Рэдактар «Нашай Нівы»: пра новую сяброўку Матолькі, рэкламную палітыку і аплату працы журналістаў
Як утрымліваць пазіцыю трэцяга па папулярнасці навіннага партала краіны і зарабляць на беларускамоўным кантэнце, расказаў галоўны рэдактар “Нашай нівы” Ягор Марціновіч падчас сустрэчы ў Маладзечне.
Чаму новая сяброўка Матолькі – гэта важна
Для “НН” найважнейшыя дзве місіі: каб як мага больш людзей прачыталі навіны пра Беларусь па-беларуску і трымацца незалежнай журналістыкі.
Для гэтага сярод іншага выданне замест раскручвання зорак расійскага шоу-бізнеса вырошчвае сваіх. Марціновіч прызнае, што часам навіны тыпу “новая сяброўка Матолькі” выглядаюць трагікамічна, але гэта адзіны шлях вырвацца з расійскай інфармацыйнай прасторы.
“НН” жаўцее і мала піша пра апазіцыю?
“Наша ніва” асэнсавана робіцца больш масавай. Для гэтага было неабходна адарвацца ад іміджу “апазіцыйнага СМІ”. На гэтым шляху нямала неадназначных рашэнняў. Напрыклад, у рэдакцыі былі дыскусіі, ці акцэнтаваць увагу, што адзін з удзельнікаў перфомансу ў Асвенціме — Адам Бяляцкі, ён жа “з нашых”. Але любы журналіст атрымае асалоду пісаць матэрыял на такую розгаласную тэму.
З іншага боку, калі калегі просяць апублікаваць чарговую рэзалюцыю, “НН” не пагаджаецца ставіць іх раз за разам. Навошта публікаваць тое, што не чытае ніхто? Калі тая ці іншая дзейнасць нецікавая чытачу, не варта яе асвятляць. СМІ неабходна рухацца ў бок аўдыторыі, а не навязваць свае інтарэсы ці патрэбы.
Для гэтага рэдакцыя перабудавала сістэму аплаты працы. Штомесяц рэдактар пралічвае папулярнасць тэкстаў, што апублікаваў журналіст. Аплата працы наўпрост залежыць ад таго, якую аўдыторыю ён сабраў.
Падыход “НН” да выбару тэм строгі і цынічны. Распрацаваныя крытэрыі, што вызначаюць, ці трапіць тэкст на сайт:
- эмацыйны ўплыў на аўдыторыю
- грамадская значнасць
- карыснасць для чытача.
Шэраг навін пра Ганну Смілевіч чытаецца выдатна, яе твар купляе аўдыторыя, чаму ж не ставіць пра яе матэрыялы? Гэта нашаніўская Дыяна Шурыгіна, якая дае сайту наведвальнасць.
Цёркі і поспехі з рэкламай
Ужо год, як “НН” прыняла іншы падыход да продажаў. Раней працаваў адзін чалавек, што абслугоўваў кліентаў, якія самі прыходзілі. Цяпер жа працуе 3,5 чалавекі, якія камерцыялізуюць аўдыторныя здабыткі рэдакцыі.
Часам рэкламісты спрабуюць паўплываць на тое, каб пра патэнцыйных кліентаў не з’яўляліся негатыўныя тэксты. Аднак іх атрымалася ўпэўніць, што такі падыход шкодзіць і кліенту, і выданню. Бо пасля такога аўдыторыя сыходзіць.
Верагодна, рускамоўная версія “НН” была б яшчэ больш папулярнай, але рэдакцыя штучна гэта стрымлівае. І развіваецца ў бок якасці: 5 старонак і 15 хвілін за сеанс — гэта выдатны вынік у байнэце. У многім дасягнуць яго дапамагае каментаванне. Людзі глядзяць, ці прапусцілі іх камент, пасля чытаюць адказ на яго, пішуць апаненту, а сайт збірае «ўраджай» трафіку.
“НН” падабаюцца буйныя рэкламныя праекты. Прасцей дамовіцца з адным кліентам і стварыць праект на 10 000 рублёў, чым працаваць з дзесяццю, што заплацяць па 1 000.
Яшчэ адзін сур’ёзны крок да рэкламадаўцаў — стварэнне праекта “Наша Ніна”. Меркавалася, што ён стане ўтульным сайтам для жанчын, які не будзе пужаць кліентаў празмернай палітызацыяй.
Праўда, пакуль “Ніну”, як і “Ніву”, пераважна чытаюць мужчыны.
За год рэдакцыя праклала шлях не толькі да масавага чытача, але і да рэкламадаўцы.