• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Віктар Дзятліковіч

    Нататкі вучыўся пісаць у "БелаПАН"; артыкулы -- у "Белорусской деловой газете" і "Белорусской газете"; радыёэфір асвойваў на "Радыё Свабода"; тэлеэфір -- у беларускім бюро "Грамадскага расійскага тэлебачання" (ОРТ). Скандальныя рэпартажы атрымліваліся ў "Программе Сергея Доренко", рэпартажы з вайны -- на тэлеканалах "ТВ-6" і "ТВС". Дзесьці ў прамежках былі "Московские новости" (прыемна ўзгадаць) і "РТР" (забыцца як страшны сон). З 2007 года -- у "Русском репортере", -- піша пра сябе сам аўтар.

    Гісторыя ад’езду

    Ёсць розніца – па сваёй волі з’язджае чалавек ці не па сваёй. У мяне была сітуацыя вымушанага ад’езду.

    Тое, чаму я з’ехаў з Беларусі, павінна быць унесена ў падручнікі па найноўшай гісторыі сучаснай Беларусі. Падрабязна расказваць не буду, а проста нагадаю гісторыю з карпунктам «Грамадскага расійскага тэлебачання» ў Мінску.

    Сітуацыя з карпунктам “ОРТ” у Мінску склалася нервовая. Сядзела ў пастарунках здымачная група Паўла Шарамета – гэта, акрамя яго, яшчэ Зміцер Завадскі і Яраслаў Аўчыннікаў. Але не было вядома, дзе яшчэ адна здымачная група – як потым высветлілася, яна знаходзілася ў пастарунках КДБ… Ішлі размовы пра выклікі на допыты і астатніх прадстаўнікоў карпункта. Параіўшыся з кіраўніцтвам канала, мы вырашылі, што будзе лепш адправіць мяне ў доўгатэрміновую камандзіроўку ў Маскву. Гэтая камандзіроўка расцягнулася на 16 год…

    Таму варта ставіць пытанне не “чаму з’ехаў”, а “чаму застаўся”. Дзесьці праз паўгода сітуацыя выправілася, скончыўся суд над Шараметам, аднавілася праца бюро “ОРТ” у Мінску, можна было ехаць назад. Іншая справа – ці быў сэнс ехаць? Узважыўшы “за” і “супраць”, я зразумеў, што сэнсу няма, і што ў Маскве больш магчымасцяў для працы журналіста.

    Акліматызацыя

    Я не імкнуўся акліматызавацца, бо спачатку ўспрымаў гэта як камандзіроўку – доўгатэрміновую, але камандзіроўку. Я не чакаў, што затрымаюся тут больш чым на месяц, два, тры, а пра гады ўвогуле і не думаў. Першыя 4–5 месяцаў жыў у гатэлі, які побач з Астанкіна, кожную раніцу я снедаў у кавярні, і таму адчуваў сябе прыезджым чалавекам. Потым працэс пайшоў крыху складаней, акліматызацыя расцягнулася на гады два ці тры, але потым неяк усё нармалізавалася. Прыкладна ў той жа час з Мінска ў Маскву з’ехала некалькі маіх сяброў-журналістаў, нават аднагрупнікаў, і стала прасцей.

    Праца

    Спачатку я ўвогуле нічым не займаўся – навошта працаваць, калі сядзіш і чакаеш, каб з’ехаць? Ад мяне ніхто і не чакаў, што я буду нешта рабіць – маёй зонай адказнасці было мінскае бюро.

    Але потым я пазнаёміўся з людзьмі, якія працавалі ў праграме Сяргея Дарэнкі. У той час на “ОРТ” была дырэкцыя інфармацыі і асобная дырэкцыя аналітычных праграм, якую ўзначальваў Дарэнка. Уся дырэкцыя складалася з 10 чалавек – сам Дарэнка, яго шэф-рэдактар, два рэдактары, 5 карэспандэнтаў і два аператары. Каб не памерці з нуды, я пачаў рабіць нейкія сюжэты для гэтай штотыднёвай праграмы. Так усё і закруцілася, і калі прыйшоў час вырашаць наконт вяртання, Дарэнка прапанаваў мне застацца на поўную стаўку. Гэта быў 1997 год…

    Праграма Дарэнкі канчаткова закрылася ў 2001 годзе. Я тады з “Первого канала” сышоў і папрацаваў крыху ў газеце “Московские новости”.  Потым на “ТВ‑6” прыйшла каманда з разагнанага “НТВ” на чале з Кісялёвым, і я паспрабаваў працаваць там – у прынцыпе, гэта было вельмі ўдала. Потым было “ТВС”. Калі і яно развалілася, я крыху папрацаваў на “РТР”, але дзяржаўныя тэлеканалы – гэта не маё. Пасля “творчага адпачынку” я прыйшоў у часопіс “Русский Репортер”, дзе апошнія 5 гадоў і працую.

    Чаму ў Беларусі няма вялікіх медыяпраектаў – такіх, як у Расіі?

    У Беларусі не могуць паўстаць такія медаяпраекты, як “ОРТ”, бо ў Беларусі не жывуць 140 мільёнаў чалавек. Але ў Беларусі ёсць сваё беларускае тэлебачанне, якое ў маштабах краіны з’яўляецца буйным медыяпраектам. Тэлеканалы працуюць на тую аўдыторыю, якая ёсць ў краіне.

    Я не вельмі добра зараз ведаю сітуацыю ў Беларусі. Але, наколькі разумею, ёсць 5–6 даволі буйных каналаў, што для Беларусі, думаю, дастаткова. Проста дзяржаўная палітыка скіравана на тое, каб у краіне не было моцных недзяржаўных каналаў. Зменіцца ўлада – зменіцца і дзяржаўная палітыка, інвестары будуць укладаць у тэлебачанне. Думаю, яны ўкладаюць і зараз, але больш у каналы забаўляльныя, а не грамадска-палітычныя.

    У Расіі такая ж сітуацыя – усе грамадска-палітычныя каналы кантралююцца дзяржавай, а ўсе грошы ўкладаюцца ў тэлеканалы, дзе няма гэтай тэматыкі. Таму я не бачу вялікай розніцы, хоць памеры бізнесу тэлевізійнага ў Расеі больш і спажывецкі рынак большы. У Расіі 140 мільёнаў чалавек, гатовых набываць прадукты, што рэкламуюцца на тэлебачанні. А ў Беларусі – няпоўных 10 мільёнаў, і ў іх значна менш грошай. З’явяцца ў людзей грошы, з’явяцца запатрабаванні – з’явяцца і рэкламадаўцы, і буйныя праекты. Будзе гэта пры Лукашэнку ці не – не так важна. Пры Лукашэнку будуць укладаць у забаўляльнае тэлебачанне больш, пры іншай уладзе – яшчэ і ў грамадска-палітычныя тэлеканалы…

    Што тычыцца газет і часопісаў, тут зноў жа асноўная праблема ў адсутнасці рынку. Існуюць газеты, якія маглі б развівацца ў буйныя праекты пры наяўнасці чытачоў і рэкламадаўцаў. А паколькі яны не могуць выйсці за гэтае абмежаванне ў 10–25 тысяч асобнікаў у накладзе, не можа інвестар прыйсці ў Беларусь і ўкласці 10–15 мільёнаў долараў у стварэнне нейкай газету, бо проста не адаб’е гэтых грошай. Мы кажам пра журналістыку як пра бізнес, а не сацыяльны праект. І друкаваная журналістыка як бізнес у Беларусі цяпер немагчымая, таму і няма ніякіх праектаў. Калі будзе нармальная эканоміка, будуць развівацца і сродкі масавай камунікацыі.

    Ці ёсць у Маскве беларуская журналісцкая тусоўка?

    Спачатку гэта была даволі вялікая тусоўка: калі ты прыязджаеш у іншы горад, то, безумоўна, шукаеш нейкія кантакты. У мяне быў перыяд, калі я шмат кантактаваў з “Грамадой” – беларускай суполкай у Маскве. Потым гэтыя кантакты аслаблі, бо ў мяне змяніліся інтарэсы. Беларусы ў Маскве не вельмі камунікуюць паміж сабой. Вось калі прыязджае Шалкевіч з канцэртам, то збіраецца 50–100 чалавек. У асноўным жа камунікаванне адбываецца на ўзроўні добрых старых знаёмых. Ёсць людзі, з якімі я часта сустракаюся, але гэта тыя, з якімі я кантактаваў і ў Мінску, з якімі вучыўся або працаваў. У прынцыпе, астатнія беларускія мікрасуполкі грунтуюцца на тым жа прынцыпе. Гэта перанос Мінскай тусоўкі ў Маскву, калі з’язджае некалькі чалавек. Канешне, пасля нехта дадаецца, людзі знаёмяцца між сабой, але нельга сказаць, што існуе нейкая “беларуская еднасць”. Калі б гэта было, (з улікам таго, што беларусаў у Маскве недзе 100, ну хай 50 тысяч) – гэта была б моцная сіла, а яе няма.

    Ці не думаеце пра вяртанне?

    Я такіх магчымасцяў не шукаю, бо не бачу, дзе б мне было так цікава працаваць, як працуецца зараз у Маскве. Можа, час зменіцца, улада зменіцца, праекты з’явяцца нейкія, інвестары будуць укладаць у гэтыя праекты не дзесяткі тысяч і нават не сотні тысяч, а дзесяткі мільёнаў долараў…

    Калі такія праекты з’явяцца, будзе цікава. Калі не – будзем дажываць свой век у Маскве, ці, прынамсі, напрыканцы з’едзем у свой домік пад Мінскам. Цікава жыць там, дзе цікава працаваць. У Мінску ў мяне засталося шмат сяброў, але няма месца для самарэалізацыі. Такога месца там няма ўжо 15–20 год. Няма буйных журналісцкіх праектаў. А займацца тым, што не прыносіць грошай, у мяне няма магчымасці. У Беларусі я не магу ўявіць сабе такі праект, як часопіс “Русский Репортер”, толькі таму, што якасная рэпарцёрская журналістыка ў Беларусі немагчымая. Няма ніводнага праекту, які б рабіў стаўку на рэпартаж. Каб чалавек мог тыдзень-два, а то і месяц-два займацца адным праектам, а потым зрабіць пра гэта сюжэт. Не можа сабе дазволіць гэтага беларускі журналіст, якому трэба працаваць у трох месцах і зрабіць 15 нататак за дзень, каб зарабіць 500–600 долараў. Гэта не настолькі прывабная праца, каб думаць пра вяртанне ў Беларусь…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці