• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Дзмітрый Дрыгайла

    Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006-га года мне патэлефанавалі з кіраўніцтва маскоўскага офісу “Прайм-тасс” наконт працы. У гэты ж час паступалі прапановы і ў Беларусі: ад “Tut.by”, “Еўрапейскага радыё для Беларусі” і “Радыё Рацыя”... Але маскоўская прапанова была першай.

    Гісторыя ад’езду

    У Беларусі я працаваў 12 год у музычнай школе і, паралельна, у “Белорусской деловой газете”, дзе пісаў пра палітыку і раз-пораз пра спорт і культуру. У 2004‑м годзе прадстаўніцтва агенцтва “Прайм-тасс” у Мінску прапанавала мне стаць намеснікам дырэктара беларускага бюро. Я пагадзіўся і прапрацаваў там год на пасадзе камерцыйнага дырэктара. Да гэтага я адсочваў інфармацыю, звязаную з Мінгарвыканкамам і жыллёвым сектарам, а таксама меў парламенцкую акрэдытацыю…

    Год мінуў, агенцтва выйшла на самаакупнасць – сваю задачу я выканаў. Але мы не паразумеліся з маім працадаўцам у Беларусі ў пытаннях кіравання структурай, і я вырашыў сысці. А тут акурат пачаліся прэзідэнцкія выбары 2006-га года, і я ўзначаліў сайт Аляксандра Мілінкевіча – тады адзінага кандыдата ад апазіцыі. (Я і да гэтага часу да яго стаўлюся з вялікай павагай і лічу, што гэты чалавек мог быць вельмі карысным на самай высокай пасадзе ў краіне.)

    У часе той кампаніі мне патэлефанавалі з маскоўскага офісу “Прайм-тасс” наконт працы. Адначасова паступалі прапановы і ў Беларусі: ад “Tut.by”, “Еўрапейскага радыё ў Беларусі” і “Радыё Рацыя”… Узважыўшы, што вынікі прэзідэнцкай кампаніі досыць прадказальныя, а трэба неяк расці, самарэалізоўвацца, працаваць не толькі з “гета”, але і з дзяржаўнымі асобамі і палітычным сектарам, я пагадзіўся паехаць у Маскву.

    Тут я пачаў працу над супольным праектам “Прайм-тасс” з сусветнай агенцыяй “Dow Jones”. “Прайм” мае статус генеральнага прадстаўніка “Dow Jones” ў Расіі і СНД і робіць некалькі стужак на рускай мове. Я ўзначаліў праекты па развіцці гэтых стужак, па продажы іх B2B for C (тобок ­– бізнес для бізнесу для канечных карыстальнікаў).

    6 год я працаваў ў “Прайме”, некалькі год запар мяне спрабавалі перацягнуць іншыя працадаўцы, у тым ліку “РИА Новости”. Але ў 2011‑м годзе “Прайм” перастаў існаваць як самастойная агенцыя – яго набыло “РИА Новости”.

    Мне прапанавалі ўзначаліць бізнес-накірунак у новай структуры. Падумаўшы, я пагадзіўся і не шкадую, бо “РИА Новости” дрэйфуе зараз у бок бізнесовага развіцця. Яны не ўзгадняюць публікацый з Адміністрацыяй прэзідэнта і ўрадам, хоць тыя фармальна і з’яўляюцца іх заснавальнікамі. Таму наша дзейнасць не звязаная штодня з нейкімі тэлефанаваннямі “наверх” і г.д. Я ўжо год працую на гэтай пасадзе і спадзяюся, што некаторыя планы яшчэ змагу тут рэалізаваць…

    Ці лёгка Вам даўся ад’езд?

    Не, не лёгка. У Беларусі засталіся і бацькі, і дзеці, і бабуля, і шмат сяброў, з якімі не атрымліваецца часта бачыцца. Але такое жыццё. Ды, урэшце, недалёка ад Мінска да Масквы. Няма мытні, няма пашпартнага кантролю. Таму на працягу ўжо амаль 7 гадоў мне ўдаецца прыязджаць ў Беларусь прыкладна раз на тры тыдні. Я не губляю сувязі з краінай, і я ў кантэксце падзеяў, што адбываюцца ў Беларусі.

    Але вакол Вас цяпер зусім іншае кола людзей у параўнанні з тым, што было у Мінску?

    Так, безумоўна. І нельга сказаць, што гэта кепска. Паколькі я працаваў з фінансавым рынкам не толькі ў Расіі, але і ў краінах СНД, то знайшоў вельмі шмат добрых знаёмых і нават сяброў ва Украіне. Тым больш, што я вольна размаўляю па-украінску. Я зараз нават часцей бываю ва Украіне, чым тады, калі працаваў у Мінску. Па-другое, маскоўскія сябры з бізнес-сектару, з сектару сродкаў масавай інфармацыі – добрыя і цікавыя людзі. Я магу толькі радавацца, што сустрэў іх на сваім жыццёвым шляху.

     

    Ці маглі ў Беларусі, на вашу думку, паўстаць такія вялікія камерцыйныя праекты, як “РИА Новости”?

    “РИА Новости” не ёсць цалкам камерцыйны праект, хутчэй – вялікі дзяржаўны. Але ёсць і камерцыйныя праекты, накшталт “РБК”, “Интерфакса”, “РосБалта”. Да вялікіх дзяржаўных праектаў належаць “ИТАР-ТАСС” и “РИА Новости”, але ў кожнага з іх свой лёс і свой бізнес-сегмент. Калі бізнес-працэсы добра наладжаныя, калі ёсць маркетынг, аналіз рынку, добрае разуменне свайго прадукту, аўдыторыі, прыязныя стасункі паміж людзьмі, то ўсё гэта спрыяе развіццю структуры.

    Думаю, што ў Беларусі гэта ўсё ўжо амаль ёсць, але па зразумелых прычынах развіцця быць не можа. Наша краіна ўжо амаль 20 гадоў знаходзіцца на “ручным кіраванні”. Адпаведна, кожны крок трэба ўзгадняць, ёсць вялікі страх прыняць не тое рашэнне… Такія рэчы запавольваюць развіццё.

    Ці ёсць у Маскве беларуская журналісцкая тусоўка?

    Ёсць, але гэтыя людзі працуюць не толькі ў Маскве – некаторыя з іх ездзяць па ўсёй краіне. Ці сустракаемся мы нейкай “беларускай тусоўкай”? Не, не сустракаемся. Але ёсць стасункі з пэўнымі людзьмі, з якімі я быў звязаны па працы ці па іншых справах.

     

    Ці маеце намер вярнуцца ў Беларусь? Якая структура, на Вашу думку, дазволіла б Вам развівацца гэтак жа, як цяпер у Маскве?

    На тым жа ўзроўні знайсці цяжка – у Мінску вельмі абмежаванае кола кампаній, якія могуць дазволіць сабе развіццё паводле бізнес-мадэлі. Такіх кампаній, як “Дарида”, “Трайпл” альбо іншыя, мала, і там усе месцы занятыя…

    Думкі пра вяртанне перыядычна ўзнікаюць, але я заўсёды задаю сабе пытанне: што там рабіць?

    Можна, канешне, працаваць, як раней, у музычнай школе. Там зараз вучыцца мая дачка, мяне туды перыядычна запрашаюць – ідзіце, маўляў, на працу, заробак 200 даляраў… Але чым я буду тады карміць сваіх дзяцей? І колькі працаў трэба будзе ўзяць адначасова, каб элементарна не галадаць? У мяне быў ужо такі момант, калі я меў 3–4 працы: гэта гонка, якую ты можаш пэўны час вытрымліваць, але пасля проста здаешся…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці