• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Севярынец у Глыбокім прадставіў кнігу “Каменнае сэрца”

    Прэзентацыя кнігі “Каменнае сэрца” Паўла Севярынца адбылася 24 лютага ў Глыбокім. На ёй прысутнічалі мясцовыя журналісты і грамадскія актывісты горада.

    Пісьменнік і палітык распавёў пра гісторыю ўзнікнення гэтай кнігі. У яе ўваходзяць эсэ, якія аўтар напісаў за апошнія дваццаць гадоў.  Гэтыя кароткія гісторыі з беларускай няволі — «сутак», «хіміі», турмаў — паказваюць сённяшнюю Беларусь знутры, жыццё ва ўмовах цяперашняга рэжыму.

    Частка твораў ужо публікавалася, частка з іх — яшчэ не. Кнігу завяршае блок фотаздымкаў.

    Як кажа Павел Севярынец, гэтая кніга ў першую чаргу пра ўнутраны стан чалавека, які трапляе ў турму:

    — Не пра знешнія нейкія рэчы, распарадак, ціск і г. д. Гэта даволі добра апісана, а вось унутраны стан чалавека — гэта, сапраўды, вялікая загадка. І таму для мяне было важна пагрузіцца ва ўспаміны тых часоў, тых прыпынкаў, калі я апынаўся ў турме, і прыпомніць як гэта ўсё было. Гэта і духоўныя рэчы: я прыйшоў да Бога ў турме. Гэта і эмацыйныя нейкія рэчы, і перагляд сваіх пачуццяў, дзеянняў, альбо бяздзеяння на волі. Я думаю, што беларусам будзе цікава чытаць гэтую кнігу.

    Паводле Паўла Севярынца, не так страшна быць у турме, як быць на волі і жыць у страху:

    — У турме можна быць вольным. І на волі можна быць настолькі зняволеным страхам, што адчуваеш горш, чым у якой турме. Канешне, турма — гэта не тое месца, куды ты імкнешся трапіць. Але, напрыклад, для мяне кожная турма — гэта прыпынак, які дае Бог, каб разважыць, прыпыніцца, памаліцца, пабыць сам насам з сабой і з Богам. І гэта вельмі важны час. Безумоўна, там кепска і некамфортна, што тычыць цела і душы. Але, што тычыць духу, — там высокі гарт.

    А калі большасць людзей сядзіць і баіцца, то ў вялікую турму ператвараецца ўся Беларусь. І ты выходзіш з турмы і адчуваеш гэты дух страху. Тады пачынаеш думаць, што мы не станем нармальнай краінай, калі мы будзем на гэтым страху грунтавацца. Таму хтосьці павінен адкупляць вось гэтыя кубаметры страху, якія вісяць па-над Беларуссю. Разам з тым трэба сказаць, што ёсць рэчы страшнейшыя за турму — гэта калі ў дзяцей няма будучыні, калі краіна гніе і правальваецца, калі мы становімся полюсам зла ў рэгіёне. Паверце, часам трэба ісці на рызыку зняволення і жыцця, каб з гэтага выбрацца.

     “Каменнае сэрца” — гэта шостая кніга з серыі “Беларуская турэмная літаратура”. Серыя была распрацаваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў 2017 годзе. У межах серыі выйшлі кнігі Змітра Дразда “Бунт батанікаў”, Ігара Аліневіча “Еду ў Магадан”, Алеся Кіркевіча “Сем месяцаў у беларускай турме”, Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету” і Алеся Бяляцкага “Турэмныя сшыткі”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці