мае пытанні адносна супрацоўніцтва МУС з журналістамі. А вось журналістка газеты “На страже” ўступае ў гутарку. Пытаюся адносна збіцця калег міліцыянтамі.

    — Крытыкі хапае на адрас прадстаўнікоў любой прафесіі. Проста супрацоўнікі міліцыі заўсёды навідавоку, таму ім перападае больш. А газета ў нас вельмі добрая, наклады не падаюць, таму падпісвайцеся і вы! — усміхаецца дзяўчына, што сядзіць на фоне касцюма хімабароны ў супрацьгазе.

    Побач з міліцэйскім размясціліся стэнды ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, амбасадаў Кітая і Індыі, дзе таксама нешматлюдна. Пакуль наладоўваю фотаапарат, спрабую разгаварыцца з 13–14 гадовымі хлопцамі. Тынэйджэры расказваюць, што прыйшлі на выставу ўсім класам замест заняткаў і актыўна шукаюць разетку, каб падсілкаваць мабільны тэлефон.

    Я ж тым часам скіроўваюся да студэнтаў Інстытута журналістыкі БДУ, якія гавораць, што іх знялі з пар і папрасілі пастаяць ля стэндаў розных выданняў.

    — У любым выпадку гэта цікавей, чым сядзець на парах! Да таго ж, гэта ў нейкім сэнсе і наша будучая спецыяльнасць, хоць мы і не вучымся на журналістаў друкаваных СМІ. Пакуль дойдзем да пятага курсу, напэўна, ужо ўсё па-іншаму будзе, усё будзе толькі ў інтэрнэце, — разважаюць маладзёны.

    Тым часам абыходжу ўсе стэнды яшчэ раз, выходжу на вуліцу і сутыкаюся з чарговай групай пенсіянераў. На фоне музыкі жанчыны ў чырвона-зялёных кепках, атрыманых у падарунак, гучна скардзяцца на афіцыйныя СМІ.

    — Яны у сваіх газетах так прыгожа пішуць, а людзям хутка не стане чаго есці. А пра вялізныя кошты — ні слова, – сварацца пенсіянеркі на фоне вялікага чырвона-зялёнага сцяга і скіроўваюцца на прыпынак.

    А я для сябе адзначаю, што на гадзіну трапіў у “краіну з тэлевізара”. За маімі плячыма журналісты “Белтэлерадыёкампаніі” запісваюць чарговы стэндап, а супрацоўнікі аховы прэзідэнцкага Палаца Незалежнасці сочаць, каб прадстаўнікі “СМІ ў Беларусі” не павярнулі камеру ў “непатрэбным” накірунку.

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці