Нашы за мяжой: Зміцер Ягораў
"Калі доўга не вяртаешся ў Беларусь, пачынаеш жыць трохі іншай рэальнасцю. Трэба гэта ўлічваць, бо адзіная сувязь з Беларуссю, якая ёсць тут, – гэта нашы беларускія медыя: і афіцыйныя, і неафіцыйныя. Калі едзеш у Беларусь, маеш пэўную карцінку ў галаве, а аказваецца, што там усё крыху інакш..."
Гісторыя ад’езду
Гэта было перад самым стартам “Белсата”, крыху больш за пяць гадоў таму. За некалькі месяцаў – здаецца, у лістападзе – Аляксей Дзікавіцкі фармаваў службу навінаў, і я акурат атрымаў запрашэнне паспрабаваць свае сілы. У той час у мяне ўжо быў пэўны журналісцкі досвед (праўда, зусім не звязаны з тэлевізіяй), і я вырашыў рызыкнуць. Так пачалася мая праца ў “Аб’ектыве” – навінах “Белсата”, а пазней – на электроннай старонцы канала.
Як прайшла акліматызацыя?
Як я казаў, гэта было 5 гадоў таму. У Беларусі, тым больш у Горадні, адкуль я родам, і блізка не было супермаркетаў. І вось я прыехаў у Варшаву і зайшоў у “Auchan”, пабачыў гэтую велізарную краму – гэта быў жах… А мне трэба было набыць нейкія макароны з маслам, бо грошай было няшмат :-).
Спачатку я адчуваў сябе згубленым у вялікім горадзе, як і ў вялікай краме. І жылі мы з хлопцамі на адной кватэры, дзялілі разам гэтыя нашы макароны, хлеб і ўсё, што было… А пазней я зняў кватэру, бо заробак ужо дазваляў, і пачаў трохі інтэгравацца ў гэтае жыццё ў Польшчы.
Лічыцца, што ў Горадні ўсе добра ведаюць польскую мову. Я таксама ў дзяцінстве глядзеў мульцікі па-польску і думаў, што ўсё добра разумею. Але пасля прыезду ў Варшаву высветлілася, што я разумею адсоткаў дзесяць з пачутага. Давялося вучыць мову праз газеты. Пачынаў з анекдотаў у бясплатных газетах, потым перайшоў на больш вялікія і грунтоўныя формы…
Ці не было жадання сесці ў цягнік і вярнуцца?
Насамрэч, была такая сітуацыя, калі я з’ехаў з Горадні і пакінуў там жонку з сынам. З аднаго боку, я разумеў, што гэта шанец атрымаць новы досвед, паспрабаваць новую працу, атрымліваць большыя грошы, лепш утрымліваць сваю сям’ю і развівацца самому. Але і губляць было што. У Горадні я пачынаў новы праект – партал “Твой стыль”. Але пасля мяне ён трапіў у вельмі ўдалыя рукі і да гэтага часу працуе вельмі добра, чым я надзвычай задаволены.
У Горадні мы здымалі кватэру ў хрушчоўцы, на трэцім паверсе, дзе былі шчыліны, раздзяўбаны балкон… Было зразумела, што трэба пачынаць нешта новае, бо дзіцёнак – гэта ўжо большая адказнасць, чым проста жонка ці дзяўчына. Я вырашыў паспрабаваць. Думаў, што паўгода папрацую, а калі не будзе атрымлівацца – вярнуся ў Горадню і буду займацца тым жа, чым і раней. Але так атрымалася, што я ў Варшаве ужо пяць год.
Вядучыя “Белсата” тэрытарыяльна знаходзяцца далёка ад уласнай аўдыторыі. Што на адлегласці дапамагае Вам уявіць, якая яна?
Як кажа мой добры сябра Алесь Залеўскі, трэба распавядаць навіны так, нібы ты кажаш гэта сваім бацькам. І цяпер, калі я пішу свае тэксты для сайта, то ўяўляю сваіх чытачоў досыць прасунутымі, але не занадта паглыбленымі ў палітыку.
Яшчэ я заўважыў такі момант – калі доўга не вяртаешся ў Беларусь, то пачынаеш жыць трохі іншай рэальнасцю. Трэба гэта ўлічваць, бо адзіная сувязь з Беларуссю, якая ёсць тут, – гэта нашы беларускія медыя: і афіцыйныя, і неафіцыйныя. Калі едзеш у Беларусь, маеш пэўную карцінку ў галаве, а аказваецца, што там усё крыху інакш.
Заўсёды існуе нейкая частка грамадства, якая жыве па-за той прасторай, што прадстаўляюць неафіцыйныя медыя. І ёсць частка, што існуе па-за той рэальнасцю, якую апісваюць дзяржаўныя СМІ. Немагчыма чытаць увесь час “Хартыю’97”, што піша артыкулы накшталт “заўтра рэжым рухне”, і немагчыма ўяўляць цэласнасць, чытаючы толькі “СБ.Беларусь Сегодня”. Журналістам, што працуюць па-за межамі Беларусі, трэба часцей вяртацца сюды, сустракацца са сваімі сябрамі, знаёмымі, гутарыць і з незнаёмымі людзьмі, нават кіроўцамі у маршрутцы.
Ці ёсць у Варшаве нейкая беларуская тусоўка?
Я люблю казаць, што жыву на выспе. Ёсць мой дом, дзе жонка і дзеці, ёсць супрацоўнікі-сябры з “Белсату”, з якімі я праводжу шмат часу. У асноўным я кантактую з беларусамі, але ёсць, канешне, і сябры-палякі. Беларускія тусоўкі ёсць, існуе “Беларускі дом”, які збірае вакол сябе нейкіх людзей. Але мы вельмі рэдка бываем на такіх сустрэчах, бо пакуль увесь час займае праца. Зранку ўстаеш, ідзеш на працу, пасля працы вяртаешся дахаты, забіраеш дзіцёнка са школы, дома трэба яшчэ нешта зрабіць, нешта напісаць, зрабіць сваё “хатняе заданне”. Неяк не да сустрэч… Канешне, мы часам збіраемся з хлопцамі, ходзім у лазню (ёсць тут у нас лазня на ўскрайку Варшавы з басейнам і саунай) прынамсі раз на месяц. Адзначаем дні нараджэння, ходзім у нейкія рэстарацыі… Але не часта, бо, калі працуеш у навінах, вольнага часу мінімум. Вось я і жыву на сваёй беларускай выспе тут, у Варшаве…
Вельмі часта я шкадую, што не магу зрабіць паўнавартасных інтэрв’ю з людзьмі з Беларусі, знаходзячыся ў Польшчы. А калі прыязджаю ў Беларусь, то амаль увесь час з’ядае мая сям’я, мае сябры, якія засталіся ў Беларусі… Я зараз чытаю кніжку пра майстэрства інтэрв’ю і вельмі шкадую, што не магу сустрэцца з людзьмі, з якімі вельмі хацеў бы паразмаўляць. Застаецца спадзеў, што яны змогуць прыехаць у Варшаву, на той жа “Аб’ектыў”, і я змагу зрабіць з імі гутаркі для нашай старонкі.
Літаральна на тыдні я паеду ў Беларусь, і ў мяне распісана ледзь не па гадзінах, з кім я буду сустракацца. А наконт вяртання – я не думаю, што ўсё жыццё пражыву ў Варшаве. Я б хацеў вярнуцца ў Беларусь і рэалізоўвацца там, але там зараз не вельмі спрыяльныя ўмовы.
Што б параілі людзям, якія сёння вырашаюць для сябе з’ехаць за мяжу?
Галоўнае – не баяцца цяжкасцяў, бачыць перад сабой мэту, ведаць, як ты хочаш уладкаваць сваё жыццё і працу за мяжой, паспрабаваць запланаваць да дробязяў магчымыя пабытовыя рэчы, асабліва што да бюракратычных працэдур. Але галоўнае – не баяцца праблем, бо іх ад гэтага не паменее.
Па-другое – не трэба баяцца прасіць дапамогі ў іншых людзей. Мне ў першыя гады шмат дапамагалі, і я вельмі ўдзячны ўсім гэтым людзям. Цяпер я стараюся дапамагаць тым, хто толькі нядаўна прыехаў у Польшчу і пачынае тут жыць.