Як бабруйскія журналісты навучылі штучны інтэлект маляваць баброў і пісаць музыку
Беларускія медыі пачалі больш актыўна карыстацца штучным інтэлектам. Гэта можна заўважыць на прыкладзе бабруйскага сайта 1387.io.
Штучны інтэлект паступова становіцца неад’емнай часткай беларускіх медыяў. Сёння журналісты выкарыстоўваюць Chat GPT пераважана для апрацоўкі баз дадзеных, стварэння малюнкаў і графікі, а часам нават раяцца з ім як з псіхолагам. Але штучны інтэлект – гэта не толькі Chat GPT.
БАЖ адшукаў на прасторах інтэрнэту бабруйскае выданне 1387.io, якое актыўна карыстаецца сучаснымі тэхналогіямі. Нейрасеткі ствараюць мазаіку з бабруйскім каларытам, малююць баброў у стылі сусветных і мясцовых мастакоў і нават пішуць музыку да аўдыёпраектаў.
Мы папрасілі прааналізаваць кантэнт выдання Змітра Смірнова — аўтара telegram-канала пра выкарыстанне ШІ ў медыях Easy AI.
У праекце «МедыяНаватары» БАЖ расказвае пра тое, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.
Мазаіка ў бабруйскім стылі ад Chat GPT
На сайце 1387.io існуе Віртуальны музей мазаікі. Паводле эксперта, база фотаздымкаў з Віртуальнага музея выкарыстаная для стварэння ўнікальнага візуальнага кантэнта: аўтары кастамізавалі Chat GPT пры дапамозе выяваў бабруйскіх мазаік і далі яму задачу — генераваць выявы ў падобным стылі.
Як кажа Зміцер Смірноў, гэта не так цяжка зрабіць. Трэба загрузіць у Chat GPT базу фотаздымкаў і даць штучнаму інтэлекту падрабязныя інструкцыі – які прадукт павінен атрымацца на выхадзе.
На думку спецыяліста, Chat GPT не малюе бабруйскую мазаіку, а стварае візуал у стылістыцы бабруйскай мазаікі.
Бабры, многа баброў – у стылі Далі, Ван Гога, Рабкіна…
Стварэнне бабруйскай мазаікі – не адзіны варыянт прымянення штучнага інтэлекту ў выданні. На старонках сайта мы знайшлі цэлыя галерэі выяваў бабра, які з’яўляецца сімвалам горада Бабруйск.
Баброў маляваў сэрвіс midjourney.com. Гэта праграма і служба стварэння генератыўнага штучнага інтэлекту, якая робіць выявы на падставе апісанняў на натуральнай мове чалавека.
Сайт 1387.io пры дапамозе гэтага інструмента стварыў цэлую галерэю баброў у стылі сусветных і мясцовых мастакоў – то-бок пры дапамозе штучнага інтэлекту спалучыў вядомыя мастацкія творы з гарадскім сімвалам.
Музыка для «Міфічнага Бабруйска»
Вядома, што калектыў сайта робіць на YouTube гістарычны аўдыёпраект «Міфічны Бабруйск» (выйшлі ўжо 6 выпускаў падкаста). Музыка да праекта ствараецца пры дапамозе штучнага інтэлекту.
«Ніколі не думалі, што наш горад такі цікавы». Беларускі стварылі падкаст пра міфы і легенды Бабруйска
Напрыклад, у 6 выпуску «Міфічны Бабруйск. Самая страшная турма імперыі» расказваецца гісторыя знакамітай Бабруйскай крэпасці. На працягу ўсяго аўдыёпадкаста гучыць музыка, створаная SUNO AI. І досыць арганічна ўпісваецца ў стылістыку гісторый.
Сайт абавязкова ўказвае аўтарства штучнага інтэлекту.
Даведка. Праект 1387.io створаны ў 2023 годзе. Гэта выданне пра Бабруйск і бабруйцаў. Як указана на сайце, гэта пляцоўка для ўсіх, хто любіць горад. Рэсурс расказвае пра людзей і важныя мясцовыя падзеі, урбаністыку, экалогію, адукацыю, гісторыю.