• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Рэпартэры бяз межаў» асудзілі перасьлед Радыё Свабода і «варварскія мэтады», якія ўжываюць беларускія ўлады

    Неадкладна вызваліць карэспандэнта "Радыё Свабода" Алега Грузьдзіловіча запатрабавала міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бяз межаў».

    «Наколькі далёка зойдуць беларускія ўлады ў перасьледзе журналістаў? Арыштаванаму ў Менску журналісту беларускай службы радыё „Свабода“ Алегу Грузьдзіловічу, у дом якога ўварваліся людзі ў масках, пагражае да чатырох гадоў турмы. Грузьдзіловіча абвінавачваюць у „экстрэмізьме“, а „Свабода“ абвешчаная Міністэрствам унутраных справаў экстрэмісцкім фармаваньнем», — адзначаецца ў паведамленьні арганізацыі.

    «Рэпартэры бяз межаў» патрабуюць неадкладнага вызваленьня журналіста і асуджаюць «варварскія мэтады, якія выкарыстоўваюцца ўладамі, і перасьлед гэтага СМІ».

    Пасьля затрыманьня Груздзіловіча сьледчы паведаміў жонцы журналіста, што таго перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, ён праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, абрана мера стрыманьня ў выглядзе арышту.

    Перасьлед журналістаў Свабоды

    25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста «Радыё Свабода» Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.

    14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.

    «За ўвесь судовы працэс сваё прозьвішча я пачуў адзін раз». Ігар Лосік выказаўся пра свой вырак

    Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў «Радыё Свабода», як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс «Радыё Свабода», вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

    Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

    25 лістапада затрымалі фрылансэра «Радыё Свабода» Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.

    Андрэй Кузнечык: Мае прычыны заставацца ў Беларусі

    16 ліпеня ў менскім офісе і ў супрацоўнікаў «Радыё Свабода» прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя журналісты Грузьдзіловіч, Алесь Дашчыснкі і Інэса Студзінская. Праз 10 дзён іх вызвалілі. Іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

     

    3 сьнежня суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў матэрыялы сацсетак і тэлеграм-канала «Радыё Свабода» экстрэмісцкімі. Гэта адбылося на наступны дзень пасьля таго, як ЗША пашырылі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і фізычных асоб. 23 сьнежня МУС Беларусі прылічыла Радыё Свабода да «экстрэмісцкіх фармаваньняў».

    На 26 сьнежня ў няволі знаходзяцца 32 беларускія журналісты.

    Алега Грузьдзіловіча зьняволілі ў СІЗА, але допытаў не прызначылі АБНОЎЛЕНА

    Вынікі года. Пра што гаварылі падчас журналісцкага Zoom: Працэсы спыніць немагчыма, і гэта дае надзею

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці