• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сем месяцаў у беларускай турме». Псіхалагічна-антрапалагічныя занатоўкі ад Алеся Кіркевіча

    Журналіст і пісьменнік з Горадні правёў сем месяцаў у турме за «ўдзел у масавых беспарадках 2010 года». Больш за пяць гадоў напісаная кніга пылілася ў шуфлядцы, каб цяпер пабачыць свет. Пра «выпраўленчую ролю» турмы, іерархію «апушчаных» і выхаванне нянавісці да Беларусі, распавядае аўтар новай кнігі з серыі «Беларуская турэмная літаратура» Алесь Кіркевіч.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/20180528_hor_kirkievich_kniha_say_06-660x440.jpg

    Удзельнік плошчы-2010, тагачасны намеснік старшыні «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч 28 студзеня 2011 года быў арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле ч.2 арт.293 КК Беларусі. Яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, акурат праз тыдзень пасля ягонага вяселля. Цягам сямі месяцаў Кіркевіч адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі №10, пасля чаго быў памілаваны. Напісаныя пасля турэмныя ўспаміны яшчэ ў 2013‑м годзе атрымалі прэмію ім. Ф. Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Як прызнае аўтар, сем месяцаў, праведзеных за кратамі, сталіся своеасаблівай зацяжной экскурсіяй, уражаннямі ад якой, ён і дзеліцца ў кнізе.

    Каб турма перастала быць міфам

    «Турма ў свядомасці нашых людзей – гэта такі міф. Як ніхто не ведае, што будзе пасля смерці, што будзе ў пекле: нейкія чэрці там будуць ці нейкія перажыванні твае, або сустрэнеш кагосьці, так і тут – усе здагадваюцца, што там не вельмі добра, а як не добра – ніхто не ведае. Таму кніга – гэта не прэтэнзія на нейкае каштоўнае пераасэнсаванне і падагульненне «феномена беларускай турмы». Пра гэта лепш спытацца ў Дашкевіча, у Пачобута, яшчэ кагосьці, хто там больш часу правёў. Я там правёў сем месяцаў. Гэта як такая зацяжная экскурсія: прайшоўся, паглядзеў, мне ўсё паказалі і сказалі хопіць. Вось і атрымалася такая мазаіка замалёвак, вобразаў людзей, якія я там сустрэў. Крыху такая псіхалагічна-антрапалагічная школа. Як людзі, сябе паводзяць у соцыуме, ад якога нікуды не могуць збегчы. Гісторыя дэманаў, якія сядзяць у кожным і праяўляюцца ў той ці іншай сітуацыі», – тлумачыць Алесь Кіркевіч.

    Дзень – гэта пабудка а 6 раніцы, далей ідзеш выносіць парашу

    Ёсць рэаліі «Амерыканкі», «Валадаркі» і зоны. Яны вельмі розныя. У «Амерыканцы» гэта быў такі крыху экстрэмальны рэжым – была група ўзмацнення ў масках, жорсткія санкцыі за парушэнне дысцыпліны. Дзень – гэта пабудка ў 6 раніцы. Далей ідзеш выносіць парашу. У камеры стаіць вядро і яго трэба вынесці. Гэта ўсё суправаджаецца дручкамі, крыкамі, пошчакамі электрашокераў. Потым нешта пераелі, пайшлі на шпацыр. Шпацыр – гэта заледзянелы дворык 5 на 5 метраў, дзе можна хадзіць па колу. Там можна паміж сабой пагаварыць, можна пакурыць. Потым усё вяртаецца назад. Нейкія размовы, гульня ў нарды. Вось я там у нарды навучыўся гуляць. Гэта вялікі плюс, – (смяецца), не абы-што.

    Гэта таксама сітуацыя, калі ты нанова вучышся пісаць ад рукі лісты. Таму што ў наш камп’ютарны век мы вельмі рэдка пішам асадкай што-небудзь на паперы камусьці. Вучышся фармуляваць думкі цэльна, каб на 3 ці 4 старонкі аркушыка напісаць ліст. Вяртаешся да такіх кансерватыўных момантаў. Чытаеш кніжкі на паперы. Не чытаеш інтэрнэт. Гэта трошкі іншыя рэаліі і абмежаванні, нібыта цябе вяртаюць з 21-га стагоддзя ў нейкія там 50–60‑я гады.

    Я не хачу размаўляць пра гэта. Зразумела, што гэта не санаторый і нават не войска. Гэта зусім іншае і нічога там добрага няма. Але мне не падабаецца, калі я чытаю іншых аўтараў, што там вось «кашмар-кашмар-кашмар», адныя «жахі-жахі-жахі». Мне больш цікава неяк антрапалагічна на гэта ўсё паглядзець. Паглядзець на людзей, на іншы досвед, якога я, можа, не здабыў бы ў іншай сітуацыі. Мне не хочацца канцэтравацца на нейкіх адмоўных момантах. Не хачу і ўсё. Пра гэта было ўжо шмат сказана, пачынаючы ад таго, як Міхалевіч даваў прэс-канферэнцыі пра катаванні ў «Амерыканцы» і г.д. А што тут дадаваць? Магчыма, каб мне быў патрэбен палітычны прытулак, я б тады расказаў, які там быў кашмар.

    Пра дзікія рытуалы і інстынкты

    У кнізе рознае ёсць. Ёсць сцэна з апісаннем згвалтавання. Гэта было ўжо на зоне. Гэта быў як фільтрацыйны такі барак, пасля якога ўжо размяркоўваюць па іншых атрадах. Прачынаюся неяк уночы і чую гукі нейкія дзіўныя: ці то нешта скрабецца, ці нешта лезе, такія нейкія механічныя гукі. Думаю, Божачкі, што гэта?

    Дзверы зачыненыя, спрасонку не зразумеў, можа з‑пад падлогі нехта лезе. Потым заўважаю, што далёка-далёка ў канцы барака варушыцца нара. Потым перастае варушыцца. Яна двухпавярховая і першы паверх – задзёрнуты пледам. Тут плед адсоўваецца і выходзіць у трусах адзін мужык, а там застаецца ляжаць іншы. Аказалася, што заехаў чалавек на зону за згвалтаванне непаўнагадовай сваёй дачкі ці падчырыцы, а па правілах зоны, перад тым, як яго падняць у атрад, яго трэба апусціць. І вось ёсць спецыяльны чалавек, які яго апускае. Для мяне гэта такім шокам было. Так проста ўначы залез у нару чувак, «адчпокаў» і пайшоў у туалет мыць чэлес, умоўна кажучы. То бок ёсць спецыяльны чалавек, які апускае. Ён сам апушчаны, а ўжо сярод апушчаных, ён больш круты. Гэта свая іерархія – каставая сістэма, як у Індыі, дзе ёсць недатыкальныя, працоўныя, непрацоўныя і г.д. Зусім іншы свет, дзе жывуць розныя першабытныя рытуалы, інстынкты, дзе ўсё неймаверна архаічна. У нас тут скандал, што гей-сцяг вывесілі на ангельскім пасольстве, а там усё вось так. Я не ведаю, ці ангельскім амбасадарам хто-небудзь расказваў пра гэта. Гэта людзі, з якімі ніхто не вітаецца. Ад якіх нельга нічога браць, да якіх нельга дакранацца, на нару, дзе яны спяць нельга сядаць. Гэта людзі якія існуюць у абсалютна іншым свеце. Гэта людзі, якія або нешта дрэннае зрабілі, або спрычыніліся да нейкіх сексуальных злачынстваў, або якіх адміністрацыя замовіла, каб упісаць іх у гэтае становішча.

    Наколькі вялікі шанец што яго апусцяць? Калі ён будзе замінаць адміністрацыі, адміністрацыя заўжды трымае сувязь з тымі, каго прынята называць «блатныя». Опер дасць разнарададку, што такога чалавека трэба прэсануць, і тады блатныя, калі яны не правільныя блатныя, калі яны «ходзяць пад мусарамі», то яны «прымуць захады». Ці зробяць чалавеку якую-небудзь непрыемнасць, як напрыклад Саннікаву ці Дашкевічу, калі да іх падсаджваюць апушчанага, які не кажа, што ён апушчаны. Чалавек з ім кантактуе і ў вачах усіх астатніх зэкаў – усё, ты ўжо такі самы як ён. І ты ўжо знаходзішся ў стане недатыкальнага, выконваеш самую брудную працу. Гэта вельмі непрыемна. Гэта сур’ёзная праблема – там у тым сусвеце.

    Пра былы «прафсаюз зэкаў»

    Інстытут блатных, жыццё па блатной лініі калісьці ўзнікла ў Савецкім саюзе, як свайго роду прафсаюз зэкаў, каб бараніць сябе ад адміністрацыі. Маўляў, што вы – адміністрацыя, але ў нас тут ёсць свае правілы і мы не будзем вам падпарадкоўвацца, у вас будзе сваё, а тых хто здраджвае, хто робіць не правільна, мы будзем «у апушчаныя» запісваць. Потым органы вось гэтую зэкаўскую сістэму фактычна ўзялі ў абарот і пачалі выкарыстоўваць па-свойму. Таму ў нас зараз няма нейкага такога сапраўды незалежнага блатнога жыцця, якое мела б бараніць зэкаў ад адміністрацыі. Раней як было: ёсць некалькі блатных, а ёсць зэкі. Зэкаў прэсуюць, блатныя сказалі, «мы зараз бунт учынім ці ўсе ўскрыем сабе вены», – як яно мусіла быць. Інстытут каб абараніць людзей у прынцыпе. А зараз усё наадварот.

    Выпраўленчая ўстанова? Гэта вельмі смешна!

    Па-мойму, Беларусь – гэта адзіная краіна сярод суседзяў, дзе захаваўся статус менавіта «выпраўленчай» установы. Абсалютная лухта. Малады чалавек, які туды заходзіць, не маючы жыццёвага досведу, яго ламаюць, даюць яму зусім іншыя каштоўнасці: што можна красці, можна махляваць, што ты можаш быць шчырым толькі паміж нейкім вузкім колам людзей, а з усімі астатнімі можаш рабіць усё, што хочаш.

    І чалавек выходзіць на волю, умоўна кажучы, не толькі з букетам хранічных захворванняў, але яшчэ і з базай кантактаў. Ён гэтых людзей потым знойдзе напрыклад на свабодзе і яго жыццё будзе круціцца сярод былых сукамернікаў. Выходзіць такі гатовы антыдзяржаўны элемент – чалавек, які ненавідзіць інстытут дзяржавы, самую дзяржаву. Тое, што там кожную раніцу грае беларускі гімн і ўсе павінны быць выстраеныя ў шэраг пад ягоныя гукі – усе гэта ўспрымаюць камічна, як мінімум гратэскава і максімум з нянавісцю. Значыцца, гэта яшчэ і людзі, якія ненавідзяць Беларусь. Адзіны момант, калі там гучыць беларуская мова – гэта гімн з раніцы. І для зэка чыста псіхалагічна – гэта траўма. І для чалавека ў прынцыпе беларуская мова асацыюецца з гэтым лагерам. Беларусь – турма. Таму шмат у каго такія мары і думкі: калі выйду, то проста з’еду адсюль куды-небудзь, тут жыць не магчыма.

    Ну і самая яскравая гісторыя, безумоўна, мінаючы карупцыянераў, іншых злачынцаў, – наркаманы-спажыўцы 328. Гэтыя пацаны, каторым па 19–18 гадоў. Я не веру асабіста, што яны распаўсюднікі, нейкія наркабароны. Гэта пацаны, каторыя ўвогуле нічога не ўмеюць. Яны не ўмеюць часам ложак свой заправіць. Іх пасадзілі, далі па 8 гадоў, і кім яны выйдуць потым? Гэта паламаныя людзі, якія зноў пойдуць у нейкую нелегальшчыну. А дэпартаменту выканання пакаранняў, міліцыі ад часткі ўсё гэта выгадна. Былых зэкаў называюць – «залатым фондам МУС». Г.зн. калі адбываецца нейкае злачынства, то каго браць? Ага, тых, хто ўжо сядзеў. Хто там быў у гэтым арэале. Хто жыве ў гэтым доме, у гэтым раёне. Вельмі вялікая верагоднасць, што той, хто ў Беларусі сядзеў, потым сядзе яшчэ раз.

    Фота – Васіль Малчанаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці