• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб: Журналістыка фактаў нецікавая

    Грошы – не галоўнае. Рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб распавяла пра важнасць місіі і вернасць прынцыпам, пра свой погляд на аўдыторыю і фарматы журналістыкі.

    Пра адукацыю і прафесію

    Пра журналістыку я марыла яшчэ ў 7–8 класе і нават публікавалася ў мясцовай раённай газеце. Калі прыйшоў час паступаць, падумала, што яшчэ не той узровень, каб ісці на факультэт журналістыкі, варта атрымаць спецыяльнасць, а пасля паступіць на журфак. У тыя часы можна было атрымліваць вышэйшую адукацыю колькі заўгодна і кожны раз бясплатна.

    У выніку я паступіла на гістфак, а праз пэўны час трапіла ў газету “Згода”.

    Мне вельмі пашанцавала, бо я змагла займацца тым, што мне падабаецца, быць побач з людзьмі, якія мне падабаюцца. Гэта шчасце.

    Кожны дзень можа быць розны. Хаця цяпер рэдактарская праца, а яна больш руцінная, але, калі камунікуеш з людзьмі, гэта заўсёды сюрпрыз і радасць. Мне падабаецца тое, чым я займаюся 25 гадоў. Чалавек заўсёды знойдзе, на што паскардзіцца, але агулам — усё класна!

    Пра місію медыя

    Медыя павінны фармаваць чытача, расціць яго, каб праз дзесяць гадоў было каму чытаць тое, што мы робім. У Еўропе гэтая тэндэнцыя — хайп, “жаўтушка” — пераламаная. Такія СМІ заўсёды будуць, канешне, але перавага за ўдумлівымі медыя, якія фармуюць грамадскую думку, выхоўваюць чытача.

    Я лічу, што ў Беларусі гэта проста недазваляльная раскоша не мець выданняў, якія захоўваюць сваю місію. Мы, на жаль, жывём не ў той краіне, дзе можна расслабіцца і казаць: “Ай, якая розніца, пра што мы напісалі сёння, галоўнае, каб нас чыталі”.

    Пра грамадска-палітычныя медыя

    Грамадска-палітычная журналістыка сёння дазваляе ў лепшым выпадку выходзіць у нуль. Сур’ёзныя выданні — сур’ёзныя выдаткі: на журналістаў, камандзіроўкі, расследаванні. Так, гэта свядомая пазіцыя, свядомая найперш для Беларусі, для нас, для тых, хто працуе з намі.

    Мы лічым, што найперш мы павінны хай і не змяніць гэта грамадства, але стварыць тыя ўмовы, пры якіх змены будуць магчымыя. Мы павінны даносіць да людзей тое, што прымусіць іх задумацца, а не проста спажываць тое, што лёгка пераварваецца, я нават не магу сказаць, што мазгамі.

    Я шчаслівая, што ў нас падабраліся людзі, якія гэта разумеюць. Разумеюць, што мы не прыйшлі рабіць бізнес, мы прыйшлі, як бы гэта пафасна не гучала, выконваць своеасаблівую місію, набліжаць той час, калі мы будзем жыць у дэмакратычнай Беларусі.

     

    Пра фідбэк і аўдыторыю

    Часам падаецца: тое, што мы робім, нікому не патрэбна. Але бываюць перыяды, калі бачыш, што на самай справе гэта трэба. Такі перыяд у нас быў летась, калі ішлі суды. Падтрымка чытацкай аўдыторыі паказала: мы робім тое, што трэба. Хай такіх людзей не шмат, але яны ёсць. Гэта тая катэгорыя людзей, якія вызначаюць тэндэнцыі ў грамадстве. Можа, гэта таксама шаблонна прагучыць, але мне не важна, калі “Новы Час” прачытаюць сто тысяч падлеткаў, у якіх няма меркавання, уплыву, сто тысяч гопнікаў. Больш важна, калі гэта прачытае адзін Някляеў, меркаванню якога давяраюць, да якога прыслухоўваюцца.

    Ёсць людзі, якія раней не чыталі па-беларуску, і першыя нумары даваліся ім з цяжкасцю. Цяпер яны спрабуюць нават крыжаванкі разгадваць. Някляеў, гэта прыклад. Настаўнікі ў вёсках — гэта людзі, да меркавання якіх прыслухоўваюцца. У нас невялікая аўдыторыя, але яна ёсць. Папяровы асобнік чытаюць некалькі чалавек.

    Чаго чакаюць ад новых журналістаў

    Важна, каб чалавек падзяляў каштоўнасці рэдакцыі, каб не чакаў вялікіх грошай, не глядзеў на гэта, як на шараговае месца працы. Каб у чалавека былі свае погляды, і ён быў гатовы іх дэманстраваць чытачу. Напэўна, мы будзем выбівацца з міжнародных журналісцкіх стандаратаў.

    Але і меркаванне Аляксея (былога рэдактара “Новага Часу” Аляксея Караля. — Рэд.), і маё меркаванне такое, што журналістыка фактаў нецікавая. Можна пачытаць навіны ў інтэрнэце, Face­book, але, калі хочаш пачытаць нешта, што прымусіць падумаць, павінна быць эмоцыя, уласнае меркаванне, якое можна падзяляць ці не.

    Гэта спараджае дыскусію, цікаўнасць да выдання, ды і ў прынцыпе да жыцця, калі ёсць пра што паспрачацца, што абмеркаваць.

    Справядлівы Кароль

    Пра вялікія тэксты

    Нельга ахвяраваць тэкстамі. Людзі павінны чытаць вялікія тэксты, каб пасля ў галаве гэта пракручваць — згодны з гэтым ці не. А можа, каб скіраваць у іншае месца, дзе можна яшчэ пачытаць па тэме.

    Канцэптуальна — я спадзяюся, калегі мяне падтрымаюць — мы не будзем змяняцца. Магчыма, у нас сайт крыху састарэў, трэба нешта думаць, магчыма нешта рабіць з дызайнам папяровай версіі. Хаця наша аўдыторыя не надта пераймаецца дызайнам, іх цікавіць тое, што мы пішам, а не як гэта выглядае.

    Пра прынцыповую беларускамоўнасць

    Бізнес якраз бачыць, што беларускамоўнасць запатрабаваная, яна дае вынік, дае даход. А медыя нашы ідуць у адваротны бок. Апошнім часам нават тыя выданні, якія не мелі рускамоўных версій, пачалі іх рабіць. Для мяне гэта дзіўна. Здаецца, у бізнесе, які дае рэкламу, ідзе адна тэндэнцыя, а ў медыя — іншая. У свой час беларуская мова лічылася сялянскай. Мы ведаем, што за савецкім часам усе школы ў вёсках былі беларускамоўныя. І гэты падзел — ты беларускамоўны, значыць з вёскі — акурат знішчаў мову. Цяпер беларуская мова пачынае набываць адбітак элітарнасці. Магчыма, гэта яе выратуе.

    Пра працу рэдакцыі

    У першыя гады, калі мне давялося прымаць газету, было цяжка, шмат часу на гэта сыходзіла. Пасля сабралася каманда, якой я магу даверыць і сайт, і газету. Мне стала значна лягчэй, і часу не так шмат сыходзіць. Можна падумаць ужо і пра душу, пра асабістае: пра ўнука, пра хату, нешта яшчэ. На выходных мяне ніхто ўжо і не турбуе.

    Гэта таксама класна, калі ёсць людзі, якім можаш давяраць, калі ведаеш, што можаш не заходзіць на сайт і ўсё будзе добра. Так, могуць быць нейкія нюансы, але ў прынцыпе ўсё будзе добра. Класна і тое, што прыходзяць людзі, у якіх вялікі творчы патэнцыял, ты бачыш, як чалавек пачынае развівацца, яму “заходзіць” тое, што прапаноўваеш, ён за гэта чапляецца, расце. Я спадзяюся, што такіх людзей будзе больш. 

    Як раз ідэя праводзіць конкурс маладых журналістаў імя Аляксея Караля дала штуршок рэдакцыі. Конкурс дазволіў вышукваць, я б сказала, заманьваць у каманду тых асобаў, якія маюць патэнцыял для асабістага развіцця, могуць нешта дадаць “Новаму Часу”. І не проста дадаць, а зрабіць так, каб адчувалася пераемнасць пакаленняў і традыцый. Я лічу, што мой узрост крыху гранічны для рэдакцыі, для газеты. Магчыма, трэба было б даць дарогу некаму маладзейшаму — з і ншым разуменнем, ведамі, але з тымі ж прынцыпамі.  

    Пра медыярынак і перамены

    Калі глядзець на сённяшні стан нашых медыя і ўявіць, што заўтра нешта змяняецца ў краіне, і бізнес пачне ўкладаць грошы ў медыя — гэта будзе дрэнна. Ізноў жа таму, што ў нас амаль не засталося медыя з выразнай канцэпцыяй. А гэта значыць, што сёння яны будуць належыць гэтаму бізнесоўцу і пісаць так, заўтра іх перакупіць нехта іншы, і яны пачнуць пісаць па-іншаму. Для тых, хто застаўся са сваёй пазіцыяй, будзе добра, калі яны здолеюць захаваць каманду і давесці, што менавіта гэтая канцэпцыя мае права на жыццё. Гэта ёсць праблемаю з улікам таго, які ў нас бізнес, якія яго мэты і наколькі ён умее мысліць стратэгічна.

    На жаль, у нас прывыклі думаць максімум на год-два наперад. Можа, гэта і не іх бяда, а бяда сітуацыі ў Беларусі, калі цяжка думаць на дзесяць гадоў наперад, хаця ўсё ж неабходна. Але той стан бізнесу і медыя, якія ёсць сёння, пры раптоўнай змене ў краіне не будуць спрыяць развіццю медыярынку.

    А вялікія грошы не дазволяць захаваць свае прынцыпы. Магчыма, я памыляюся, але на сёння мне бачыцца гэта так. Як толькі пойдуць грошы — а бізнес укладзецца капітальна, то хтосьці можа не вытрымаць і махнуць рукой: ды ну яго, тыя прынцыпы…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці