Шапікі “Віцебскаблсаюздруку” робяць зніжку на каву ў нагрузку да дзяржаўнай прэсы
Зніжку амаль на 40% за кубачак кавы пры ўмове набыцця газет “Рэспубліка” ці “Беларусь сегодня” прапануюць амаль 50 шапікаў і павільёнаў РУП “Віцебскаблсаюздруку”.
Акцыя “Кава з газетай” была абвешчаная на пачатку лістапада і будзе працягвацца да канца года, паведамілі ў шапіку на плошчы Свабоды ў Віцебску. Дарэчы, распушчальная кава прадаецца тут ужо даўно, але попыт на яе вырас, калі кошт зменшыўся амаль у тры разы: з 1 рубля 42 капеек да 55 капеек.
Што да пакупнікоў, то магчымасць набыць гарачы напой у восеньскія халады вабіць віцяблянаў куды болей, чым перспектыва прачытаць газету.
“Без кавы я не набывала б “Беларусь сегодня”. Звычайна ў шапіку я набываю зборнік сканвордаў ці анекдотаў. Але раз танная кава, дык пагрэюся, а газета таксама прыдасца”, — гаворыць спадарыня год пад сорак.
“Беларусь сегодня” каштуе 45 капеек, і набыць яе разам з кавай за рубель куды выгадней, чым каву без газеты за амаль паўтара рублі”, — разважае Віталь, студэнт медыцынскага ўніверсітэта.
Ён жыве ў інтэрнаце, і газеты, якія цяпер набывае штодня, раздае знаёмым.
“Кава ўсяго за 55 капеек — гэта раскоша! На любой аўтазапраўцы за такое ты заплоціш у 4 разы даражэй. А наконт газеты — дык яе ж чытаць неабавязкова, — смяецца яго спадарожніца Аліна. — Хаця я іншым разам гартаю і “Беларусь сегодня”, і “Рэспубліку”. Але асобна ад кавы не набывала б”.
Гандлярка “Віцебскаблсаюздруку” тлумачыць, што каву прадаюць не паўсюль, а толькі ў мадэрнізаваных шапіках. Яны не толькі выглядаюць па-сучаснаму, але й маюць лепшае тэхнічнае забеспячэнне, больш зручныя для работнікаў. Кіраўніцтва прадпрыемства мае намер паступава замяніць усе шапікі менавіта на такія. І не толькі ў абласным цэнтры: 4 новых шапікі, дзе таксама праходзіць акцыя “кава з газетай”, ужо з’явіліся ў Оршы і адзін — у Полацку.