Зняволенага рэдактара гродзенскага сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку прызналі палітычным вязнем
Адпаведную заяву беларуская праваабарончая супольнасць прыняла 28 снежня. Уладальніка і рэдактара гродзенскага сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за два месяцы.
Праваабаронцы акцэнтуюць увагу, што беларускія МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве. Таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаюцца і СМІ.
«Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў», — пішуць эксперты.
Уладальніка гродзенскага навінавага партала s13.ru Сяргея Чабоцьку сілавікі затрымалі 23 кастрычніка. З таго ж дня сайт і сацсеткі перасталі абнаўляцца.
25 кастрычніка суд Ленінскага раёна Гродна прызначыў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмісцкай дзейнасці» альбо прапагандуе такую дзейнасць). Падставай для пераследу нібыта сталі здымкі ў архіўных артыкулах сайта, на якіх быў нанесены лагатып іншага СМІ, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Пазней стала вядома, што ў гэты ж дзень суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць змест сайта і звязанага з ім Telegram-канала «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Іх унеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Праз тры дні, 28 кастрычніка, суд дадаў да экстрэмісцкіх старонкі ў сацсетках і лагатыпы s13.ru.
Падчас утрымання ў ІЧУ Сяргею Чабоцьку 6 лістапада прызначылі другі адміністрацыйны арышт. Суддзя Ленінскага раёна Гродна Наталля Горбач пакарала яго яшчэ 15 суткамі паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне вызначанага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
22 лістапада трэці раз запар рэдактар s13.ru быў пакараны тым жа судом да чарговага адміністрацыйнага арышту на 15 сутак. Яго зноў звінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Тэрмін гэтага арышту скончыўся 7 снежня. Але на волю Сяргей Чабоцька не выйшаў. Пра чарговы адміністрацыйны суд невядома. І гэта можа сведчыць пра тое, што Сяргея Чабоцьку ўзялі пад варту на падставе ўжо крымінальнага пераследу.
Тым часам 9 снежня сайт s13.ru з’явіўся ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У якасці групы грамадзян, якія, на думку сілавікоў, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» былі названыя Сяргей Чабоцька і Раман Алешка.
З інфармацыі на сайце МУС вынікала, што КДБ Беларусі абвесціў партал s13.ru «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ 5 лістапада, і ў той жа дзень рашэнне сілавога ведамства ўступіла ў сілу. На той момант Сяргей Чабоцька адбываў апошні адміністрацыйны арышт.
Гродзенскі партал s13.ru праіснаваў 19 гадоў. Ён з’явіўся ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе.