Прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» і ўсё, што з ім звязана
МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» і яго старонкі на ютубе, у Фэйсбуку, Instagram, ціктаку і Твітэры, паведамляе ГУБАЗіК.
«Беларусь галаўнога мозгу» — папулярны праект, у рамках якога аўтары публікуюць палітычны кантэнт, а таксама каментуюць навіны пра Беларусь і пра вайну ў Украіне. На телеграм-канал БГМ падпісана каля 163 тысяч чалавек.
Заснаваў «Беларусь галаўнога мозгу» блогер Ігар Лосік, якога ў снежні 2021 года ў рамках «справы Ціханоўскага» асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Лосіка абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці «ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў», учыненай групай асоб (Частка 3 артыкула 130 КК), і ў арганізацыі масавых беспарадкаў (Частка 1 артыкула 293 КК).
«Экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі прызнаныя ўжо больш двух дзясяткаў аб’яднанняў, фондаў, телеграм-каналаў і СМІ. Сярод іх таксама і «Наша Ніва».