• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Слуханні па справе Эдуарда Пальчыса працягнуцца ў аўторак

    Слуханні па крымінальнай справе супраць рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса працягнуцца ў аўторак 18 кастрычніка а 10.00. Разгляд справы ў Мінскім гарадскім судзе адбываецца ў закрытым рэжыме.

    У панядзелак з 10 да 13 гадзін перад будынкам суда палітычныя актывісты праводзілі пікет з патрабаваннем вызвалення Пальчыса. Падчас пікета супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйныя пратаколы супраць 10 удзельнікаў, што трымалі бел-чырвона-белыя сцягі.

    Таксама падчас пікету адбыўся інцыдэнт з супрацоўнікамі міліцыі, якія выбілі мабільны тэлефон з рук актывісткі Наталлі Гарачка, якая здымала праваахоўнікаў. Актывісты збіраюцца прыйсці да суда і ў аўторак.

    Эдуард Пальчыс атрымаў асабістую ўзнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі

    Слуханне крымінальнай справы блогера, рэдактара сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса, вядомага як Джон Сільвер, пачалося ў Мінскім гарадскім судзе 14 кастрычніка. 25-гадовы Пальчыс абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

    Пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме — у зале суда дазволена знаходзіцца толькі суддзям, удзельнікам працэсу і пракурору. Рашэнне аб закрытым рэжыме разгляду справы прынята на падставе артыкула 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, які абвяшчае, што разбіральніцтва крымінальнай справы ў закрытым судовым пасяджэнні дапускаецца «толькі ў інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў і іншай ахоўваемай законам тайны, а таксама па справах аб злачынствах, учыненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах і іншых справах у мэтах прадухілення выдавання звестак пра інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе, або звестак, якія зневажаюць іх годнасць, і ў выпадку, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забеспячэння бяспекі пацярпелага, сведкі ці іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, а таксама членаў іх сем‘яў або блізкіх сваякоў і іншых асоб, якіх яны абгрунтавана лічаць блізкімі».

    Задоўга да пачатку працэсу па справе Пальчыса былі прынятыя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі: перыметр тэрыторыі суда ахоўвалі патрулі АМАПа, на тэрыторыі знаходзілася каля двух дзясяткаў праваахоўнікаў у цывільным. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Пальчыса прывезлі ў суд у суправаджэнні некалькіх аўтамабіляў аховы, каля варот выставілі кінолагаў з аўчаркамі. Некаторы час у суд не пускалі нават адваката падсуднага Ганну Бахціну, патрабуючы, каб яна разам са сваім пасведчаннем прад‘явіла яшчэ і павестку ў суд, хоць гэта не прадугледжана. Праваабаронца Таццяна Равяка, якая змагла трапіць у будынак, спасылаючыся на тое, што толькі суддзя можа апавясціць пра закрытасць працэсу, паведаміла, што пачатак пасяджэння затрымаўся на 20 хвілін з‑за таго, што ў суд не пускалі адваката.

    У сам будынак суда, нягледзячы на дрэннае надвор‘е, не дазвалялася прайсці не толькі прэсе і прысутным, але таксама Вікторыі Пальчыс і бацькам Эдуарда. Пазней бацькам удалося трапіць у памяшканне. У выніку юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» (афіцыйна закрыты ўладамі ў 2003 годзе) Павел Сапелка падаў у сакратарыят Мінскага гарадскога суда скаргу на закрытасць працэсу.

    На працягу сённяшняга пасяджэння зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя «Малады фронт» праводзіла каля сцен суда пікет салідарнасці з блогерам. Акрамя таго, актывісты плануюць працягнуць збор подпісаў у яго падтрымку, якія будуць перадавацца ў суд праз адваката.

    Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай. 5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія будуць судзіць Пальчыса, з‘яўляюцца «не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў» і «не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, гвалту або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства».

    Напярэдадні сённяшняга суда «Рэпарцёры без межаў» заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Эдуарда Пальчыса. «У святле нядаўняга незалежнага экспертнага аналізу» пастоў блогера абвінавачванні ў яго адрас безгрунтоўныя, гаворыцца ў заяве гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі.

    Вядомыя журналісты пра справу Пальчыса

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці