• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Валер Руселік, Варшава

    “Найбольшае, што людзі за мяжой могуць, – быць люстэркам Бацькаўшчыны. Беларускую Беларусь трэба рабіць у Беларусі, тады па-за межамі яна сама створыцца!”

    Гісторыя ад’езду

    “Белсат” ад пачатку меў вялікую долю гарадзенцаў, сярод якіх шмат маіх сяброў, знаёмых, з якімі мы ў журналістыцы разам працавалі. “Белсат” ніколі чужым і не быў. Наконт працаўладкавання мы раней некалькі разоў размаўлялі з Аляксеем Дзікавіцкім, але то яго чаканні не супадалі з маімі, ці то мае – з ягонымі. Апошні раз мы сустрэліся ў 2010 годзе, ў канцы траўня – я якраз сышоў з “Еўрарадыё” і быў без працы. А тут паступіла прапанова,  і я паехаў, бо мне не было чаго губляць, я быў адкрыты да ўсіх прапановаў.

    Акліматызацыя

    Вялікай праблемы з акліматызацыі ў Варшаве не было, бо з 2005 года большую частку свайго часу я праводзіў за мяжой – у Вільні жыў амаль 4 гады, шмат ездзіў. Таму жыць у замежжы, асабліва калі маеш шмат сяброў, – не праблема. Я прыехаў да сваіх сяброў, прыйшоў на працу, мяне адразу “кінулі ў бой”. Вось табе заданне – рабі.

    Я прыйшоў у іншы від медыя, у якім не працаваў раней. Праўда, у Вільні я працаваў на тэлевізіі, але там трохі інакш усё было… Але дапамаглі гарадзенскія сябры.  Я падсеў побач са сваім сябрам Дзімам Ягоравым і пытаўся ў яго, як той ці іншай праграмай карыстацца, дзе што і як уключаць і г.д. Так што акліматызацыя – як прафесійная, так і геаграфічная – адбылася без болю і пакутаў.

    Пра папярэдняе жыццё ў Вільні

    У Вільню я паехаў вучыцца пасля таго, як мяне выгналі з журфака БДУ. Я вучыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, працаваў на будоўлі, быў кіраўніком мясцовай беларускай арганізацыі, працаваў на Віленскай тэлевізіі ў праграме “Віленскі сшытак” разам з Таццянай Дубавец. Цікавае было жыццё.

    Вы шмат жывеце за мяжой. Ці цісне на Вас чужое асяроддзе?

    Калі я толькі прыехаў ў Вільню, у мяне журналістка Радыё “Свабода” Таццяна Поклад пытала пра нешта падобнае. Я памятаю, што адказаў ёй, і той адказ не змяніўся. Калі казаць пра мову – змены неістотныя. Твая Радзіма, твая мова з табою ў сэрцы. І не важна, ці ты ў рускамоўным Гродне, ці ты ў Непале, ці ты ў Вільні літоўска-беларуска-польскамоўнай.

    Ці ёсць нейкія этапы, якія ты праходзіш, жывучы за мяжой?

    Канешне ёсць. Першы этап – самы складаны. Гэта як кветка, адарваная ад зямлі, – яна яшчэ не прызвычаілася, рана не загаілася. Ты прыязджаеш, і ў цябе ў замежжы адразу з’яўляецца куча клопатаў вельмі празаічных, якія датычаць побыту і займаюць шмат часу, сіл, нерваў…

    Жыццё эмігранта зусім не салодкае. Першы год самы цяжкі, таму добра, калі ты едзеш туды, дзе ёсць сябры, і калі ёсць магчымасць ездзіць дахаты.

    Таксама дапамагае, калі ёсць пэўная мэта. У Вільню я ехаў спачатку дзеля адукацыі, пасля – дзеля нейкай дзейнасці ў беларускай Вільні. У Варшаве праца на незалежнай тэлевізіі – гэта таксама мэта.

    Вільня, Варшава.. Як выглядае тут беларускае асяроддзе?

    У мяне ёсць сябры, гарадзенцы, беларусы, якія таксама воляй лёсу апынуліся ў Варшаве. З імі я падтрымліваю кантакт. Што да іншых –у мяне проста не стае часу на падтрыманне нейкіх кантактаў, бо заўсёды на працы – з раніцы да ночы. Але я не скажу, што гэта агульная сітуацыя, бо ў Варшаве багата беларусаў, хапае беларускіх асяродкаў, ініцыятыў. І яны не перасвараныя паміж сабой, як у Беларусі ці ў Вільні. Проста кожны сам па сабе – хтосьці ладзіць кватэрнікі, хтосьці – выставы, хтосьці збірае палітычных дзеячоў, хтосьці, як “Беларуская нацыянальная памяць”, ушаноўвае магілы нашых герояў. Але ўсе неяк самі па сабе, няма такога разумення, што трэба збірацца разам.

    Можа, такая сітуацыя, бо зашмат розных людзей з’ехала?

    Проста не варта чакаць ад эміграцыі, што яна збудуе метраполію. Найбольшае, што могуць людзі за мяжой, – быць люстэркам Бацькаўшчыны. Наіўна чакаць, што па-за межамі Беларусі створыцца нейкі вялікі беларускамоўны асяродак, з беларускай культурай, калі гэтага няма на Бацькаўшчыне. Бо родная зямелька павінна даваць сокі, яна павінна жывіць, а без гэтага твае сілы проста змяншаюцца і знікаюць. Беларускую Беларусь трэба рабіць у Беларусі, тады па-за межамі яна сама створыцца…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці