• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Руслан Кулевіч прэзентаваў кнігу пра Гродна 30–40‑х гадоў ХХ стагоддзя

    Гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Руслан Кулевіч 16 студзеня прэзентаваў шырокай публіцы сваю кнігу “Горад адзін, успаміны розныя”. Гэта зборнік успамінаў жыхароў Гродна, дзяцінства і маладосць якіх, прыйшліся на 30-40-я гады ХХ стагоддзя. Кніга ілюстраваная фотаздымкамі з прыватных архіваў гродзенцаў.

    Сустрэча ў Цэнтры гарадскога жыцця сабрала каля сотні гродзенцаў рознага ўзросту, сярод іх былі суаўтары і героі кнігі – старажылы Гродна.

    “Не ўсіх герояў удалось прывесці на сустрэчу, – шкадуе складальнік кнігі Руслан Кулевіч. – Жыццёвы фактар – некаторым з іх ужо 92–93 гады. Але кожнаму з іх кніга была завезеная ў якасці падарунка. Усё, што я планаваў адносна гэтай кнігі, атрымалася: зрабіў выдатную рэкламную кампанію, увесь працэс стварэння кнігі ад пачатку збору дадзеных фіксаваў, таксама запісваў успаміны”.

    Аляксей Шота, рэдактар сайта Hrodna.life ўзгадвае, што, калі больш за год таму на сайце з’явіліся першыя публікацыі, ніхто не думаў, што з гэтага можа паўстаць кніга.

    “Потым мы зразумелі, што цыкл выдатны, а матэрыялы журналісцкія, на жаль, жывуць дзень, часам троху больш. Кніга ж – гэта тое, што застанецца ў вечнасці.  Руслан прапанаваў, мы падтрымалі. Гэта для нас прэстыжна і важна. У рэдакцыі многія цікавіцца гісторыяй Гродна, мы пішам шмат матэрыялаў на гістарычную тэматыку, і выдаць такую кнігу было лагічна, – падкрэсліў Аляксей Шота. – Дакладна магу сказаць, што яна не апошняя. Сёлета мы рыхтуем кнігу ўспамінаў пра 90‑я гады ХХ стагоддзя. Таксама хачу, каб мы выдалі кнігу пра даваенны футбол ў Гродне. Руслан нарыхтаваў матэрыялаў на гэтую тэму, яны друкаваліся на “Тваім Стылі”, іх трэба падняць і апрацаваць”.

    Паводле рэдактара Hrodna.life, гэта яшчэ і адзін са спосабаў як фінансаваць рэдакцыю. Адной журналістыкай і рэкламай цяжка зарабіць, калі арганізоўваць нейкія івенты, выдаваць кнігі – гэта заўсёды дадатковыя сродкі, – адзначае спадар Шота.

    Кніга “Горад адзін, успаміны розныя” выйшла накладам 250 асобнікаў. Яе атрымалася надрукаваць дзякуючы агульнай краўдфандынгавай кампаніі гродзенцаў і аматараў гісторыі горада на платформе ulej.by.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці