Сайт «Нашай Нівы» з’явіўся ў пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговым разам дапоўніла спіс інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай «экстрэмісцкай». Сярод іншых аб’ёмны пералік, які пераваліў ужо за 600 старонак, папоўніла папулярнае беларускае інтэрнэт-выданне «Наша Ніва».
Як адзначаецца на сайце Мінінфарма, у шэраг «забароненых да распаўсюду» трапіў нашаніўскі кантэнт на трох пляцоўках:
– Афіцыйны інтэрнэт-сайт: https://www.nashaniva.com,
– YouTube-акаўнт: https://www.youtube.com/@NashaNivaNews,
– Старонка ў сацсетцы TikTok: https://tiktok.com/@nashanive.
Акрамя таго, гэта ж тычыцца лагатыпа (лічбавыя вадзяные знакі) – літара «n» у чырвоным коле і загалоўнай «Н» у цэнтры надпісу «Наша Нiва» на чорным фоне.
Удакладняеца, што адпаведнае рашэнне прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска 5 чэрвеня. Як водзіцца, калектыў газеты пра такі крок дазнаўся на стадыі канстатацыі факту.
Нагадаем, 14 студзеня 2022 года рэдакцыя «Нашай Нівы» была прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем».
Штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая беларуская газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку «Nasza niwa»/»Наша ніва» (друкавалася і лацінкай, і кірыліцай) запачаткавала сваю гісторыю больш за стагоддзе таму — у канцы 1906 года.
Сярод заснавальнікаў былі знакавыя асобы свайго часу — браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч ды іншыя. Выхад прыпыніла набліжэнне расійска-нямецкага фронту да Вільні.
З атрыманнем незалежнасці Беларусі ў 1991 годзе легендарнае выданне аднавілася дзякуючы высілкам публіцыста Сяргея Дубаўца, які наступнае дзесяцігоддзе заставаўся галоўным рэдактарам. Таксама газетай кіравалі Андрэй Дынько, Андрэй Скурко, Ягор Марціновіч — два апошнія цяпер за кратамі паводле абвінавачанняў у прычыненні матэрыяльных стратаў дзяржаўным установам ад дзейнасці рэдакцыі.
Гэтаксама ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма патрапілі і іншыя незалежныя рэсурсы, прадстаўленыя на старонцы суполкі «Бай Прасвет» у тэлеграм-канале з ідэнтыфікатарам https://t.me/by_prosvet з амаль 1200 падпісчыкаў. У анатацыі гаворыцца, што на пляцоўцы гуртуецца беларускі «самвыдат», які акумулюе самыя важныя аператыўныя навіны.
На падставе рашэння суда Ленінскага раёна Магілёва ад 1 чэрвеня ў пералік занеслі сёлетнія выпускі 5–7 электроннай газеты «Беларускі час», а таксама нумары 3–6 электроннай газеты «Голос Беларуси».
У сярэдзіне траўня там жа аказаліся папярэднія віртуальныя наклады згаданых рэсурсаў, пра што паведамляла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Беларускі час», паводле заснавальнікаў праекта, — гэта газета для беларусаў пра беларусаў. Адметна, што аналагічную назву мае друкаваны орган афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў, але насамрэч ніякай сувязі паміж імі няма — ні паводле зместу, ні паводле ідэалагічнага складніка.
«Голос Беларуси», як удакладняюць яго ініцыятары, — штотыднёвы самвыдат з праўдзівымі навінамі.
Абедзьве інфармацыйныя пляцоўкі ўяўляюць сабой завярстаны газетны макет, кожную старонку можна асобна адкрыць і чытаць у прыкладзенай PDF-версіі.
Чытайце яшчэ:
У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці
Фактчэкінг у карыстальніцкім (і не толькі) кантэнце: прапануем інструкцыю, як раскрываць фэйкі
Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Вялікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?