Ракетны ўдар па Краматорску: загінуў адзін і паранены двое журналістаў Reuters, пацярпела польская журналістка
Расійская балістычная ракета трапіла ў гасцініцу «Сапфір» у Краматорску, у якой спынілася здымачная група агенцтва Reuters з шасці чалавек.
24 жніўня Расія нанесла ракетны ўдар па ўкраінскім Краматорску. Адна з балістычных ракет трапіла ў гасцініцу «Сапфір», у выніку чаго загінуў дарадца агенцтва Reuters Раян Эванс. Яго цела знайшлі пасля 19 гадзін пошукаў пад заваламі будынка. Пад пагрозай новых абстрэлаў пошукавыя працы некалькі разоў перарываліся.
Пазней начальнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў пра чатырох пацярпелых журналістаў:
«Усе пацярпелыя – журналісты агенцтва Reuters, грамадзяне Украіны, ЗША, Латвіі і Германіі».
Reuters паведамляе, што Раян Эванс працаваў дарадцам па пытаннях бяспекі ў агенцтве і загінуў у выніку ракетнага ўдара па гасціны, дзе спынілася здымачная група агенцтва з шасці чалавек. Двое чалавек знаходзяцца на лячэнні, адзін з іх атрымаў сур’ёзныя раненні. Яшчэ тры чалавекі знойдзены і цяпер знаходзяцца ў бяспецы.
38-гадовы Раян Эванс – былы салдат. У 2022 годзе ён пачаў працаваць з агенцтвам Reuters і кансультаваў журналістаў агенцтва па пытаннях бяспекі па ўсім свеце.
«Мы выказваем свае найглыбокія спачуванні сям’і і блізкім Раяна. Раян дапамог многім нашым журналістам асвятляць падзеі па ўсім свеце, нам яго будзе страшэнна не хапаць», – гаворыцца ў афіцыйнай заяве агенцтва Reuters, якую цытуе Руская служба BBC.
Інстытут масавай інфармацыі раскрыў імя яшчэ аднаго параненага: відэааператар Reuters Іван Любіш-Кірдзей знаходзіцца ў цяжкім стане ў бальніцы Дняпра. Яму зробленая аперацыя, ён падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Пацярпела польская журналістка Моніка Андрушэўская
У выніку ракетнага ўдара пацярпела і польская журналістка Моніка Андрушэўская, якая праязджала побач. Пра інцыдэнт яна расказала на ўласнай старонцы ў Facebook.
«Мая першая асабістая кроў, пралітая за Украіну – На Дзень незалежнасці. Пасля 10 гадоў вайны. «Іскандэр» побач са мной. Мая татуіроўка на правай руцэ, дзе я намалявала валошкі, пераплеценыя з каласком, не выпадкова ў колерах украінскага прапара», – напісала яна.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўдар па гасцініцы нанесены расійскай балістычнай ракетай «Іскандэр‑М», дальнасць палёту якой скаладае каля 500 кіламетраў.