• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэспубліканская экспэртная камісія назвала Tut.by «схаваным каардынатарам» пратэстаў

     

    24 чэрвеня ў Менску пачнецца суд у справе прызнаньня прадукцыі Tut.by на партале і ў сацсетках экстрэмісцкай.

    Стала вядома, якое заключэньне дала рэспубліканская камісія адносна матэрыялаў рэдакцыі. Высновы камісіі леглі ў аснову пазову МУС супраць сайту, піша Tut.by.

    Рэспубліканская экспэртная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасьці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму 12 траўня прадставіла ў МУС сваё заключэньне № 234.

    Экспэрты: прафэсар катэдры прававой інфарматыкі Акадэміі МУС Аляксандар Іваноўскі і Тацяна Лапуніна — начальнік аддзелу маўленчых і эканамічных дасьледаваньняў Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз.

    У дакумэнтах пазначана, што на экспэртызу паступілі 498 матэрыялаў: 39 публікацый на партале, 97 матэрыялаў зь відэа і больш за 350 скрыншотаў допісаў з Telegram-каналаў Tut.by. Таксама згаданыя тры матэрыялы іншых СМІ, якія сайт перадрукаваў.

    Асноўныя тэзісы экспэртызы:

    • службовыя асобы краіны характарызуюцца нэгатыўна. Нібыта ў публікацыях ідзе адмоўная ацэнка Аляксандра Лукашэнкі, Натальлі Качанавай, Натальлі Эйсмант і іншых. Дзеяньні іх праціўнікаў, на думку Іваноўскага і Лапунінай, Tut.by ацэньвае выключна станоўча;

    • партал зьяўляецца схаваным каардынатарам пратэстна настроенай часткі грамадзтва;

    • дзеяньні Tut.by па інфармацыйным забесьпячэньні пратэстаў, стварэньню магчымасьці выступаць з дэструктыўнымі заклікамі наносяць шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі;

    • у матэрыялах ёсьць ускосныя заклікі да пратэстаў, напрыклад, да такіх заклікаў прылічылі загаловак матэрыялу «Ціханоўская разьлічвае на сыход Лукашэнкі ўвесну»;

    • шматразовым паўтарэньнем лёзунгу «Я/Мы з вамі» выяўляецца ідэя кансалідацыі ўсіх слаёў грамадзтва вакол пратэстаў, накіраваных «на страйк асноўных бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў Беларусі»;

    • у тэкстах ёсьць маўленчыя стратэгіі і тактыкі дыскрэдытацыі, тут прыводзяцца цытаты Сьвятланы Ціханоўскай і Марыі Калесьнікавай адносна становішча ў краіне. Выказваньні нібыта аказвалі ўзьдзеяньне на чытачоў.

    Суд у справе прызнаньня матэрыялаў Tut.by экстрэмісцкімі прызначаны на 24 чэрвеня. Матэрыялы будзе разглядаць суд Цэнтральнага раёну Менску.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці