• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нараджаць дзяцей, натхняць мужа і абараняць традыцыйныя каштоўнасці» — даследаванне аб ролі жанчыны вачыма дзяржаўных СМІ

    Тое, як пра жанчын гавораць і пішуць у СМІ, адлюстроўвае гендарныя ролі і стэрэатыпы, якія ўкараніліся ў культуры і палітыцы краіны. Фемінітывы, якія падкрэсліваюць ролю жанчыны, па-ранейшаму лічацца чымсьці маргінальным і недарэчным; эксперткам, калі і даюць слова, то ў асноўным у галіне адукацыі і культуры; а колькасць эфірнага часу, які адводзіцца жанчынам, мізэрная нават у ліберальных медыя.

    Група беларускіх актывістак і актывістаў вывучыла*, што транслююць дзяржаўныя СМІ Беларусі аб ролі жанчыны ў грамадстве. У гэтым артыкуле мы падрабязна разгледзім вынікі гэтага даследавання і падумаем, як можна супрацьстаяць сэксізму ў медыя і змяніць сітуацыю да лепшага.

    * Даследчая група прагледзела 20,5 тысячы публікацый у Тэлеграме, 
    на сайтах медыя і ў Ютубе — збольшага былі вывучаныя выпускі праграм, 
    знятых для ТБ.

    Асноўныя наратывы аб ролі жанчыны звязаныя з мацярынствам, хатнім агменем і эмацыйным абслугоўваннем мужчыны

    «Жанчыны, перш за ўсё, паказваюцца як захавальніцы хатняга агменю, якія вядуць хатнюю гаспадарку, выхоўваюць дзяцей і аказваюць эмацыйную падтрымку сям’і. Мацярынства падкрэсліваецца як вышэйшае пакліканне жанчыны, і мяркуецца, што яе асноўнае прызначэнне — нараджэнне і выхаванне дзяцей», — адзначаюць даследні_цы. 

    У дадатак да гэтага жанчыны паказваюцца залежнымі ад сваіх эмоцый, залежнымі ад мужчын і створанымі для ўпрыгожвання гэтага свету. Часта выкарыстоўваецца выраз «слабы пол», які ўжо стаў мемам. 

    Нягледзячы на ​​тое, што дзяржава робіць акцэнт менавіта на рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны, выразна прасочваецца і ідэя пра «баланс» паміж сям’ёй і працай. Дзяржава і СМІ транслююць, што чакаюць ад жанчын выканання патройнай змены*, на якую жанчына і так выдаткоўвае ў сярэднім 25 гадзін на тыдзень. Патрабаванне быць паспяховай усюды тлумачыцца развітай дзяржаўнай падтрымкай у Беларусі.

    * Патройная змена — гэта канцэпцыя, якая апісвае патройны цяжар абавязкаў, што часта кладзецца на жанчыну: работа з аплатай, хатнія працы, якія не аплачваюцца, і эмацыйная праца (выхаванне дзяцей, падтрыманне эмацыйнага дабрабыту сям’і, клопат пра пажылых сваякоў).

    Інсайты даследавання

    Жанчына павінна не проста выхоўваць дзяцей, а выхоўваць іх патрыётамі

    Паколькі жанчына лічыцца галоўнай фігурай у выхаванні дзяцей (як маці, выхавальніца або настаўніца), то на яе накладаецца яшчэ адзін абавязак — умацоўваць дзяржаўны парадак, трансляваць традыцыйныя каштоўнасці, патрыятызм і павагу да дзяржавы.

    Больш за палову сэксісцкіх выказванняў належыць жанчынам

    Так, са 149 зафіксаваных у даследаванні выказванняў, якія змяшчаюць гендарныя стэрэатыпы, 79 — належаць жанчынам. Але важна разумець, што не заўсёды можна прасачыць сапраўдных аўтар_ак гэтых выразаў і нельга ведаць напэўна, ці згодныя спікеркі з тым, што зачытваюць у эфіры. Аднак тое, што жанчыны ў дзяржаўных СМІ як мінімум удзельнічаюць у распаўсюджванні сэксісцкіх поглядаў, — факт.

    Гэтая статыстыка сведчыць пра інтэрналізацыю сэксізму — людзі так часта чуюць нейкія сцверджанні ў грамадстве, што ў рэшце рэшт прысвойваюць іх сабе і лічаць іх сваім уласным меркаваннем. Калі ў грамадстве актыўна транслюецца, што галоўная мэта жанчыны — гэта дзеці, касметыка і служэнне мужу, то і самі жанчыны, вядома, таксама ў гэта павераць і будуць трансляваць такія ж сцверджанні.

    «Прыгажосць, дзеці, жаноцкасць — гэта ж добра. Чаму такія наратывы шкодныя?»

    Часам мы настолькі звыкаем да сэксісцкіх выказванняў вакол, што перастаем пра іх задумляцца і ўспрымаць іх крытычна. Аднак гэта не азначае, што стэрэатыпы перастаюць уплываць на нас. Вось некаторыя праблемы, якія ствараюцца падобнымі наратывамі.

    Перагружаюць жанчын

    Ад жанчыны патрабуецца паспяваць усё: і дзецьмі займацца, і агмень захоўваць, і быць канвенцыйна прыгожай, і кар’еру будаваць, і мужа натхняць.

    Нам, дзяўчынкам, трэба настолькі ўмець размяркоўваць свой час, каб сучаснай жанчыне хапала і на дасягненне вынікаў, і, вядома ж, на час для сям’і, для дзяцей. Бо што нашыя вынікі, калі ўрокі няма як зрабіць з дзіцем? Памнажаюцца на нуль – цытата з дзяржаўных СМІ.

    Мультфільм «24 часа» расказвае гісторыю гераіні, якая спрабуе ўціснуць усе справы ў адны суткі, і паказвае, наколькі вялікую ролю ў нашых жыццях іграе нябачная і неаплатная праца.

    Ствараюць «шкляную столь» у кар’еры і замацоўваюць розніцу праз аплату працы

    Стэрэатыпы пра жанчын як менш здольных лідаркак, больш эмацыйных або арыентаваных на сям’ю ствараюць «шкляную столь» у кар’еры. Дадамо да гэтага штраф за мацярынства* — у выніку жанчыны часта застаюцца на ніжэйшых узроўнях карпаратыўнай іерархіі і радзей дасягаюць высокіх заробкаў і бонусаў на кіраўнічых пазіцыях.

    * Штраф за мацярынства — негатыўны ўплыў, які мацярынства можа аказаць на рэалізацыю жанчыны. Выяўляецца праз зніжэнне заробку, абмежаванне кар’ерных магчымасцяў, дыскрымінацыю пры найманні на працу і меншыя пенсійныя выплаты. Працадаўцы могуць успрымаць маці як менш адданых працы, што вядзе да запаволення кар’ернага росту і фінансавых стратаў.

    У Беларусі дагэтуль існуе спіс забароненых для жанчын прафесій, які аргументуецца клопатам аб рэпрадуктыўнай функцыі жанчыны — што зразумела, бо дзяржаве важна, каб жанчына нараджала, а не «канкуравала» з мужчынамі і займалася тым, чым ёй хочацца.

    Бліжэй да жаночага пачатку — педагог, а найярчэй душа жанчыны праяўляецца ў медыцыне, але на пачатку ўсяго — мацярынства

     – цытата з дзяржаўных СМІ

    Падтрымліваюць дыскрымінацыю небінарных і квір-людзей

    Наратывы, дзе гендарныя ролі цвёрда замацаваныя і падзеленыя на бінарнае мужчынскае і жаночае, шкодзяць не толькі цыс-жанчынам. Падобны светапогляд не пакідае ніякай прасторы для існавання іншасці, а значыць, таксама ўдарае па людзях, якія выходзяць за межы нормы.

    Калі сацыяльная сістэма выбудаваная паводле строгага падзелу на гендарныя ролі, людзі, якія не ўпісваюцца ў гэтую сістэму, робяцца найбольш уразлівымі. Такія персоны сутыкаюцца з варожасцю, грэбаваннем іх патрэбамі і сацыяльным адчужэннем.

    Што з гэтым рабіць

    Аўтар_кі даследавання сабралі некалькі парадаў аб тым, як мы можам уплываць на нераспаўсюджанне сэксізму ў СМІ. Асабліва гэтыя рэкамендацыі будуць карысныя для тых, хто працуе ў галіне камунікацыі: журналіст_кам, актывіст_кам, блогер_кам, эксперт_кам.

    Рэагаваць на гендарную дэзынфармацыю

    Важна не ігнараваць сэксізм у СМІ, а публічна выказвацца супраць такіх заяваў. Гэта дапаможа і людзям, якія яшчэ не зусім разабраліся ў тэме, і групам, што дыскрымінуюцца, для якіх вашае выказванне стане жэстам падтрымкі і салідарнасці.

    Паказваць розны жаночы досвед і даваць пляцоўку жаночым галасам

    Дзяржаўныя СМІ фарміруюць вузкі сэксісцкі вобраз жанчыны, у якім цяжка знайсці сябе. Рэпрэзентацыя рознага досведу дае магчымасць жанчынам адчуць сябе ўбачанымі і прынятымі. Таму важна паказваць розныя ролевыя мадэлі, а таксама падтрымліваць медыйныя праекты, створаныя жанчынамі для іншых жанчын.

    Дбаць пра бяспеку

    На жаль, у Беларусі мы вымушаныя думаць пра рызыку пераследу і пра пагрозы, якія могуць адбыцца пасля выказванняў «супраць традыцыйных каштоўнасцяў». Не цісніце на патэнцыйных спікер_ак. Давайце людзям магчымасць зрабіць выбар і падкажыце шляхі мінімізацыі рызыкі. Напрыклад, прагаварыце магчымасць ананімнасці выказвання і паклапаціцеся пра інфармацыйную бяспеку.

    Для эфектыўнага супрацьдзеяння гендарнай дэзынфармацыі важна не толькі тлумачыць, што не так з састарэлымі стэрэатыпамі, але і падтрымліваць разнастайнасць галасоў у медыя. Даючы кожнай больш магчымасцяў бяспечна выказваць сваё меркаванне, мы можам наблізіцца да грамадства, дзе правы людзей выконваюцца незалежна ад гендару і дзе «нараджаць дзяцей, натхняць мужа і абараняць традыцыйныя каштоўнасці» — гэта далёка не адзінае, чым можа займацца жанчына.

    Артыкул створаны ў рамках праекта «Togeth­er 4 val­ues ​​— JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці