• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вячаслаў Ракіцкі: “…І тады я прынцыпова вырашыў, што ніколі не буду займацца журналістыкай…”

    Вячаслаў Ракіцкі – чалавек-нерв. Я не ўяўляю, каб ён быў абыякавы да нейкай важнай падзеі ў Беларусі, каб не рэагаваў на подласць, каб не захапляўся вартым. Ён скончыў журфак і працаваў усё жыццё як бы ў журналістыцы, і як бы – побач, паралельна з ёй. А яшчэ Вячаслаў для мяне – сімвал нястомнасці і – шматграннасці. Мяркуйце самі – акцёр, рэдактар, даследчык, крытык, перакладчык, радыёвядоўца, кінадакументаліст… Пры гэтым няма і думкі, што перад табой – “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”. Бо ўсё – грунтоўна і па парадку. Пра гэта ды іншае – у шчырай размове для www.baj.by.

    АСАБІСТАЯ СПРАВА БАЖу

    Вячаслаў Ракіцкі нарадзіўся ў 1953 годзе ў Празароках на Глыбоччыне. Ад яго самога даводзілася чуць іншыя даты – 1915 год, а таксама што ў наступным годзе яму споўніцца 70. Скончыў журфак БДУ. Працаваў у Тэатры юнага гледача, Акадэміі навук, на Беларускім тэлебачанні, у часопісе “Спадчына” (галоўным рэдактарам), на Радыё Свабода. Цяпер паралельна з працай на “Свабодзе” захапіўся стварэннем дакументальных фільмаў (у суаўтарстве з Андрэем Куцілам), якія паказваюцца на “Белсаце”. Аўтар дзвюх кніг-бестселераў “Беларуская Атлянтыда” і кнігі «Сто адрасоў свабоды». Таксама адзін з аўтараў трохтомнай акадэмічнай «Гісторыі беларускага тэатра». Сябра БАЖу з 1997 года.

     

    “Пасля сустрэчы ў Дзярждэпе я запэцкаў на абедзе свой гальштук соўсам…”

    Нашая размова пачалася з… тэхнікі. Хоць кажуць, што творчыя людзі ад яе, тэхнікі, далёкія. Аднак Ракіцкі стараецца супраціўляцца гэтаму стэрэатыпу.

    Вячаслаў Ракіцкі: …У гэтую разетку вы не падключыцеся. Яна расплавілася, пачала смярдзець! Раней сам думаў, што ў інструкцыях да мабільнікаў пішуць лухту: не пакідайце зарадку ў разетцы, калі тэлефон не зараджаецца. А ў мяне яна тырчэла месяц ці два! І вось сядзім мы з маім калегам Андрэем Куцілам, працуем. Чуем: нечым смярдзіць… Добра, што своечасова паспелі зрэагаваць… Добра, што ўсё гэта пасярод дня было, і я быў у хаце… Але цяпер вось набыў сабе новы тэлефон і ужо зарадку ў разетцы не пакідаю…

    Якая мадэль?

    Вячаслаў Ракіцкі: Айфон 4s. З Амерыкі прывёз. Ён суперсучасны, мацней няма! Хоць я тупы, і пяці працэнтаў у ім не разбіраюся!

    Дык навошта тады 700 даляраў аддаваць было?

    Вячаслаў Ракіцкі: Я ж мушу ісці ў нагу з часам! Гэта ж так важна, не дай Бог адстанеш! Гэта ж камп’ютар!

    Дык і ў мяне камп’ютар, толькі каштуе 200.

    Вячаслаў Ракіцкі: Што, і ў цябе ёсць і скайпы, і фэйсбукі, і заўсёды інтэрнэт?

    Так, абсалютна ўсё.

    Вячаслаў Ракіцкі: …Я вырашыў, што мушу мець менавіта такі. Хацелася! Можна ж і на “жыгулях” ездзіць, разумееце? І з Амерыкі нешта хацелася прывезці. Мужчыны любяць цацкі!

    Здаецца, і машыну Вы сабе так выбіралі?

    Вячаслаў Ракіцкі: Так, як і ўвесь беларускі народ, я таксама купляў у апошнія дні перад новымі мытамі, бо не хацеў пераплочваць. А ў апошнія дні – праз сваё гультайства, бо мог жа і раней набыць. Выбраў сабе чырвоную невялікую, Форд Фіеста – новую ў аўтасалоне ў Варшаве. Была зніжка, плюс вярнулі падатак на мяжы, так што ў параўнанні з Беларуссю я ашчадзіў круглую суму. На мяжы я патрапіў у пекла, правёў у чэргах больш за суткі. На польскім баку – гармідар, жах! А ў дыктатуры парадачак, запускаюць акуратна. А нашы людзі стаяць і ганяць палякаў…

    Чаму такую маленькую машынку набылі?

    Вячаслаў Ракіцкі: Бо ў вялікай я буду адчуваць сябе ідыётам! Гэта мой стыль – лёгка, у джынсах, без гальштука… І я лёгка адчуваю сябе ў невялікіх недарагіх аўтамабілях. Прыкра бачыць безгустоўнасць шмат якіх сучасных беларусаў! Гэта савецкае мысленне: абы сесці ў БМВ! Я апранаюся дэмакратычна і езджу ў дэмакратычным аўтамабілі!

    А што такое “дэмакратычнасць”?

    Вячаслаў Ракіцкі: Штодзённасць! Калі я лёгка сябе адчуваю. Калі нармалёва магу размаўляць з людзьмі любога сацыяльнага статусу, калі не мушу іграць не сваю ролю. У Гамбровіча ёсць парадаксальная штука: чалавек праўдзівы, натуральны толькі тады, калі ён голы, калі ж апранае вопратку, апранае на сябе і ўмоўнасці цывілізацыі. Ва ўсім свеце офісныя клеркі ходзяць у касцюмах ды пры гальштуках. Яны інакш сябе паводзяць! Журналіст, акцёр выглядаў бы ідыётам у такой вопратцы!

    Пачакайце! Памятаю, калі Вы сталі з’яўляцца на экране “Белсата”, Вы сталі падбіраць сабе строі, кашулі… Што ж Вы там, умоўнасцям паддаваліся?

    Вячаслаў Ракіцкі: Натуральна! Умоўнасць экрана трэба захоўваць. Гэта не штодзённасць — глядач хоча бачыць перад сабой нешта прыгожае, эстэтычнае… Але, заўважце, на тым жа “Белсаце”, дзе я вяду праграмы пра кіно, я ні разу не з’явіўся ў гальштуку.

    А ён у Вас ёсць увогуле?

    Вячаслаў Ракіцкі: Быў! І я ў гэтым гальштуку быў у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША, таму што існуе пратакол. Хоць гэта і было для мяне вельмі цяжка. І калі я гаварыў там, то гаварыў крыху інакш, чым звычайна — пад гальштук словы падбіраліся. Дарэчы, пасля той сустрэчы быў абед у рэстарацыі, і я там гэты гальштук запэцкаў нейкім соўсам! Яго давялося выкінуць. А паколькі яшчэ былі сустрэчы пратакольнага плану, давялося ехаць і купляць новы гальштук! Цяпер іх у мяне тры. Ці чатыры.

    “Хомскі дадаў, што хоча прапанаваць мне ролю Івана Земнухова”

    Гальштукі Вы не любіце насіць. А што любіце?

    Вячаслаў Ракіцкі: Джынсы! У мяне іх вельмі шмат – цяпер я нашу шэсць пар джынсаў! Я нашу джынсы ўсё жыццё, я адзін з першых у Мінску хадзіў у джынсах.

    А дзе Вы іх бралі за савецкім часам?

    Вячаслаў Ракіцкі: Я ж з ворагаў народу! У мяне цётка жыла і жыве ў Лондане – нядаўна ёй споўнілася 100 гадоў. У той час нельга было сустракацца з раднёй за мяжой, гэта трэба было ўвогуле хаваць. І цётка праз трэцюю асобу дасылала пасылкі з вопраткамі для мяне і для брата, дапамагала нам выжываць у той краіне. Першыя джынсы “Левайс” у мяне з’явіліся ў 1971 ці 1972 годзе. Гэта быў нават касцюм, нейкі ўнікальны юбілейны выпуск – джынсы, як тады казалі, “стаялі”. Мяне ўпершыню выпусцілі ў Польшчу – цётка прыехала з Лондана ў Познань, мы пайшлі ў краму, і яна набыла мне гэты касцюм. І я прыехаў (такі фраер!) у Савецкі Саюз у джынсавым касцюме!

    Не чапляліся?

    Вячаслаў Ракіцкі: Крыху чапляліся… Горш было ва ўніверсітэце. Ужо нябожчык, дэкан Булацкі, убачыўшы мяне ў калідоры, прысеў. Ён быў на мяжы істэрыкі! Але не сказаў ні слова, бо мы тады ўжо крыху сябравалі з ягоным сынам, маім аднакурснікам, які цяпер выкладае на журфаку. Потым былы намеснік дэкана Міхаіл Іванавіч Сілуянаў (якому ніхто са студэнтаў не давяраў) выклікаў мяне ў дэканат, прапясочвалі, прымушалі пастрыгчыся…

    Хто яшчэ быў сярод Вашых аднакурснікаў?

    Вячаслаў Ракіцкі: На жаль, бальшыню сваіх аднакурснікаў я добрым словам згадаць не магу. Гэта быў жахлівы набор. Журфак лічыўся ідэалагічным факультэтам. Паступіць можна было толькі з рэкамендацыяй райкама, гаркама, абкама партыі. Асобны конкурс для камунстаў-стажнікаў і для моладзі. Іх набіралі 50, нас — 25. Яны маглі здаць на троечкі-чацвёрачкі, нам трэба было атрымаць усе пяцёрачкі. Далей быў проста здзек ідэалагічны з нас. Нам нельга было апранацца так, як мы хацелі. Мы не маглі гаварыць усё, што думаем. Адна з самых вялікіх траўмаў, якую я перажыў у 18 гадоў, на пачатку 2 курса, – гэта адлічэнне з факультэта журналістыкі Сашы Ступнікава, вядомага цяпер журналіста. Антысемітызм квітнеў тады ва ўніверсітэце – пачынаючы ад дэкана Булацкага і завяршаючы сакратаром камсамольскай арганізацыі ўніверсітэта – такі быў Слука… Яны паводзілі сябе проста страшна – выкідаючы таленавітага чалавека, які выдатна вучыўся… Усе 5 гадоў я адчуваў ідэалагічны прэсінг, ідэалагічны здзек, і таму вучыўся толькі на “выдатна”. У выніку я меў за ўвесь час толькі дзве “чацвёркі”. Па палітэканоміі сацыялізму, дзе я так і не зразумеў, што такое “расширенное социалистическое воспроизводство”. І па радыё, як гэта ні дзіўна.

    Неверагодна, канешне, але нас з табою вучылі адныя і тыя выкладчыкі: Сніцарава, Говін, Рудэнка, Сачанка, Стральцоў… І, канешне, непараўнальная Таццяна Арлова, у сяброўстве з якой я знаходзіў сапраўдны паратунак. Недзе пад канец 4 курсу Арлова запрасіла мяне на ўнікальны спектакль “Шкляны звярынец” Уільямса, у Доме акцёра. Пасля спектаклю Таццяна правяла мяне на банкет, дзе побач са мной апынуўся рэспектабельны і вельмі стыльны мужчына. Ён паварочваецца да мяне, мы знаёмімся: Павел Хомскі, рэжысёр-пастаноўшчык тэатру Массавета ў Маскве, адначасна – рэжысёр Цэнтральнага дзіцячага тэатра ў Маскве. Пачынае са мной размову. Арлова хітра пасміхаецца ўбаку. Затым ён пытаецца наўпрост: ці чытаў я “Маладую гвардыю” Фадзеева? “А маглі б вы перачытаць яе сёння ноччу, а заўтра прыйсці ў Тэатр юнага гледача на рэпетыцыю?” Ён дадаў, што хоча прапанаваць мне ролю Івана Земнухова. Ашалець! Спаўнялася такім чынам мая галоўная мара – быць артыстам! Наступны дзень я прыйшоў на рэпетыцыю, дзе пазнаёміўся з тады яшчэ студэнтам Сяргеем Жураўлём, які быў запрошаны на ролю Сяргея Цюленіна. Так я аказаўся ў тэатры. І ўжо практычна пяты курс я быў артыстам, у мяне ўжо былі прыхільнікі, прыхільніцы…Пачыналася паралельна з журналістыкай тэатральнае прыгожае жыццё. Спектакль быў шалёна папулярны, усе на яго ламіліся! Тады менскі ТЮГ быў вельмі папулярны! Потым мне далі ў “Драме праз лірыку” ролю… Усё ішло да таго, што мне прапаноўвалася стаць акцёрам. Але я разумеў, што гэта не той тэатр, і ў мяне не тая падрыхтоўка. Тады дырэктарам тэатра быў адзін з найвыдатнейшых людзей у маім жыцці – Артур Вітальевіч Вольскі. Ён прапанаваў мне граць на разавых спектаклях і заняць пазіцыю загадчыка педагагічнай часткі, а праз некалькі месяцаў – стаць загадчыкам літаратурнай часткі тэатра.

    А як жа размеркаванне журфака?

    Вячаслаў Ракіцкі: І вось тут якраз яно і грымнула! А размяркоўвалі тады ў распараджэнне райкамаў і абкамаў партыі – не ў канкрэтную газету! Я прынёс на размеркаванне заяўку Міністэрства культуры. Старшынём камісіі быў такі Тоўсцік – галоўны рэдактар “Звязды”. Мне прапаноўваюць усякія варыняты, але я адмаўляюся падпісваць усё, апроч маёй заяўкі. Спынілі размеркаванне, Тоўсцік пайшоў тэлефанаваць у Дзяржтэлерадыё. Вярнуўся і абвесціў: мы са старшынём Дзяржтэлерадыё дамовіліся, што вас бяруць у літаратурна-драматычную рэдакцыю Дзяржтэлерадыё. А я на той час ужо прынцыпова вырашыў, што ніколі не буду займацца журналістыкай. Бо зразумеў, што савецкая журналістыка – гэта поўная хлусня і маразм. У прынцыпе, я так і прайшоў па жыцці – маючы прафесію “журналістыка”, будучы побач з ёй, але ніколі не займаўся ў чыстым выглядзе журналістыкай. І я адмовіўся падпісваць і гэтае размеркаванне на Дзяржтэлерадыё. Працягваў граць спектаклі, перайшоў з педагагічнай часткі ў літчастку. Пачаліся фестывалі, паездкі, сустрэчы… Але і журфак мяне не выпускаў з гледзішча. І тады мне дапамог Алесь Петрашкевіч, які быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ. І ён драматург, пісаў п’есы. Ягоныя п’есы патраплялі ў тэатр да мяне… Артур Вольскі папрасіў Алеся Петрашкевіча дамовіцца наконт мяне… І мяне ўрэшце пераразмеркавалі ў тэатр.

    Акцёрства працягвалі?

    Вячаслаў Ракіцкі: Тры гады – да моманту, калі паступіў у аспірантуру і пайшоў з тэатру. Я рэальна ацэньваў свае акцёрскія здольнасці. Я браў маладосцю, тым, што не было штампаў – але не больш… Я стаў пісаць пра тэатр, цікавіла крытыка. Мяне заўважылі ў гэтай якасці, я стаў ездзіць па розных фестывалях па ўсім СССР. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, паралельна працаваў там жа малодшым навуковым супрацоўнікам. Потым я, 28-гадовы, не камуніст, год быў у Міністэрстве культуры рэдактарам па драматургіі… Чытаў п’есы, зацвярджаў іх, рэдагаваў – п’есы Дударава, Макаёнка… Ездзіў і «прымаў» спектаклі па ўсёй Беларусі. Гэта было вельмі цікава, але і вельмі цяжка. Урэшце я ўцёк адтуль. Хоць тады быў адзіны міністр за ўсё маё жыццё, які разумеў мастацтва – Юры Міхайлавіч Міхневіч. Ён давяраў мне.

    “Кожны журналіст павінен быў валодаць беларускай мовай без права працы ў кадры па-расейску”

    Сваю кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве Вы абаранялі ў Маскве. Чаму?

    Вячаслаў Ракіцкі: Таму што тут не было па тэатральнаму мастацтву савету па абароне. Як пасля аказалася, гэта маё шчасце было… Кожны чацвер я выязджаў у Маскву, па пятніцах было пасяджэнне і абмеркаванне. Я меў магчымасці глядзець любы спектакль там, пазнаёміўся з выбітнымі рэжысёрамі, акторамі. У гэты час мой начальнік Няфёд, страшны і адыёзны чалавек, выганяе мяне з Акадэміі навук, тлумачачы гэта тым, што я не разбіраюся ў сацыялістычным рэалізме. А дырэкцыі ён тлумачыў, што я прагуляў, не быў на працы. Хаця ніхто ніколі туды не хадзіў на працу – адзін раз на тыдзень. Гэта была яшчэ і помста за маю падтрымку першай пастаноўкі ў наш час «Тутэйшых» Купалы ў Магілёве рэжысёрам Валерыем Маслюком. Наспявяў скандал, услед за маёй дысертацыяй у Маскву пайшла рэзкая адмоўная рэцэнзія на яе аўтарства Няфёда. (Ён, кіраўнік дысертацыі, піша разнос на маю дысертацыю!) Дзякуй Богу, там добра ведалі цану Няфёду. Калі гэтая «цялега» ад Няфёда прыйшла, славуты тэатразнавец Канстанцін Лазаравіч Рудніцкі сказаў мне: “Мальчик, теперь ты можешь быть уверенным, что защитишься. Потому что какая сволочь Нефёд, мы хорошо все знаем”.

    І Вы абараніліся. Але ж засталіся без працы?

    Вячаслаў Ракіцкі: Паўдня. Дырэктару Інстытута Станіславу Марцалеву зусім не хацелася скандалу. Дудараў дамовіўся – і мяне ўзяў Бураўкін на тэлебачанне. Бураўкін з Марцалевым нават аформілі мне перавод, што я і адпачынку не згубіў. Туды ўжо прыйшла Іпатава, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычнай рэдакцыі. Мяне ён браў загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва да Іпатавай у рэдакцыю. Так пачалося маё доўгае супрацоўніцтва з Вольгай Іпатавай. Пазней працавалі разам у «Спадчыне», арганізоўвалі газету «Культура»…

    Дык Вы ж на журфаку ўцякалі ад размеркавання на БТ, чаго ж пайшлі ў выніку?

    Вячаслаў Ракіцкі: Бо я пайшоў туды ў іншай іпастасі. Гэта быў залаты век БТ!.. За камуністамі было нашмат больш свабоды творчасці, чым цяпер там! Ніякіх рускамоўнасцяў! Кожны журналіст павінен быў валодаць беларускай мовай без права працы ў кадры па-расейску. Па-расейску маглі гаварыць толькі выступоўцы ў інтэрв’ю. Гэта было маральнае, сумленнае тэлебачанне, хоць яшчэ і цэнзураванае. Мне была дадзена магчымасць ствараць сапраўдны тэлетэатр на беларускім тэлебачанні. І мы яго стваралі, здымалі арыгінальныя тэлеспектаклі па творах беларускіх аўтараў. Плюс у мяне было свае палутарагадзіннае шоў “Тэатр і час” раз на месяц. І два разы на месяц я вёў праграму “Пасля прэм’еры”. Людзі глядзелі такія перадачы, мы былі папулярнымі вядоўцамі! Таксісты маглі не ўзяць грошы, падвозячы пасля эфіру. Усё гэта пачало знікаць пасля сыходу Бураўкіна, калі прыйшлі людзі без роду і племені… Гэта страшна: усё, што мы зрабілі, запісваючы спектаклі для гісторыі – усё гэта цяпер знішчана. Памерла Станюта – не маглі знайсці фрагменту! Гэтыя варвары размагніцілі ўсе стужкі!..

    “Бутэвіч падпісвае маё прызначэнне галоўны рэдактарам – і ідзе да Лукашэнкі, ведаючы, што яго звальняюць”

    Слава, распавядзіце пра сваю працу ў “Спадчыне”.

    Вячаслаў Ракіцкі: Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў робіць часопіс “Спадчына” – часопіс Беларускага фонда культуры. І запрашае Іпатаву. Праз два-тры месяцы Іпатава ўгаворвае Чыгрынава ўзяць мяне, і мы разам з Іпатавай пераходзім туды з БТ. Затым мы туды дадаем Кастуся Тарасава, Вінцука Вячорку – і ствараем часопіс “Спадчына”. Напэўна, гэта галоўнае, што я зрабіў у сваім жыцці. Мы перадрукоўвалі артыкулы Янкі Купалы 1920‑х гадоў, якія ніколі пазней не друкаваліся! Мы друкуем усю беларускую эміграцыю, усю рэпрэсаваную літаратуру! Потым Іван Чыгрынаў сыйшоў, часопіс стаў, па-сутнасці, прыватным, я стаў галоўным рэдактарам. Гэта быў першы недзяржаўны тоўсты часопіс, і, натуральна, улады здзекваліся над ім як толькі маглі.

    Я чуў, што на галоўнага рэдактара “Спадчыны” Вас прызначалі нейкім цікавым чынам…

    Вячаслаў Ракіцкі: Была фантастычная сітуацыя! Часопіс не маглі перарэгістраваць, не было галоўнага рэдактара, часопіс закрывалі. Тады быў міністрам культуры і інфармацыі Анатоль Бутэвіч. Гэта чалавек, абсалютна зацікаўлены ў развіцці нацыянальнай культуры, і ён быў прыхільнікам нашага часопіса, з павагай ставіўся да нас. Раніцай мяне пабудзіла тэлефанаванне сакратаркі Бутэвіча: “Вячаслаў, калі ласка, Анатоль Іванавіч прасіў вас тэрмінова прыехаць”. Я прыязджаю ў Міністэрства культуры і інфармацыі, сакратарка гаворыць: “Анатоль Іванавіч зараз у Лукашэнкі, а вось ваша прызначэнне на пасаду галоўнага рэдактара”. Бутэвіч падпісвае прызначэнне – і ідзе да Лукашэнкі, ведаючы, што яго звальняюць. Бутэвіча звольнілі – і апошняе, што ён зрабіў, — гэта ўратаваў часопіс “Спадчына”. Хаця фармальна, магчыма, ён і не меў права мяне прызначаць у абыход Фонду культуры… Наклад часопіса даходзіў да 10 тысяч асобнікаў. За яго біліся, яго перапрадавалі. Быў фантастычны нумар, калі нейкія людзі скралі стужкі нумара да юбілею БНР і надрукавалі дадатковы тыраж (яшчэ большы за афіцыйны), які прадаваўся на мітынгах…

    Як скончылася гісторыя “Спадчыны”?

    Вячаслаў Ракіцкі: Я там працаваў 11 гадоў. Апошні год працы я разумеў, што за гэты час мы надрукавалі практычна ўсё самае важнае. У нас была канцэпцыя – вяртаць рэпрэсаваную, скрадзеную спадчыну. Улада шалела ад нашага часопіса. Было яшчэ два іншых – “Беларускі гістарычны часопіс” і “Беларуская мінуўшчына”. Нас хацелі зліць у адно. Тры галоўныя рэдактары выступалі рашуча супраць! Спадарыня Лілія Ананіч што толькі ні вырабляла, што толькі ні прыдумляла!.. Гэта адная з самых адмоўных фігур, з якімі я сутыкаўся ў сваім жыцці… Але я шчаслівы, што праз усе тыя складанасці мне давялося працаваць з такім выбітным калектывам. Што казаць, калі мэнэджмэнт часопіса ў нас вёў Алесь Анціпенка! Гісторык Уладзімір Ляхоўскі працаваў… Мы друкавалі вялікія творы з працягам. Людзі чакалі тры месяцы, каб пачытаць працяг твора! Я ніколі не забудуся, як недзе ў выдавецтве мы сустрэліся з Іванам Антонавічам Брылём, і ён гаворыць: “Слава! Калі выйдзе наступны нумар!? Я не магу дачакацца працягу кнігі Малецкага“Пад знакам Пагоні!” Я кажу: “Іван Антонавіч, дарагі, я вас так люблю! Можна, я вам прывязу дахаты гэтую кніжку?” Бо кніжкі ні ў кога не было, яна да мяне патрапіла з Бельгіі ад беларускай эміграцыі. “Не! Я кансерватыўны чалавек, я хачу гэта чакаць!”, – адказаў Брыль… І вось калі мая праца ў часопісе падыходзіла да лагічнага сканчэння, тагачасны кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Вячка Станкевіч, разам з Аляксандрам  Лукашуком, які ўжо тады там працаваў, — яны прапанавалі мне і Вінцуку Вячорку зрабіць сумесны праект з Радыё Свабода. Два разы на тыдзень 25-хвілінны выпуск перадачы паводле матэрыялаў часопіса. І мы з Вінцуком прыдумалі праграму “Неабжытая спадчына”, якую вялі па чацвяргах і суботах. Мне ўжо ў часопісе рабілася нецікава, канцэпцыя вычарпала сябе. Плюс узнікла цікавая праца на Радыё Свабода. 11 гадоў працы на адным месцы для мяне было замнога, я не мог быць і там, і там – мусіў зрабіць выбар. Натуральна, я хацеў перадаць часопіс у надзейныя рукі. За гэта ўзяўся Захар Шыбека, але яны не знайшлі падтрымкі ў фінансаванні… Часопіс змарнеў… Намінальна ён і цяпер выходзіць, але я не ведаю, раз на год ці колькі? Бо мы рабілі часопіс на ідэі, апантаныя гэтым! Заробкаў амаль не мелі – выпісвалі сабе эквівалент 20–25 даляраў!

    А жылі за што?

    Вячаслаў Ракіцкі: Усюды працавалі! Я выкладаў у трох універсітэтах! У Акадэміі мастацтваў, затым набраў курс драматургаў ва Універсітэце культуры, са светлай памяці Ігарам Дабралюбавым мы заснавалі прадзюсарскі факультэт у першым прыватным універсітэце Беларусі – Інстытуце сучасных ведаў. Выкладаў гісторыю ўсясветнай культуры ў Беларускім гуманітарным ліцэі, быў адным з яго заснавальнікаў… А выдаваць “Спадчыну” нам дапамагаў Фонд Сораса. Дапамагаў як? Аплочваў падпіску! А мы сядзелі ўсёй рэдакцыяй і падпісвалі школы, бібліятэкі, універсітэты… Ужо калі мы былі на “Свабодзе”, недзе ў 2000 годзе, Вінцук пайшоў у палітыку, і “Неабжытую спадчыну” я ператварыў чыста ў свой праект “Беларуская Атлянтыда”.

    “Плошча 2010 года мяне перавярнула наскрозь”

    На Свабодзе Вы былі 15 гадоў. І там не займаліся журналістыкай?

    Вячаслаў Ракіцкі: У Мінску я рабіў аўтарскую гісторыка-культуралагічную праграму «Беларуская Атлянтыда», а ў Празе працаваў як рэдактар, займаўся міжнароднымі навінамі — пісаў і чытаў іх. Але ж “пісаў” – гэта выбіраў і перакладаў з заходніх інфармацыйных англамоўных стужак. Праца пры мікрафоне ў студыі — гэта не журналістыка ў чыстым выглядзе. Я ніколі не быў рэпарцёрам.

    Прагучала як “я ніколі не быў журналістам”.

    Вячаслаў Ракіцкі: Журналістыка – гэта ўнікальная прафесія. Я вельмі рады, што скончыў факультэт журналістыкі. Пры ўсім тым, што там адбывалася. Нават ад дрэннага выкладчыка нешта даведаешся, калі захочаш. Плюс існуюць праграмы, якія сістэматызуюць твае веды. Я на журфаку шмат чаму навучыўся. Вельмі любіў замежную і беларускую літаратуру! Я чытаў!  Я не піў! Я хадзіў па тэатрах і чытаў літаратуру. Пасля ўніверсітэту я прачытаў нашмат менш, чым ва ўніверсітэце. А журналістыка – унікальная. Вось калі паглядзець у кінадакументалістыцы, якой я цяпер займаюся. Хто скончыў журфак? Віктар Дашук – класік беларускай кінадакументалістыкі! Мой калега Андрэй Куціла – таксама з журфака! Я з журфака! Адзін з самых любімых маіх людзей, рыжысёр мастацкага кіно Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў – таксама закончыў журфак…

    Дык а пісаць дзе Вы навучыліся?

    Вячаслаў Ракіцкі: У прынцыпе, на журфаку.

    Дык Вас жа там прыгняталі!

    Вячаслаў Ракіцкі:  Ідэалагічна! Але я вучыўся, і вучыўся на пяцёркі – і таму мяне не выперлі! Тэатральны крытык, кінадакументаліст – гэта больш высокі ўзровень журналістыкі. Мы забыліся, што журналістыка – гэта найперш літаратурная творчасць…

    Паставіўшы сабе два помнікі — два тамы “Беларускай Атлянтыды”, — Вы сталі адыходзіць ад Радыё Свабода?

    Вячаслаў Ракіцкі: “Атлянтыда” вычарпаная. То бок, яна невычэрпная, а вычарпаныя мае формы. Я не сышоў са Свабоды і не сыходжу. Я не быў там у штаце. Цяпер, калі хочаце, я маю нейкі адпачынак і новую зацікаўленасць. Не выключаю, што вярнуся туды з нейкай новай перадачай. І зараз маю на найбліжэйшы час цікавую задуму (пакуль сакрэт) у супрацы з Свабодай. Але галоўнае – іншае. Плошча 2010 года мяне перавярнула наскрозь. Я працаваў у той вечар рэдактарам сайта Радыё Свабода. Да мяне сцякалася ўся інфармацыя. І тое, што там адбывалася, затым затрыманні і пасадкі 700 з нечым чалавек, потым гэтыя крымінальныя справы… Мяне гэта ўсё проста выбіла з каляіны, я быў у поўнай дэпрэсіі. І зразумеў, што мушу нешта рабіць зусім іншае. З маім маладзейшым сябрам рэжысёрам Андрэем Куцілам мы сталі думаць.

    “Праблема Беларусі, праблема дыктатуры – звужаная інфармацыйная прастора”

    А як ваш тандэм узнік? Вы – такі дыназаўр, Андрэй такі малады…

    Вячаслаў Ракіцкі:  Нас свядома пазнаёмілі на “Белсаце”. І мы паразумеліся імгненна. І зрабілі. Спачатку “Сцяну” – 12-серыйны тэлевізійны цыкл. Пра людзей, якіх не слухалі на судзе, а адразу кідалі на 10 сутак. Потым мы прыдумалі серыял “Краты” – споведзі людзей, якія месяцы прасядзелі ў турмах за свае перакананні, якіх катавалі… Знялі фільмы пра Статкевіча і Саннікава… Напэўна, усе гэтыя здымкі былі самай цяжкай журналісцкай працай для мяне. Бо трэба было выслухаць людзей. Гэта фантастычная штука – яны мне ўсе сталі як родныя! І для мяне было ўнікальна, што мы прапанавалі паўдзельнічаць у “Кратах” 11 асобам – і 10 пагадзіліся. А адзінаццаты не тое што не пагадзіўся – проста перастаў здымаць слухаўку. Але гэта – права кожнага. Лёс кожнага чалавека, які ўдзельнічаў у здымках, мы перажывалі самі: сядзелі спустошаныя пасля, на мяжы шоку. А пасля быў і 55-хвілінны дакументальны фільм «Даволі! Да Волі…»

    Вячаслаў, Вас не хвалюе, што і “Свабода”, і “Белсат” маюць параўнальна маленькую аўдыторыю? Да таго ж, “Белсат” глядзяць яўна не члены БРСМ і “Белай Русі”. Атрымліваецца, што Вы гутарылі з гледачамі, якіх гэтым не надта здзівіш…

    Вячаслаў Ракіцкі: Ну што ж – мы не можам паказаць гэта на БТ… Што тычыцца “Свабоды”, гэта яшчэ і вельмі вялікая аўдыторыя сайта…

    5–6 тысяч? Гэта менш за 0,1% жыхароў Беларусі…

    Вячаслаў Ракіцкі:  Нашы праграмы – як на “Свабодзе”, так і на “Белсаце”, растыражаваныя ў інтэрнэце. Хто падлічваў гэтую колькасць? Фільм “Даволі! Да волі…” вельмі моцна растыражаваны на YouTube (20 тысяч праглядаў  Г.Л.). Выставіла Радыё Свабода – і там больш за 1000 праглядаў. Плюс – людзі перапісваюць на дысках, флэшках, спасылаюцца на сацыяльных сетках. Праблема Беларусі, праблема дыктатуры – звужаная інфармацыйная прастора. Перакананы, што калі б афіцыйныя каналы мелі магчымасць паказваць нашыя фільмы – людзі ўжо б даўно думалі інакш… Калі мы кажам пра “Белсат”, то гаворка ідзе прыкладна пра 200 тысяч чалавек аўдыторыі. Але ж сёння ў нас падзел: муж-пазняковец можа глядзець Белсат, а побач будзе сядзець жонка-лукашыстка. Я думаю, што калі выпадковы чалавек паглядзіць, напрыклад, “Краты” з удзелам Ліхавіда, ён задумаецца — а што ж гэта такое адбываецца ў гэтай краіне, калі 19-гадовы хлопчык мужна перанёс такія пакуты? Канешне, мне крыўдна, што мала людзей глядзяць нашыя фільмы, што нас, беларускую інтэлігенцыю, загналі ў рэзервацыю! Канешне, я б хацеў, каб наш з Андрэем фільм “Даволі! Да волі!..” паглядзеў прынамсі кожны другі беларус…

    “Бальшавікі, рускія, камуністы вельмі моцна прайшліся па нашаму роду…”

    Вашыя родныя Празарокі, Ігнат Буйніцкі – гэта зрабіла вашае жыццё тэатрам?

    Вячаслаў Ракіцкі: Так! Для мяне абсалютная ісціна, што чалавек жыве, развіваецца, выбірае жыццё на генетычным узроўні. Тое, што я прыйшоў у тэатр, – я гэта аналізаваў… Мая бабуля танцавала на вечарынах Ігната Буйніцкага! Ад фальварка Ігната Буйніцкага ў Палівачах зусім блізка да месца, дзе мы жылі. І мая бабуля прыходзіла на яго вечарынкі, там танцавала. Я з дзяцінства бачыў Голера – гэтага цымбаліста, які быў ужо на старасці гадоў зусім дзіўным чалавекам, хадзіў з кійком, крычаў!.. Я з дзяцінства ведаў пра Язэпа Драздовіча, які колісь хадзіў  паміж нашымі хатамі і маляваў гэтыя свае дыванкі. І самы цікавы ўспамін майго дзяцінства звязаны з Буйніцкім. Гэта фантастычны збег абставінаў! Я быў малы зусім – і раптам павярнулася ўвага камуністычнай навукі да Буйніцкага, да каранёў тэатра. Раптам улады вырашылі ўшанаваць памяць Буйніцкага і перапахаваць яго ў цэнтры Празарокаў з тых Палівачоў! Там, дзе ён быў пахаваны, былі кусты, парытыя свіннямі і гэтак далей, могілак як такіх не было. Я, дарэчы, мала што з дзяцінства ўзгадваю. А тут заплюшчваю вочы – і вельмі выразна ўзгадваю той дзень! Раніцай прыбегла нашая піянерважатая Рэгіна Карпеза, якая пасля выкладала англійскую мову: “У нас тут тэатр, аказваецца, нарадзіўся! Прыедзе дэлегацыя! Мы павінны ўпрыгожыць магілу Буйніцкага!” Паклікалі нас, дзяцей, сказалі кожнаму нарваць каля дома кветак, каб мы маглі там паставіць букецікі. Я нарваў букецік – і мы пайшлі за чыгунку. Настаўнікі і мясцовыя людзі павысякалі гэтыя кусты, насыпалі пясочкам курганок магілы, і мы пальцам утыкалі ў пясочак гэтыя кветкі… А праз усе Празарокі вядзе даўжэзная вуліца ад сяльмага і да пераезду, да станцыі Палівачы. І вось ідзе працэсія з вянкамі. Уперадзе працэсіі – Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Макаль, Няфёд… Усе яны ішлі цэлай працэсіяй з партрэтам Буйніцкага туды для ўшанавання гэтай памяці. А мы, дзеці, беглі перад гэтай працэсіяй. І вось як зараз памятаю: ідзе там мітынг, ушанаванне магілы, і раптам з’яўляецца нейкі п’яны мясцовы мужык. Пачынае пытацца, а што ж гэта тут адбываецца. І раптам пачынае галасіць: “А што ж гэта мая Гэля такога зрабіла, што ёй такія мітынгі харошыя, такія почасьці?!” Яго пачалі адцягваць за рукі далей адтуль. А ён крычаў, што гэта магіла нейкай ягонай сваячніцы – не памятаю — маткі, сястры, цёткі… Праз пэўны час адбылося перазахаванне…

    Гэлі?

    Вячаслаў Ракіцкі: А вось і не ведаю па сённяшні дзень. І глыбока сумняюся, што там перазахаваны Буйніцкі!

    Перазахавалі міф.

    Вячаслаў Ракіцкі: Перазахавалі міф! І гэта добра!

    Ваш род з саміх Празарокаў?

    Вячаслаў Ракіцкі: Непадалёк. Род маці – гэта 10 кіламетраў ад Празарокаў – Чарневічы. Маці з багатай сям’і. Дзед быў даволі багаты: каля 50 гектараў зямлі, лес… Раскулачылі. Некалькі разоў арыштоўвалі. Бальшавікі, рускія, камуністы вельмі моцна прайшліся па нашаму роду… Дзед знік бясследна ў чарговай высылцы ў 1950‑х гадах. З дапамогай Сяргея Навумчыка мы прабраліся ў Віцебскі архіў КДБ, і апошняе, дзе ён згадваўся — гэта тое, што яго саслалі ў Кіргізію. Калі я быў на 60-годдзі Чынгіза Айтматава, гуляў там цэлы месяц, я папрасіў Айтматава дапамагчы. Ён звярнуўся ў мясцовае КДБ (бо Чынгіз Айтматаў быў там больш магутны, чым першы сакратар партыі), і КДБ Кіргізстана не знайшло яго слядоў… Бабуля была сасланая ў Казахстан і вярнулася пасля смерці Сталіна. Цётка, якая ўжо была замужам у Празароках, была сасланая ў Архангельскую вобласць. Там яна ў ссылцы страціла дзіця, затым з арміяй Андэрса дабралася да Англіі. І цяпер жыве там у свае 100 гадоў у доме састарэлых. Матчын брат быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры і быў сасланы кудысьці ў бок Уралу, па дарозе так гэта ўсё ўзяў сабе ў галаву, што захварэў на менінгіт і памёр. Іншых таксама зачапілі… Маю маму ўсё жыццё папракалі, што яна “кулацкая дачка”. Напрыклад, у Празароках была сярэдняя школа – а ёй не было там месца працаваць. Яе пасылалі ў вёску кіламетраў за 10, дзе яна павінна была ўставаць у 5 раніцы і ісці пехам. Ваўкі, зіма, лес, страх божы… Я таксама ў дзяцінстве чуў некалькі разоў ад дырэктара школы: “кулацкі ўнук”. Гэты ж дырэктар, які выкладаў геаграфію, мне ў 9 класе ўваліў чацвёрку – толькі для таго, каб я не атрымаў медаля, як мой брат. Папрокі ў кулацтве я чую і дагэтуль – зусім нядаўна адзін з маіх суседзяў па лецішчы, чалавек мастацтва, сказаў на мяне з мамай: “недабіткі”.

    Гэта вы па маці сказалі. А па бацьку?

    Вячаслаў Ракіцкі: Бацька таксама з Заходняй Беларусі, але быў з беднай сям’і. Ён быў каля ўладаў мясцовых, скажам так. Працаваў у школе намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы, затым нават уступіў у партыю, а пазней, калі бацькі развяліся, працаваў парторгам у калгасе ў Глыбоцкім раёне. Але ў бацькі таксама глыбока шляхетны род. Па бацьку — Ракіцкія, Грыбоўскія, па маці — Фурсы, Бельскія. З усіх бакоў шляхта… Адпаведныя і ментальнасць, і выхаванне. З дзяцінства мяне пераследуе такі ўспамін: ноч, я сплю, як раптам чую — нешта шыпіць… Расплюшчваю вочы – а гэта радыё. Маці з бацькам сядзяць і ціхенька слухаюць то “Голас Амерыкі”, то Радыё Свабода… Я з дзяцінства, хай і не ў падрабязнасцях, ведаў пра сапраўднае аблічча камунізму. Ведаў, што выраблялася. Маці расказвала, як прыйшлі бальшавікі ў 1939 годзе. Як яны зайшлі да іх у дом. Маці была малая. Яна памятае, як бальшавікі адразу закрычалі: “А ну-ка нас карміце!” Зайшлі брудныя, смярдзючыя… Бабуля забегала, паслала абрус, паставіла ўсё… “А водки?!” А дзед у мяне не піў ніколі. У яго быў графінчык – на выпадак, калі хто зойдзе. Звычайна яго на год хапала. Але гэтыя зараўлі, схапіліся за аўтаматы: “Што ты з нас здзекуешся, а ну бяжы па гарэлку!” Дзед пад аўтаматам пабег па хутарах, але назбіраць было нялёгка, бо ўсе гэтак жа пілі… Бабуля паклала нажы, лыжкі, відэльцы. А гэтыя — “навошта!” — дасталі з халяваў ботаў свае лыжкі, аблізалі і гэтым елі… Потым па начах сталі забіраць людзей… Усе сядзелі з клункамі, гадалі: зябяруць-не забяруць… Таму і тэатр, і мой нацыяналізм, антысаветызм – гэта ідзе генетычна… Хаця якая там антысаветчына – ціхая, між сабой шэптам…

    А Вы ніколі не казалі, што ў Вас брат ёсць.

    Вячаслаў Ракіцкі: Так, ён кандыдат тэхнічных навук, лаўрэат дзяржаўнай прэміі. Працаваў практычна ўсё жыццё ў Інтстытуце праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын Акадэміі навук. Адзін з найбуйнейшых спецыялістаў у Беларусі ў гэтай галіне. Дзяржаўную прэмію ён атрымаў з рук Шушкевіча — у 1992 годзе, здаецца. Ён ускосна пацярпеў за мяне… Недзе ці да, ці пасля першай Плошчы Лукашэнка прызначыў дырэктарам інстытута героя. У нас жа ўсяго 5 герояў – Філарэт, Савіцкі, Пракаповіч, вось гэты Высоцкі, і нехта пяты… Высоцкі, здаецца, былы генеральны канструктар МАЗа. Прынамсі, пры ім гэтыя аўтазакі выйшлі. Састарэлы чалавек. Хаця паводле Статута Акадэміі ў такім узросце ўжо нельга было прызначаць. Знайшоўся чалавек, які працаваў у інстытуце і добра мяне ведаў. І данёс да Высоцкага, што ягоны намеснік па навуцы Ракіцкі – “брат врага народа”. Без асаблівых тлумачэнняў яго «выправілі на пенсію». Пэўны час ён заставаўся дырэктарам выпрабавальнага палігона, але нядоўга. Такая вось мая сям’я.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці