СК: Баранчык затрыманы па нашым запыце, вырашаецца пытанне экстрадыцыі ў Беларусь
Як сказаў «Нашай Ніве» прэс-сакратар Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, нядаўняе затрыманне шэф-рэдактара аналітычнай службы «Рэгнума» Юрыя Баранчыка выкліканае запытам беларускага боку.
«У ходзе расследавання крымінальнай справы ў дачыненні Сяргея Шыптэнкі, Юрыя Паўлаўца і Дзмітрыя Алімкіна ў рамках крымінальнай справы па ч. 3 арт. 130 (распальванне вародажасці), была ўстаноўлена датычнасць да супрацьпраўнай дзейнасці і грамадзяніна Беларусі Юрыя Баранчыка, які стала пражываў у Маскве. Следчы вынес пастанову аб ужыванні да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і абвяшчэння ў вышук. Цяпер Баранчык затрыманы ў межах аперацыі «Вышук» у Маскве, вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Рэспубліку Беларусь», — сказаў Кабаковіч.
Нагадаем, сёння ноччу ў Маскве быў затрыманы грамадзянін Беларусі, шэф-рэдактар аналітычнай службы «Рэгнума» Юрый Баранчык. Цяпер ён знаходзіцца ў Дарагамілаўскім РУУС Масквы.
Рэгнум мяркуе, што затрыманне Ю. Баранчыка было праведзена па запыце беларускіх уладаў, якія з пачатку снежня 2016 года вядуць палітычны пераслед аўтараў і супрацоўнікаў сайта «па надуманых абвінавачваннях у «распальванні міжнацыянальнай варожасці», па якіх ім пагражае да 12 гадоў зняволення.
У «Рэгнуме» таксама падкрэслілі, што да затрыманага не пускаюць адваката.