Расійскія СМІ абураныя: Эстонія анулявала акрэдытацыю беларускаму журналісту Герману Напольскаму, які прадстаўляе неіснуючую газету
Расійскія СМІ загаварылі пра «чарговы наступ на свабоду слова» ў балтыйскіх краінах. Прычынай іх актыўнасці стала адмова ў акрэдытацыі беларускаму журналісту Герману Напольскаму на канферэнцыі Ленарта Мэры ў Таліне.
Каментуючы выпадак, кіраўніца эстонскага аддзелення расійскай прапагандысцкай карпарацыі «Спутнік» Алена Чэрышава заявіла пра слабы ўзровень дэмакратыі і праблемы са свабодай слова ў Эстоніі.
Хто такі Напольскі і каго ён прадстаўляе? На мерапрыемствах гэты чалавек рэгіструецца як журналіст расійскай газеты «Еўразійская праўда». Праўда, выдання з такой назвай не існуе — яно не мае рэгістрацыі, яго немагчыма купіць у кіёсках, на яго немагчыма падпісацца па пошце.
Адзіная актыўнасць «Еўразійскай праўды» — гэта якраз-такі ўдзел Германа Напольскага ў мерапрыемствах любога кшталту. Ён шмат гадоў прымае ўдзел ва ўсіх прэс-канферэнцыях усіх ведамстваў Беларусі, некалькі разоў нават трапляў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.