Сенат Польшчы заклікае забяспечыць свабоду Андрэю Гнёту
Польскі Сенат выступае за свабоду для беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя з Сербіі ў Беларусь.
Маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньская накіравала адпаведны зварот да спікеркі сербскага парламента Аны Брнабіч з просьбай разгледзець справу Андрэя Гнёта.
«Падкрэсліць важнасць сітуацыі з беларускім апазіцыянерам Андрэям Гнётам, які быў арыштаваны ў Рэспубліцы Сербія і ў дачыненні да якога ў вашай краіне паўторна праводзіцца працэдура экстрадыцыі. Большасць краін Еўропы і свету бачаць у гэтых абвінавачаннях зручны камуфляж для дзеянняў аўтарытарных беларускіх уладаў, якія імкнуцца выкарыстоўваць міжнародныя паліцэйскія інстытуты для ўмацавання свайго становішча і падаўлення імкнення сваіх грамадзян да свабоды», – напісана ў гэтым лісце.
Напісанню гэтага ліста папярэднічала сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, лідара фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» у Каардынацыйнай радзе Беларусі Паўла Латушкі з маршалкам польскага Сенату. Падчас гэтай сустрэчы Латушка звярнуў увагу на сітуацыю з беларускім журналістам і актывістам, а таксама сузаснавальнікам SOS.BY, які больш за год знаходзіцца пад арыштам у Сербіі і якому пагражае экстрадыцыя ў Беларусь, дзе яго могуць пераследаваць па палітычных прычынах.
У лісце Малгажата Кідава-Блоньска звяртае ўвагу на тое, што рэпрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў супраць грамадзян, гэтак жа як і расейская агрэсія супраць Украіны, выклікаюць пастаянную занепакоенасць у свеце. Яна заклікае забяспечыць Андрэю Гнёту і іншым палітычным уцекачам з Беларусі ўзровень бяспекі і свабоды, якія адпавядаюць дэмакратычным стандартам прававых дзяржаў, такім як Польшча і Сербія.
У сваю чаргу Павел Латушка, падзякаваў кіраўніцы польскага парламента за такі важны крок.
«Дзякую вам за надзвычай канструктыўнае рабочае ўзаемадзеянне з Сенатам Польшчы, з вамі, як з кіраўніком верхняй палаты парламента Польшчы. Высока цаню тое, што польскія сенатары падтрымліваюць беларускае грамадства ў нашай барацьбе за дэмакратыю і свабоду. Мы працягнем нашу барацьбу за вызваленне Андрэя Гнёта», – адзначыў палітык.
Нагадаем, што Андрэй Гнёт знаходзіцца зараз пад хатнім арыштам у Сербіі. Да гэтага цягам больш як 7 месяцаў ён быў вымушаны правесці ў белградскай турме. Андрэя Гнёта затрымалі ўвосень 2023 года на запыт беларускіх уладаў, якія абвінавачваюць рэжысёра ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, у той час як насамрэчы пераследуюць яго паводле палітычных чыннікаў.