Бабруйскія журналісты хочуць пасадзіць алею імя Алеся Адамовіча
Незалежныя журналісты з Бабруйска, сябры мясцовай БАЖаўскай суполкі, выступілі са сваёй «ініцыятывай добрых спраў».
Алесь Адамовіч
У сярэдзіне траўня журналіст Андрэй Шобін звярнуўся з заявай у Бабруйскі гарвыканкам. Ён прапанаваў разгледзець прапанову наконт таго, каб пасадзіць у Бабруйску алею імя вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча.
Алесь Адамовіч з ранняга дзяцінства жыў у пасёлку Глуша (пад Бабруйскам), лічыў гэта месца сваёй малой Радзімай. У Глушы ён быў і пахаваны пасля смерці ў студзені 1994 года.
На зварот журналістаў адказаў намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў.
Ён паведамляе заяўніку, што Бабруйскім гарвыканкамам ініцыятыва па ўшанаванні памяці «нашага вялікага земляка» ўспрынятая станоўча.
Аддзелам і службам гарвыканкама «даручана прапрацаваць гэта пытанне» і прыняць канчатковае рашэнне на бліжэйшым пасяджэнні тапаграфічнай камісіі.
«Дадзенае пытанне застаецца на кантролі ў Бабруйскім гарвыканкаме», — адзначае Маркачоў у сваім адказе.
Аўтар звароту, Андрэй Шобін, патлумачыў службе маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», што мае намер схадзіць у выканаўчы камітэт яшчэ раз, удакладніць «дэталі» і ўзгадніць планы мясцовай журналісцкай супольнасці і гарвыканкама.