Мінздароўя: “Рэйтынг закрытасці” – гэта суб’ектыўная ацэнка журналістаў
Выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Міністэрства аховы здароўя Вольга Бартман пракаментавала вынікі даследавання ГА “БАЖ” на прадмет закрытасці дзяржаўных ведамстваў.
– “Рэйтынг закрытасці” – гэта суб’ектыўная ацэнка журналістаў. На самой жа справе мы з інфармацыяй працуем, увесь час прадстаўляем яе карэспандэнтам. Бываюць, канешне, моманты, якія патрабуюць дадатковай праверкі. На гэта патрэбны час, менавіта таму такую інфармацыю па першым запыце ў Міністэрстве могуць і не даць, – адзначыла Вольга Бартман.
Адметна, што апроч выканання абавязкаў прэс-сакратара ведамства Вольга Бартман займае пасаду начальніка аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Менавіта на адрас Вольгі Бартман і гучала больш за ўсё нараканняў журналістаў.
Нагадаем, што па выніках вуснага і пісьмовага апытання журналістаў ГА “БАЖ” склала рэйтынг самых закрытых дзяржаўных установаў, узначаліла які Міністэрства аховы здароўя. Больш чым 46% апытаных журналістаў заявілі, што маюць праблемы пры звароце па інфармацыю ў ведамстве.