• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Увесь горад на вушах». Што адбываецца ў Гродне пасля прызнання папулярнага гарадскога сайта «экстрэмісцкім»

    Самы папулярны гродзенскі інфармацыйны партал s13 перастаў абнаўляцца з 23 кастрычніка. Пазней стала вядома, што яго прызналі «экстрэмісцкім», а ўласніка і галоўнага рэдактара партала Сяргея Чабоцьку затрымалі. Масавыя адпіскі пачаліся і ў іншых медыя. Гараджане кажуць, што даўно не бачылі ў Гродне такога кіпішу. «Наша Ніва» даведалася болей, што адбываецца.

    Ілюстрацыйны здымак. Фота: Michal Fludra/NurPhoto via Get­ty Images

    Што сабой уяўляў s13.ru?

    Інфармацыйны партал s13.ru не адзін год быў самым папулярным сярод гарадзенцаў. Яго называлі мясцовым Tut.by. 

    Уласнага кантэнту на гарадскім сайце было не шмат. З большага ён працаваў як навінавы агрэгатар.

    Стваральнік і галоўны рэдактар партала — гарадзенец Сяргей Чабоцька.

    Па інфармацыі «Нашай Нівы», Сяргея затрымалі 23 кастрычніка. З таго ж дня сайт перастаў абнаўляцца, а 25 кастрычніка галоўрэду прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Падставай для гэтага нібыта сталі здымкі ў архіўных артыкулах, на якіх быў нанесены лагатып іншага СМІ, прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Сяргей Чабоцька. Фота: яго старонка ў фэйсбуку

    Увесь горад на вушах

    З 25 кастрычніка s13.ru прызналі «экстрэмісцкім».

    Навіна нарабіла шмат шуму ў горадзе. Людзі кажуць, што апошнія тры дні гэта самая важная падзея ў Гродне, якую абмяркоўваюць нашмат актыўней, чым прызначэнне даты прэзідэнцкіх выбараў 2025 года.

    Цягам выхадных многія гараджане, нягледзячы на рызыку, выказваліся ў сацсетках, што ў шоку ад такіх навін. Можна было не ўдакладняць, пра што гаворка, — у горадзе ўсе адразу разумелі.

    Заклік адпісацца ад s13 у любых сацсетках і месенджарах распаўсюджвалі ў тым ліку ў працоўных чатах на буйных дзяржаўных прадпрыемствах.

    Парады выдаліць лайкі і каментары людзі рассылалі таксама паміж сабой. Некаторыя суразмоўцы прызнаюцца, што нават знаёмыя міліцыянты званілі ім і нагадвалі, каб тыя адпісаліся і перадалі іншым. 

    Па інфармацыі Hrodna.life, папярэджваць пра забарону партала s13.ru пачалі яшчэ да з’яўлення публічнай інфармацыі аб прызнанні яго «экстрэмісцкім». У чатах школ і гімназій пагражалі пастаноўкай сямей на ўлік — калі бацькоў прыцягнуць за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Гараджане кажуць, што даўно не бачылі ў Гродне такога кіпішу.

    Адпісваюцца дзясяткі тысяч чалавек

    За некалькі дзён ад акаўнта s13 у інстаграме адпісаліся больш за 40 тысяч чалавек.

    Калі да мінулага тыдня там налічвалася каля 95 тысяч падпісчыкаў, то ў панядзелак засталося менш за 55 тысяч. Як паказваюць даныя сэрвісу trend­hero, каля 70% аўдыторыі акаўнта складалі жыхары Гродна.

    Дынаміка адпісак ад акаўнта s13.ru у інстаграм. Даныя сэрвісу trend­hero

    У тэлеграме за тры дні ад s13 адпісалася каля 7 тысяч карыстальнікаў. Яшчэ ў чацвер іх было 15 600, а ў панядзелак засталося менш за 9 тысяч.

    Адкуль такая дзіўная назва і чаму ў сайта расійскі дамен?

    Партал пачынаўся як блог, які нагадваў рэсурс fishki.net.

    «У далёкім 2005 годзе я выпадкова выйграў у інтэрнэце дамен і хосцінг на год. Я не ўяўляў, што гэта і навошта мне гэта патрэбна, але вырашыў зарэгістраваць дамен на імя, якое было звязанае з маім нікам», — расказваў раней у інтэрв’ю Сяргей Чабоцька.

    Літаральна праз два тыдні пасля запуску s13 на сайце з’явіўся каментар з парадай прысвяціць яго навінам Гродна, а не рабіць сайтам, на якім посцяць тое, што можна знайсці на іншых рэсурсах.

    Стваральнік прыслухаўся да парады і ў кароткія тэрміны перафармаваў сайт.

    Таму не варта шукаць нейкіх схаваных сэнсаў як у самой назве сайта, так і ў дамене ru.

    Масавыя адпіскі закранулі не толькі s13.ru

    Трывожнасці гарадзенцам дадае тое, што ў некаторых рассылках, апроч s13.ru, згадваліся і іншыя парталы — аўтамабільны autogrodno.by і навінавы newgrodno.by. Пісалася, што нібыта іх таксама прызналі «экстрэмісцкімі», хоць гэта не так.

    Праз чуткі сацсеткі выданняў пачалі імкліва губляць аўдыторыю.

    Так, напрыклад, інстаграм-акаўнт autogrodno.by за гэтыя дні страціў каля 13 тысяч падпісчыкаў. Калі да мінулай пятніцы ў іх было больш за 92 тысячы падпісчыкаў, то ў панядзелак засталося 79. Адпіскі працягваюцца.

    Дынаміка адпісак ад акаўнта autogrodno.by у інстаграм. Даныя сэрвісу trend­hero

    Партал newgrodno.by за выхадныя страціў прыблізна па 1000 падпісчыкаў у інстаграм і тэлеграм.

     

    Дынаміка адпісак ад тэлеграм-канала newgrodno.by. Даволі масавыя падпіскі пачаліся менавіта з 25 кастрычніка. Фота: скрыншот з сайта tgstat.com

    Самі выданні ніяк не каментуюць сітуацыю. Іх сайты і сацсеткі абнаўляюцца.

    Сілавікі пагражаюць Чабоцьку

    Блізкі да гродзенскіх сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў допіс, прысвечаны s13 і яго галоўрэду Сяргею Чабоцьку.

    Партал вінавацяць у тым, што, будучы самым папулярным у Гродне рэсурсам, у 2020 годзе ён актыўна публікаваў матэрыялы праціўнікаў рэжыму, а ўладам і «патрыётам» нібыта адмаўляў у размяшчэнні навін.

    «S13 па факце ператварыўся ў навінавы агрэгатар прыхільнікаў пераменаў, і пра гэта ведаюць усе», — пішуць у канале, блізкім да гродзенскіх сілавікоў.

    Апроч гэтага, сайт вінавацяць у тым, што яго загалоўкі былі не ў дзяржаўным ключы.

    «Менавіта праз загаловак на s13 часта змянялі стаўленне чытачоў да матэрыялаў дзяржаўных мас-медыя», — сцвярджаюць сілавікі.

    Расправу над сайтам у канале называюць «непрыемным сюрпрызам для ўсіх гродзенскіх хістальнікаў».

    «Да сённяшняга дня ў іх руках была важкая інфармацыйная пляцоўка, якая, як паказаў 2020 год, гатовая была забяспечыць папулярнасць любой ідэі «змагароў». Цяпер яе няма», — заканчваюць свой допіс сілавікі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці