• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар “Информ-прогулки” Андрэй Вышынскі: Наш дэвіз — максімум карыснай інфармацыі

    24 гады працы: выходзіць 1000-ны нумар газеты “Информ-прогулка”. Напярэдадні юбілею галоўны рэдактар выдання падзяліўся з Беларускай асацыяцыяй журналістаў сакрэтам таго, як атрымалася за столькі гадоў быць паспяховым на рэгіянальным медыярынку.

    — Штотыднёвая масава-палітычная газета “Информ-прогулка” пачала выходзіць у Лунінцы ў сакавіку 1994 года. Пачыналі з накладам у 1000 асобнікаў. За час працы былі наклад і ў восем- дзевяць тысяч. Цяпер наклад 5 500 –6 000. Галоўныя тэмы, якія цікавяць нашага чытача, гэта мясцовае жыццё, сацыяльна-эканамічнае становішча, рэгіянальныя падзеі, жыццё людзей, палітыка беларуская і замежная, экалогія, — гаворыць Андрэй Вышынскі.

    Сярэднестатыстычны чытач выдання — чалавек узростам каля 40 год з сярэдняй альбо сярэдне-спецыяльнай адукацыяй. Але ў інтэрнэце сайт “Информ-прогулки” пераважна чытае моладзь ва ўзросце 18–24 гады.

    Асноўны наклад газеты прадаецца ўраздроб, падпіска складае каля 1 500 асобнікаў.

    Вядома, хацелі б, каб 100 % накладу распаўсюджвалася праз падпіску. Але цяпер небагатыя часы, і выпісаць выданне на месяц, тры месяцы ці на палову года не кожны можа. Да таго ж, пошта дадае да кошту газеты свае паслугі, і атрымліваецца, што ў рознічным продажы яна танней.

    На жаль, у свой час нас павыкідалі з крамаў спажывецкай кааперацыі, таму ў сельскай мясцовасці газету прадаюць толькі паштовыя аддзяленні. А раней у кожнай вясковай краме можна было купіць наша выданне. Цяпер там толькі дзяржаўная раёнка “Лунінецкія навіны”, рэдактарам якой я калісьці быў. Займацца ўласнай справай пачаў у 1994 годзе.

    Жыхары раёна давяраюць нашаму выданню: мы і апытанні праводзім, і сходы ладзім у калектывах, і ў школах вучнёўскія сустрэчы праводзім — стала сочым за настроем і даверам чытача.

    У “Информ-прогулки», вядома, былі і пэўныя складанасці ў стасунках з уладамі. Яшчэ нядаўна мы першымі друкавалі інфармацыю пра тое, хто ў раёне нарадзіўся, хто жаніўся, хто памёр — гэта цікава мясцовым жыхарам. Потым нам забаранілі даваць такую інфармацыю.

    Нядаўна напісаў ліст начальніку Лунінецкай міліцыі з просьбай, каб яны давалі газеце аператыўную міліцэйскую інфармацыю. Нам пайшлі насустрач, і цяпер атрымліваем такую інфармацыю.

    А быў час, калі чыноўнік, адказны за ідэалогію ў раёне, нават звярнуўся ў пракуратуру з прэтэнзіяй, што мы вядзем “выразную антыдзяржаўную палітыку”. Пры Сталіне пасля такога нас бы ўжо расстралялі ці саслалі ў Сібір, — смяецца Вышынскі. — Добра, што ў пракуратуры былі разумныя людзі. Я напісаў тлумачэнне, а чыноўніка пракуратура папрасіла дакладна паведаміць, дзе і ў якім месцы ёсць “антыдзяржаўная палітыка”.

    — Многія СМІ сёння гавораць пра сур’ёзнае зніжэнне накладаў. У рэгіянальнай прэсы такая праблема таксама існуе ці чытач застаецца адданым друкаванай газеце?

    — Я б не сказаў, што наклады неяк рэзка падаюць. На рэгіянальным узроўні зрабіць выданне выключна ў інтэрнэце вельмі цяжка. Прывяду прыклад: адзін мой сябра-прадпрымальнік ездзіць па вёсках, прадае прадукты, крупы ўсялякія і падобныя тавары. Прапаную яму: “Давай дадзім рэкламу на сайт”. А ён у адказ: “Ды што мне твой сайт? Хіба бабка на сайт пойдзе? Ёй газета прыйдзе, яна прачытае: такі вось прадае тое, тое і тое”.

    — Калі спытаць, чым адрозніваюцца паміж сабой “Лунінецкія навіны” і “Информ-прогулка”, як бы вы адказалі адным сказам?

    — Наш дэвіз: “Максімум карыснай інфармацыі”. Мы стараемся асвятляць жыццё рэгіёна з усіх бакоў: і карыснае, і дрэннае, і пазнавальнае, і выхаваўчае. На адной сустрэчы з рэдактарамі рэгіянальнай прэсы акурат размаўлялі пра тое, што мясцовыя выданні становяцца сапраўднай выспай карыснай, блізкай да чытача інфармацыі, якую не знойдзеш ні ў абласной, ні ў рэспубліканскай прэсе. Можна з упэўненасцю казаць, што мясцовая прэса па-ранейшаму запатрабаваная.

    Як Вы шукаеце карэспандэнтаў і тэмы для выдання?

    — У нас цяпер ёсць прафесійныя журналісты, плюс пазаштатныя аўтары. У свой час працавалі Школы маладога журналіста. І некаторыя вяртаюцца да нас пасля вучобы ў Мінску, бо ў сталіцы дорага жыць, калі не зарабляеш вялікія грошы, дык вяртаюцца да бацькоў, просяцца на працу.

    Вельмі шмат тэмаў прапаноўваюць самі чытачы: тэлефануюць і пішуць у рэдакцыю пра розныя праблемы. Напрыклад, узімку тэлефанавала бабуля з вёскі. Яна жыла адна і ў не самых лепшых умовах: зіма, холад, дроў няма, дзіравая хата. Да яе паехаў журналіст, усё пацвердзілася. Потым завітаў у сельсавет, дзе паведаміў пра стан спраў, а старшыня і кажа: “Хто вы такі? Пакуль мне зверху не скажуць, нічога рабіць не буду”.

    Надрукавалі аргументаваны артыкул пра гэтую сітуацыю. Адразу ж прыехалі выратавальнікі, медыкі, забралі бабулю ў шпіталь, потым у сацыяльны прытулак яе ўладкавалі. Толькі выйшла публікацыя — адразу ўсё зрабілі. Такіх выпадкаў нямала.

    Таксама ёсць “Клуб чытача” нашай газеты: выдаем падпісчыкам спецыяльныя карткі. Напрыклад, чытач падпісваецца на газету на тры месяцы і атрымлівае такую картку. Ёсць дамова з некаторымі прадпрымальнікамі, камерцыйнымі структурамі, якія даюць нашым чытачам зніжку пры наяўнасці гэтай карткі.

    Рэгулярна  ладзім прэс-клубы ў рэдакцыі, сумесныя мерапрыемствы з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Арганізуем сустрэчы ў школах: размаўляем пра гісторыю, праблемы моладзі, прафесійны выбар маладых людзей.

    Ёсць і футбольны турнір памяці былога нашага спартыўнага аглядальніка Віктара Філатава. На гэты год плануем такія актыўнасці: “Вераснёўскія сустрэчы ў школах”, конкурсы “Фотагісторыя маёй сям’і”,  “Прыгажосць рукамі чытача” — упарадкаванне сядзіб, рамёствы, побыт і гэтак далей, “Кулінарыя: шэдэўры чытачоў”  і іншыя. Людзі актыўна адгукаюцца на такія акцыі, у сацыяльных сетках дасылаюць свае здымкі. І мы ўдзячныя ім за актыўнасць і водгук!

     ***

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» віншуе калектыў газеты «Информ-прогулка» з выхадам 1000-га нумару выдання. Мы ганарымся кожным, хто меў і мае дачыненне да вашага паспяховага рэгіянальнага выдання! Жадаем «Информ-прогулке» адданых чытачоў, гарачых тэмаў і пазітыўных навінаў!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці