• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактар Край.бай: Маладзечна — найбольш зацікаўлены ў інфармацыі рэгіён

    Сёлета рэгіянальны партал Край.бай адзначыў пяць год працы. Kraj.by друкуе навіны з Маладзечна, Вілейкі, Мядзеля, Браслава, Глыбокага, Пастаў, Докшыц. Як сайт збіраў сваю аўдыторыю, як выжываць і развівацца ў беларускіх умовах і ў чым адметнасць рэгіянальных медыя расказвае галоўны рэдактар партала Святлана ЦІШКО.

    — Пяць год таму дырэктару і ўласніку Максіму Гарамыкіну прыйшла ідэя стварыць партал, які б пісаў пра тое што адбываецца ў нашым рэгіёне, на паўночным захадзе. Хацелі пачаць  з аднаго горада, а пасля вырашылі, што мы павінны быць амбіцыйнымі, таму ўзялі некалькі гарадоў. Падумалі, што акрамя паўночнага захаду возьмем яшчэ і  Паазер’е. Спачатку офіс знаходзіўся ў Вілейцы, а пасля пераехаў у Маладзечна.

    Максім з тагачасным галоўным рэдактарам Вольгай Фраловай ездзілі па рэгіёнах і рэкламавалі сайт. Яны заходзілі ў розныя ўстановы і распавядалі, што ёсць такі партал, які публікуе мясцовыя навіны. Можна сказаць, што мы пачалі з малога. А пасля ўжо пачалі працаваць па крысе з карэспандэнтамі.

    — Якая ў вас карэспандэнцкая сетка?

    — За гэты час было рознае. Спачатку сетка пашыралася, пасля звужалася, а пасля зноўку пашыралася за кошт іншага горада. У нас кожны журналіст курыруе свой рэгіён. На сёння маем журналістаў на месцы ў Маладзечна і Вілейцы. У Глыбокім ёсць фрылансеры. Калі нам патрэбна, каб нехта схадзіў на мерапрыемства ці паздымаў нешта, то з людзьмі праблем няма. 

    Безумоўна, сёння ёсць канкурэнцыя паміж намі, іншымі СМІ і  сацыяльнымі сеткамі. Бо там людзі ўсё адно паведамляюць пра падзеі хутчэй.

    — Згадайце пра прыемныя неспадзяванкі, што здараліся з рэдакцыяй за гэты час.  

    — Мы кормімся маленькімі прыемнасцямі. Напрыклад, падслухоўваем на вуліцы або ў касцёле нешта накшталт: “А ты не ведаеш? Я чытала пра гэта на Край.бай!”. Прыемна, калі нас па галоўцы гладзяць. А бывае так, што на нейкім свяце мы выступаем інфармацыйным партнёрам. І вядоўца запытвае ў публікі: “Ці ведаеце вы Край.бай?” І ўсе крычаць: “Так!”.

    — Якія метады прыцягнення і фармавання аўдыторыі выкарыстоўвае ў сваёй працы Край.бай?

    — Мы з’яўляемся партнёрамі некаторых мерапрыемстваў. Напрыклад, з Маладзечанскім цэнтрам “Расток” мы ладзім забегі паўзункоў. Можна сказаць, што гэта з’яўляецца нашай фішкай. Рэгулярна становімся партнёрамі конкурсаў “Міс Маладзечна” і “Міс Вілейка”, арганізоўваем конкурсы малюнкаў. Для сувязі чытача з рэдакцыяй плённыя конкурсы кшталту “Ліст у рэдкцыю”. Людзі расказваюць пра сваю настаўніцу або пра тое, як яны з сям’ёй святкавалі Вялікдзень. Мы публікуем творы, уручаем прызы. Прыемна, што нам давяраюць, бо ведаюць, што мы не сядзем і паміж знаёмымі не падзелім гэтыя прызы.

    Увогуле ж лісты пішуць рэдка. Калі зусім дапячэ, тады звяртаюцца. Але часта нам пішуць асабістыя паведамленні ў сацыяльных сетках.

    — Якая інфармацыя на сайце найбольш папулярная?

    — Найлепш, канешне, чытаюцца навіны. У нас ёсць блогі, але яны не вельмі папулярныя. На сайце таксама ёсць сэрвісная інфармацыя, напрыклад, расклад працы ўстаноў, руху транспарта.  

    — Ці вітаюцца ў вас аналітычныя матэрыялы?

    — Вітаюцца. Але мы іх не пішам самастойна. Робім перадрук матэрыялаў. Пэўныя аўтары могуць нам прапаноўваць тэмы і пісаць аналітычныя матэрыялы. Мы не робім акцэнта на аналітыку, бо людзі хочуць чытаць хутчэй — пасядзець тры хвіліны на сайце і пакінуць яго. І, да таго ж, пісаць аналітыку — затратна. Журналістаў у нас толькі чацвёра… Таксама думаю, што мы не зусім гатовыя яшчэ, каб пісаць аналітыку самастойна.

     

    — Ці дазваляе рэклама пачувацца ўпэўнена?

    — Мы намагаемся жыць за кошт рэкламы — маем аддзел маркетолагаў-рэкламшчыкаў. І па-ціху выходзім на рэнтабельнасць.

    — Якія адметныя рысы міжрэгіянальных выданняў?

    — Па-першае, іх адметнасць у рэгіянальнасці. Мы вядзем аўтаматычную трансляцыю ў твітар. Мясцовага чытача навіна задаволіць, а мінскі чытач, паглядзеўшы яе, можа незадаволена зафыркаць.

    Другая адметнасць — непрадказальнасць аўдыторыі. Здаецца, і колькасць жыхароў прыкладна аднолькавая, і памеры раёнаў… А ў выніку ў адным горадзе сайт і чытаюць, і каментуюць, і аб’явы даюць, а ў іншым горадзе — амаль на яго не заходзяць. Было б зразумела, калі б там сацыяльныя сеткі былі больш развітыя, ці мясцовая прэса больш забойная… Ды не, бачылі і лепшае.

    Маладзечна — самы запатрабавальны ў плане інфармацыі рэгіён. Там і канкурэнты-выданні, і сацыялныя сеткі развітыя. Напалову менш чытачоў мае Вілейка. Але яны да нас лаяльныя.

    Так званыя “спячыя” рэгіёны — гэта тыя, дзе няма журналістаў на месцы. Тут можам прывесці ў прыклад Докшыцы.

    — Не ва ўсіх гарадах ёсць журналісты на месцы, як вы атрымліваеце інфармацыю з рэгіёнаў?

    — Пяць гадоў быў аб’езд рэгіёнаў, то, адпаведна, была пасля і дамова з мясцовымі чыноўнікамі, трэнерамі бібліятэкарамі. Я думаю, што ўсе ўжо прывыклі да нашага “Добры дзень, гэта партал Край.бай”. І вельмі рэдка нам даводзіцца чуць адмову ў просьбе нешта пракаментаваць.

    — З чаго пачынаецца дзень журналіста, за якім замацаваны пэўны рэгіён? Як журналісту, які сядзіць у Маладзечанскай рэдакцыі, мажліва курыраваць справы, што адбываюцца ў тым жа Браславе? 

    — Кожны журналіст мае свой метад. Нехта пачынае свой дзень з маніторынгу сацыяльных сетак. У нас аднаго журналіста нават паставілі ў “чорны спіс” у адной суполцы. Калі мы хочам паставіць здымкі з сацыяльнай сеткі ў наш матэрыял, то дамаўляемся пра тое з аўтарам. Пры размяшчэнні матэрыяла спасылаемся на аўтара фотаздымкаў. А кіраўнікам суполак у сацсетках гэта непрыемна. Колькі было размоваў накшталт “чаму вы не далі спасылку?”. Таму нашыя журналісты ў сацыяльных сетках шыфруюцца. А ёсць журналісты, якія зранку сядаюць за тэлефон, меўшы перад гэтам мікранараду. Бывае, што нехта выпраўляецца наўпрост у свій рэгіён. Але, наогул, камандзіроўкі — справа досыць рэдкая. Бывае, што мы выступаем інфармацыйным партнёрам нейкага мерапрыемства, напрыклад фестываля “Меч Брачыслава”. Тады, канешне, праца прадугледжвае “сядай і едзь”.

    — Ці ёсць крэда ў вашай рэдакцыі?

    — Мажліва, я адкажу банальна, але мы намагаемся рабіць цікавыя чытачу навіны.

    — Што турбуе вас як галоўнага рэдактара?

    — Непакояць адносіны з некаторымі крыніцамі інфармацыямі, напрыклад, адносіны з кіраўніком ЖЭСа. Турбуе, што пагаршаюцца фінансавыя справы ў Беларусі. Ад гэтага і збоі з тым, з кім раней было лягчэй мець зносіны. Канечне ж, хочацца дасягнуць большай наведвальнасці. Яшчэ нас часам, на жаль, абвінавачваюць у залішняй прывязанасці да рэлігіі. Але рэальнасць такая, што наш край — касцёльны. Вольга Фралова наладзіла добрую сувязь з рэлігійнымі прастаўнікамі. Мы пісалі пра тое, як капуцыны робяць каву, рабілі інтэрв’ю з маладым манахам. На некаторыі такія абвінавачванні магу адказаць, што, па-першае, мы трымем баланс, а па-другое —  мы наўпрост адлюстроўваем рэальнасць. І калі ў жыцці рэлігійнасць займае значнае месца сярод нашых чытачоў, то што тут паробіш?

    ***

    Партал Кraj.by пачаў працаваць 1 студзеня 2011 года. Ён асвятляе падзеі з 11 раёнаў паўночнага захаду Беларусі – Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага, Мядзельскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Браслаўскага, Пастаўскага, Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага.  Кraj.by штодня наведваюць каля 6 000 унікальных карыстальнікаў. У суполках у «Вконтакте» і «Аднакласніках» каля 4000 і 14 000 падпісчыкаў адпаведна.

    Што лавіць журналісту ў рэгіёне? У працяг тэмы ў хуткім часе будзе інтэрв’ю з журналісткай Край.бай Кацярынай Сушко.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці