Расейскі журналіст атрымаў палітычны прытулак ва Ўкраіне
У 2012 годзе суд прысудзіў журналіста Дзьмітрыя Шыпілава да 11 месяцаў папраўчых работ за публікацыі ў блогу, якія былі прызнаныя зьневажальнымі ў дачыненьні да губэрнатара Амана Тулеева.
Расейскаму журналісту і блогеру Дзьмітрыю Шыпілаву дадзены статус палітычнага ўцекача ва Ўкраіне. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
«Дзесяцімесячная эпапэя нарэшце скончылася, усім дзякуй», — напісаў расеец пад фатаграфіяй выдадзенага яму пасьведчаньня ўцекача.
Прашэньне аб атрыманьні палітычнага прытулку Шыпілаў падаў 25 лютага 2015 году на адным з памежных пунктаў паміж Украінай і Беларусьсю, аднак атрымаў адмову. Толькі праз суткі, пасьля паручальніцтва ягоных украінскіх сяброў, Шыпілава ўпусьцілі на тэрыторыю Ўкраіны.
Дзьмітры Шыпілаў родам з Кемерава. У 2012 годзе суд прысудзіў яго да 11 месяцаў папраўчых работ за публікацыі ў сваім блогу, якія былі прызнаныя зьневажальнымі ў дачыненьні да губэрнатара Кемераўскай вобласьці Амана Тулеева і начальніка абласнога дэпартамэнта культуры і нацыянальнай палітыкі Ларысы Зауэрвайн. Журналіст віну не прызнаў і зьехаў у Маскву. 10 верасьня 2014 году ён быў затрыманы ў Падмаскоўі. Па выпадковым супадзеньні ці не, у гэты дзень у «Новым Кузбасе» было апублікавана інтэрвію Шыпілава з арганізатарам «Маршу за фэдэралізацыю Сібіры», мастаком Арцёмам Ласкутовым. Раней супраць Дзьмітрыя Шыпілава была ўзбуджаная яшчэ адна крымінальная справа аб абразах, нібыта нанесеных Аману Тулееву.
У сувязі з тым, што Шыпілаў ухіліўся ад папраўчых работ, кемераўскі суд зьмяніў яму пакараньне на тры месяцы пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні, і пасьля затрыманьня ў Падмаскоўі журналіста этапавалі ў Кемерава. Ён выйшаў на волю 29 сьнежня, цалкам адбыўшы тэрмін пакараньня. У лютым 2015 году Шыпілаў зьехаў з Расеі.