• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Самым цяжкім сёння здаецца год без фізічнага кантакту»: сям’я палітзняволенага Скурко адзначае дзесяцігоддзе са дня шлюбу

    Жонка нашаніўца Андрэя Скурко Паўліна ў сваім фэйсбуку шчымліва распавяла, як іх сям'я адзначае дзесяцігоддзе са дня шлюбу, нягледзячы на абставіны

    У нас з Андрэем першае дзесяцігоддзе шлюбу. Дамовіліся пачаць сінхроннае святкаванне аб 11‑й, у час роспісу.

    Летась у гэты дзень і час яму нарэшце (пасля 13 дзён на Акрэсціна) прад’явілі абвінавачанне ў сплаце камуналкі па няправільных тарыфах.

    Цікава будзе паслухаць з першых вуснаў, як гэта адбывалася. Па аповедах сукамернікаў, Андрэй тады ад тэмпературы і кашлю ледзь хадзіў і сядзеў. Назаўтра яго перавялі на Валадарку (о, як я тады цешылася, што магу перадаць перадачу! І дагэтуль удзячная медчастцы, што яму далі ложак, матрац і падушку, што ён змог адляжацца, што яго адкачалі). І пачаўся наш марафон.

    На гэтай фотцы ён катае мяне на лодцы — вязе ў зарасці камышу глядзець ныркоў. Я на другім месяцы цяжарнасці, мяне ўвесь час падташнівае, і вось Андрэй штовечар прыдумляе нам пасля працы ўсякія радасці і адвлячэнні. У той дзень, помню, апісваю я ў бібліятэцы Евангелле 17 стагоддзя, а Андрэй піша, маўляў, прыдумаў нам прыгоду на вечар. І я радасная купляю па дарозе запакаваныя бутэрброды ў Белсаюздруку (гэтакія ж, як у Вільні на вакзале, такая ў мяне прыемная асацыяцыя). Адчыняем у машыне вокны, каб я перажыла паездку, і выпраўляемся.

    Сёння чытала нашы перапіскі мінулых гадоў. З тыднёвай канферэнцыі ў Ольштын пішу, як сумую. Ён піша, як сумуе. А прайшло два дні. Як мы перажылі гэты год і два тыдні?..

    Самым цяжкім сёння здаецца год без фізічнага кантакту. Калі Андрэя забіралі з дому год таму, мы пацалаваліся, і я не магла ўявіць, што наступны год я нават не змагу да яго дакрануцца. Я не магу сфармуляваць, чаму гэта так важна, але без дотыкаў вельмі цяжка. Усе сустрэчы за гэты год былі праз шкло.

    Адзіны раз, калі між намі было не шкло, а паветра — суд. Праходзячы міма клеткі, я ўсміхалася, пасылала паветраныя пацалункі, гаварыла словы любові. Цяпер думаю: чаму не прасунула руку, чаму не дакранулася!.. Гэта нельга рабіць, але прыкра, што мне нават не прыйшло гэта ў галаву! Мой апошні дотык да мужа — 8 ліпеня 2021 года. Ды і тады — свядомасць не дапускала, што расстанне можа так зацягнуцца. Было горача, Андрэй быў увесь мокры, я прынесла са спальні майку пераапрануцца. Канечне, каб мы ведалі, што наперадзе, стаялі б у абдымку ўвесь час, пакуль джэнтэльмены афармлялі вынікі свайго візіту.

    Сумую па дотыках і сумую па адчуванні шчасця, калі мы разам і калі разам з усяго смяёмся. Але менавіта ўспамін пра гэта адчуванне і дае пакуль сілы перажываць гэтыя пякельныя выпрабаванні, гэта расстанне.

    Што пісаць пра Андрэя. Я ўжо пісала: я страшэнна шчаслівы чалавек, і трыццаць гадоў свайго жыцця жыву ў гэтым шчасці бесперарыўна. У гэтым заслуга бацькоў і апошнія дзесяць гадоў — Андрэя.

    Андрэй фантастычны. Калі б ён не быў маім мужам, я б хацела і шукала такога. Нядаўна падумала, што баюся і не хачу паміраць не таму, што баюся смерці, а таму, што не хачу каб гэта наша вясёлае шчасце некалі канчалася.

    Замест дотыкаў у нас лісты, фота і ўспаміны. Андрэй сёння, напэўна, глядзіць на мяне такую, вясновую, на фотцы з нашым абрыкосікам, які сёлета ўпершыню цьвіў.

    Чытайце яшчэ: 

    «Андрей за решеткой, а его стихи – на свободе». Способ не поддаться унынию от нашенивца Скурко

    «Ягор Марціновіч быў сцяной, за якой мы ўсе хаваліся». Як працаваць, калі твае калегі ў закладніках

    Журналіст па-за прафесияй: гамельчанка пачала ствараць відэалетапісы сем’яў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці