• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Валошын: “Так, я авантурыст. Але люблю Беларусь”

    Яўген Валошын – нязменны пераможца творчага конкурсу “Вольнае слова” ў намінацыі “журналісцкае расследаванне”. Сябра БАЖ* і зараз – БАЖная персона!

    – Яўген, калі я ўпершыню пабачыла ў “Звяздзе” тваё расследаванне наконт продажу на Камароўцы, цэнтральным мінскім рынку, небяспечнага “бруднага” маку,  я была ўпэўненая, што аўтар гэтага шыкоўнага артыкула – сталы, спрактыкаваны чалавек. Праз пэўны час знаёмы мне па выбітных публікацыях Яўген Валошын перамог у БАЖаўскім конкурсе “Вольнае слова” – і за дыпломам пераможцы выйшаў малады хлапец. Мяне шакавала несупадзенне вобразаў – уяўнага і рэальнага!

    – Што я магу займацца складанымі і сур’ёзнымі тэмамі, першай заўважыла Юлія Слуцкая, калі яна была рэдактаркай “Комсомольской правды”. Я быў стажорам, навучаўся на журфаку, гэта быў першы-другі курс, і “Комсомолка” тады была вельмі прэстыжнай газетай. Юлія Вітальеўна, відаць, адчула, што мне цікава нешта пакапаць-пашукаць і скіроўвала мяне на такія пошукі.

    Я нават памятаю сваю першую “вышуковую” тэму: знайшлі мумію ў мінскай кватэры, у Малінаўцы. Памерлая бабуля дзесяць гадоў праляжала, праз дзесяць гадоў знайшлі яе муміфікаваны труп. Ну, мы пачалі капаць: то бок, ёй дзесяць год пенсію не выдавалі, дзесяць год камуналка ў паштовую скрыню прыходзіла, а ніхто не плаціў і ніхто не патрабаваў. Ляжала яна – як Тутанхамон, мумія, пахаў не было. Хто яна? Высветлілі, што працавала ў музычнай школе за філармоніяй, фотаздымкі знайшлі. Ой, такі знакавы быў матэрыял амаль для падлетка – студэнта другога курса!

    Потым была такая рубрыка — рэпарцёрскі метад: “Выпрабавана на сябе”. Якраз надышла эра інтэрнэт-форумаў, чатаў. Гэта ж цікава! Ты, так бы мовіць, сядзіш на іншым баку дрота і атрымліваеш багаты выбар для знаёмстваў. Я правяраў на сябе, як знаёміцца ў інтэрнэце.

    То былі першыя матэрыялы, дзесьці наіўныя, канешне, але з іх пачалося захапленне журналістыкай такога тыпу. Я, прызнаюся, у стылістыцы – не вельмі, трэба, пэўна, самаадукацыяй заняцца, што і да сёння не атрымліваецца. Рэпартаж у мяне таксама не надта – хіба што жартаўлівы… А вось гэты жанр пайшоў.

    – Ты журфак у БДУ сканчаў?

    – Журфак – гэта лухта. Я ліцэіст БДУ – вось гэтым я ганаруся.

     

    “Ледзь я ўлез на той журфак, ледзь вырваўся з яго дзеля рэальнай працы”

    – Я мінчанін, навучаўся так сабе ў школе – і трапіў у ліцэй пры БДУ. На той час – новы будынак, музыка грала. Гэта прыкладна як зараз Чэмпіянат свету па хакеі – захапленне і ўзрушэнне ў людзей, такога ў іх жыцці не было, ваў! І ў мяне быў падобны эфект: я трапіў у ліцэй, ліберальны па настроях, дзе пераможцы ўсялякіх алімпіяд, дзе табе ўсе паважаюць. Сённяшні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Генадзевіч Пальчык быў дырэктарам, мы яго паважалі.

    Журфак пасля гэтага ліцэю быў паніжэннем – і па духу, і па стаўленні да студэнтаў, і па ўзроўні прапанаваных адкрыццяў у ведах.

    А практыку журналісцкую я пачынаў у “Народнай газеце”. Мікалай Іванавіч Дым быў рэдактарам аддзела лістоў. І першы мой матэрыял быў напісаны ў чацвертым класе школы – “Мама” называўся. «Оранжевый диск солнца зашел за горизонт. Скоро домой придет моя мама. В этот день я получил в дневник синий парус и красного лебедя»… «Чацьверку» і «дваяк», вынікала з гэтых «мастацкіх вобразаў».

    І калі другі матэрыял напісаў, Мікалай Іванавіч Дым сказаў: слухай, па-руску і дурань напіша, нясі па-беларуску. І другі мой тэкст быў на тэму «Моладзь, апамятайся!». Кшталту, з’язджаюць за мяжу, Бацькаўшчыну не любяць… БРСМ маю апантанасць прыкмеціў, мне падарылі сцяг дзяржаўны памерам коўдры, што накрывацца. Я быў акрылены! А моладзь гэтым часам шпарыла ў ЗША, Варшаву… Пасля гэтага тэксту мяне ў рэдакцыі празвалі «малы Лукашэнка».

    У мяне было ўсяго намяшана:  калі я ішоў у школу, я любіў Лукашэнку, а дзённік у гімназіі запаўняў па-беларуску…

    А напрыканцы восьмага класа я паехаў на міжнародны фестываль – нейкія канцэрты былі ў Польшчы, і мне трапіўся Зміцер Гурневіч, сёння радыёжурналіст. І там хлопцы расказалі, што да чаго, сцягі чаму мяняліся, распавялі пра Вітаўта, Гедэміна ды іншых… Я, вярнуўшыся, стаў пачытваць «Нашу Ніву» і «Народную волю».

    Былі выбары 2001 года, і ў маёй падлеткавай галаве здарыўся нейкі пераварот: што нешта адбываецца ў нашай краіне несправядліва.

    Мікалай Андрэевіч Галко таксама дапамог мне ў вызначэнні з прынцыпамі і прафесіяй. Выходзіла газета «Рабочая салідарнасць», я  туды рабіў вулічныя апытанкі, нейкія апавяданні. І там мяне падтрымлівалі: во, напісаў дык напісаў! І я ўяўляў сябе крутым журналістам!

    – Ну, з такім «партфоліо» на журфаку цябе, пэўна, прынялі як зорку!

    – Не-не-не. Ледзь я ўлез на той журфак, шчыра кажучы. Канешне, «Рабочую салідарнасць» у прыёмную камісію не насіў, а прынёс публікацыі з «Народнай газеты». Я мог патрапіць праз алімпіяду на журфак, але  журфакаўскі выкладчык з старой гвардыі, скажам так, рашуча раскрытыкаваў пасаж аднаго з маіх матэрыялаў. Я там напісаў: непрыгожа калупацца ў носе і качацца ў брудзе, а ці прыгожа абражаць сваю нацыянальную годнасць? Усё – на гэтым мае алімпіядныя шанцы скончыліся. І паступаў, як усе, выдурылі галаву тыя экзамены і тэсты, але паступіў на «бюджэт».

    Але асноўную журналісцкую адукацыю, як казаў, атрымліваў у «Комсомольской правде» – там мае першыя «дарослыя» тэксты выйшлі, там вучылі, падказвалі, выхоўвалі.

    – А ў «Звязду», дзе я цябе знайшла, як патрапіў? Сам прыйшоў ці па якім размеркаванні?

    – Я збег ад размеркавання самым дзівосным чынам! Скончыў чацвёрты курс, пачынаўся пяты, а мне прапанавалі працу на «Еўрарадыё». У «Еўрарадыё» працаваць – мець вахты ў Варшаве, трэба на завочку перавесціся. Як? Усе тэрміны для такога пераводу выйшлі, восень ужо. Я прыйшоў да дэкана – Сяргей Валянцінавіч Дубовік, залатой душы чалавек, не ведаю, чаму сцвярджаюць, што «вораг народа», – ды кажу яму: я буду вялікай шышкай, я пра вас не забуду! А ён кажа: і што? І паперу для прынтара купіш? Кажу: і паперу куплю, і сталы абнаўлю, мэблю, аргтэхніку, кампы памяняю ў будучым – перавядзіце! Хоць амаль немагчыма было, мяне перавялі на завочнае, бюджэтнае.

    – Вы з Глебам Лабадзенкам аднакурснікі?

    – Так, Глеб тады адразу пасля мяне да дэкана заходзіў на завочнае пераводзіцца.

    Глеб таксама Дубовіку абяцаў, што стане бальшым чалавекам і факультэту дапаможа. Але Глеба на платнае перавялі.

    – Сябруеце дагэтуль? Абое амбітныя, выбітныя. Гэта не перашкаджае?

    – Глеб – чалавек вельмі няпросты. І была на нейкім этапе пэўная рэўнасць: на алімпіядах Глеб быў мегафаварыт, а я атрымаўся адзінаццатым, мяне не ўзялі па выніках алімпіяды, хоць там блатных паўстаўлялі… Калі працавалі ў «Комсомольской правде», Глеб таксама быў фаварытам. І калі разам пісалі матэрыялы, ён на сябе коўдру цягнуў…

    Але пры ўсім гэтым ён вельмі добры сябра, надзейны чалавек. І чалавек, у якога павучыцца – проста вялікая ўдача. І дагэтуль, шчыра кажучы, я вельмі часта звяртаюся да Глеба, калі трэба засвоіць нешта. Гэта адзін з першых крытыкаў маіх матэрыялаў, шчыры крытык. Нават «рэзаць» гук ён мяне навучыў! Глеб на мяне паўплываў вельмі істотна. Каб не Глеб, я, можа, і ў «Комсомолку» не патрапіў. І ў «Звязду» б не трапіў, каб не Глеб.

    – У «Звядзе» вы працавалі разам?

    – Калі былі выпускныя экзамены, Уладзімір Браніслававіч Наркевіч, рэдактар «Звязды», прысутнічаў. Я прыйшоў у аўдыторыю нават з нейкай знявагай: сядзяць там усялякія дзяржрэдактары, прадажныя людзі, як мне тады здавалася. Пра Уладзіміра Браніслававіча не ведаў нічога. Але сказаў шчыра, як быў перакананы: не журналістыка ў дзяржаўных газетах, бо там цэнзура. Наркевіч адказаў: «У мяне не цэнзура. Не верыце – прыходзьце».

    Першым у «Звязду» прыйшоў Глеб, другім я, і аказалася, што цэнзура была, але былі суперметады, каб яе абыйсці. І быў Уладзімір Наркевіч – бліскучы, па маім перакананні, рэдактар. Рэдактар так званай «старой школы». Але чыста тэхнічна ён падказаў некалькі такіх карысных момантаў, што не снілася многім іншым рэдактарам, якія думаюць, што яны сучасныя і моцныя! Некалькі такіх «фішачак» удалося мне падчапіць ад яго, якія дагэтуль дапамагаюць у расследаваннях.

    І гэта звышпрыстойны, інтэлігентны чалавек. Фенаменальна было на дзяржаўнай пасадзе такога чалавека пабачыць. І так з ім дрэнна абышліся, па-скоцку – пэўна, з‑за таго, што мы там працавалі. Наркевіча вымусілі пакінуць рэдактарскую пасаду за паўгады да афіцыйнай пенсіі.

    – Ты думаеш, гэта здарылася з‑за вас с Глебам?

    – Гэта супала па часе…  Наркевіч нічога ні на каго не спіхваў, ён не дзеліць людзей на «нашых-нянашых», нікога ніколі не абвінавачвае. Але цягалі яго заўсёды за нашы тэксты. А ён сабе не дазваляў іх правіць насуперак сумленню. Не мог чалавек скарыстаць цэнзуру супраць факту і праўды – і ўсё!

    Газета «Звязда» мне дала вельмі шмат – хоць там дызайн своеасаблівы, і тэхналогіі старыя выкарыстоўваліся. Гэта была ўнікальная беларуская газета пры Наркевічу – на яе не было абавязковай падпіскі па «прынудзілаўцы», але яна была на 90 адсоткаў самаакупнай. Вы ведаеце шмат падобных незалежных газет?

    – Ды і ў дзяржаўных гэта вялікая праблема, нават пры датацыях!

    – Дзяржаўныя стратныя ўсе, а «Звязда» амаль сябе акупала. Амаль увесь наклад ішоў на падпіску, але людзі самі тую падпіску выбіралі, нават калі быў загад выбраць дзяржаўную газету дзе ў арганізацыях, многія выбіралі «Звязду». Плюс рэкламныя блокі ў «Звяздзе» ўдала прадавалі.

    – Ці цяжка было пераканаць рэдактара «старой школы», што ты, малады хлапец, можаш лезці ў тэмы небяспечныя?

    – Калі мяне вытурылі са «Звязды» – хоць, насамрэч, я б сам звольніўся па сямейных абставінах –  я зайшоў у адно вельмі прэстыжнае незалежнае СМІ, якое лічыцца ледзь не радыкальным. Ну, апазіцыйным-апазіцыйным! Запытваю: што, калі ў вас друкаваць расследаванні пра наркотыкі? Не-не-не! То бок, там перапалохаліся. А такія расследаванні выходзілі ў «Звяздзе», дзяржаўнай газеце. І падымаўся такі вэрхал ва ўсялякіх інстанцыях!

    А не трэба было «Звязду» пераконваць у патрэбнасці гэтай справы. Наркевіч – вельмі знакавы чалавек, у яго выходзілі знакавыя матэрыялы. Хаця б, калі Лукашэнка балатаваўся ў прэзідэнты, лічыўся тады апазіцыянерам, і дзяржаўныя СМІ баяліся друкаваць ягоную праграму, Наркевіч надрукаваў і Кебіча праграму, і Лукашэнкі побач. Павышанай справядлівасці чалавек. І яму хацелася, каб праблемныя матэрыялы з’яўляліся ў ягонай газеце.

     

    «Старыя» метады працуюць!

    – Жэня, але з самага пачатку, калі ты ўлез у гэтую «наркатычную» тэму, ці не жудасна было? Ну зараз ты, як кажуць, на кані – і міністэрства ўнутраных спраў прыняло пэўныя захады, і рэакцыя ёсць адпаведная ў грамадстве. Але ты лез у кодла! У надта крыміналізаваны свет. Ты хоць разумеў, што гэта – мафія?

    – Разумеў. І даведаўся, хто пакрывае. І праблем займеў сур’ёзных. Але метад даследчы ў нашым грамадстве быў невядомым, ніхто не чакаў такіх выкрыццёў ад журналіста. А калі ад журналіста гэтага не чакаюць, не прымаюць прэвентыўных захадаў – чаму ж не спрацаваць? Былі адчыненыя ўсе дзверы, можна сказаць. І далей – проста. А небяспека прылятае найчасцей ад дурняў усялякіх, неадэкватаў. Але не ад тых, хто на высокім узроўні. Тым больш, канкрэтныя прозвішчы такіх не былі надрукаваныя. Эфект быў дасягнуты і без тых прозвішчаў, і гэта ― галоўнае.

    – А як ты дабіваўся рэагавання ў высокіх кабінетах? Шмат хто піша і скандальныя матэрыялы, шмат якія публікацыі застаюцца незаўважанымі. Ты якія спосабы адмысловыя выкарыстоўваў, каб быць пачутым?

    – Тэму спажывання даступных наркотыкаў спачатку спрабавалі ігнараваць. Але на той час падобныя матэрыялы са «Звязды» кожны сайт перадрукоўваў. Другі этап майго расследавання – калі я сам быў у прытоне пад выглядам наркаспажыўца – быў надрукаваны практычна на ўсіх сайтах. Гэта разыходзілася на сотні тысяч чытачоў, як не заўважыць такое?

    І пасля гэтых матэрыялаў знаходзіліся саюзнікі. Нават сярод цяперашніх парламенцкіх дэпутатаў, якіх незалежніцкія сайты агулам бэсцяць, ёсць годныя мае паплечнікі ў барацьбе з наркатой. Я б за іх прагаласаваў, калі б былі самыя строгія дэмакратычныя выбары. Дэпутат Дзевятоўскі, пра якога больш ведаюць, як пра спартоўца, па факце вельмі кваліфікаваны чалавек – хоць бы па тым выпадку, што ён аднаасобна выйграў суд у міжнароднага Алімпійскага камітэта! Вельмі дыпламатычны, інтэлігентны. Той жа Пальчык, Зінаіда Мандроўская. Там ёсць талковыя людзі, трэба толькі шукаць. Яны чыталі і не маглі быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў нашай «спакойнай» Беларусі. Знайшліся і неабыякавыя праваахоўнікі ў выніку.

    – А традыцыйны спосаб, якому вучаць на факультэце журналістыкі: знайшоў крытычную тэму – дабівайся рэагавання адказных структур. Гэта зараз спрацоўвае?

    – Гэтыя «старыя» метады працуюць. Цяперашнія журналісты не прасякаюць гэтых наменклатурных хадоў. Напрыклад, ігнаруюць закон “Аб звароце грамадзян”. Ён  насамрэч цудоўны! Я не проста адпраўляў свае артыкулы, я атрымліваў рэагаванні. Паспрабавалі матэрыял не заўважыць – скіроўваю заказны ліст, па пошце, з квітком. І чыноўнікі вымушаныя заўважыць – бо будзе яшчэ матэрыял, і яшчэ, што там яшчэ ўтворыць Валошын?

    Але… Я пэўны час асацыююся з даследчыкам па наркотыках. То не мой канёк! Расследаванні я магу і хачу рабіць па розных праблемах. Эканамічныя – не магу.

     Мае некаторыя расследаванні яшчэ не прагучалі так гучна, хоць таксама цягнуць блізкія змяненні ў заканадаўстве. Вось зараз рабілі міні-расследаванне. Перад Чэмпіянатам свету па хакеі ставілі у нас апоры пад рэкламу. Каля «Чыжоўка-арэны» дарога, ставяцца дзве апоры, па-над дарогай мацуецца на іх рэкламная расцяжка. Дык высветлілася, што ўкапаць адзін слуп-апору абыходзіцца ў 45 мільёнаў.

    – Ого! Дык я сама пайду слупы мацаваць за такія грошы!

    – І я б пайшоў! Высвятляў у фірмы, што выйграла тэндэр на слупы: кажуць, шмат цэменту трэба, бо вецер дзьме. Я звязаўся з Масквой, падобнымі маскоўскімі прадпрыемствамі: такі ж слуп ля дарогі ў іх у чатыры разы таннейшы. Далей  высветлілася, што і фірмы ў тутэйшым тэндэры былі падстаўнымі…

    Ну, запыты ў Дзяржконтроль адправіў, вось ужо праверку праводзяць.

    Ёсць механізмы, з якімі можна і варта намагацца мяняць стан рэчаў. А не проста сеў – цяп-ляп, тры разы па тэлефоне пазваніў, і вось артыкул ці рэпартаж. Ёсць апрабаваныя журналісцкія метады. Гэтым метадам і на журфаку вучаць – так званая «старая гвардыя» гатовая дзяліцца сваімі напрацоўкамі ў дадатак да тэорыі. Я гэтымі метадамі не грэбую.

    – Ты нажыў непрыемнасці з‑за расследчай журналістыкі? Шмат хто ў нашай прафесіі працуе так, каб над самім ані хмарка не завісла. Адпісаўся – забыўся.

    – А з чаго менавіта непрыемнасці?

    – З таго, што ў небяспечную тэму ўлез, з таго, што хоць прозвішчы апекуноў наркагандлю не надрукаваў, але яны амаль вылічваюцца…

    – Калі казаць пра даследаванні з распаўсюдам наркотыкаў, то праблемы былі. Я нават з’язджаў з Беларусі, бо праблемы былі. Не хачу зараз паглыбляцца ў дэталі, бо гэтыя праблемы зышлі. Мне свой плацдарм у выніку ўдалося адваяваць. І нават потым у маіх руках аказаліся казыры, пры падрыхтоўцы расследаванняў гэтага года яны былі ключавымі.

    Ніхто, праўда, не рваўся мне дапамагаць у гэтых расследаваннях – гэта ж не ад БТ з міліцыяй праехацца па прытонах. Тут трэба было ў прытон патрапіць – без праваахоўнікаў, а яшчэ і журналістам!  Вось як? Усё я распавядаю на маіх занятках – як гэта робіцца.

    Расследаванні далі пэўны вынік. І па сінтэтычных наркотыках, пра небяспеку якіх зараз з кожнай дзіркі гучыць, рыхтуецца ключавая мера: стварэнне Міжведамаснай антынаркатычнай камісіі. А з брудным насеннем маку — афіцыйна прынятыя жорсткія захады супраць распаўсюднікаў, умацаваны кантроль за абаротам макавага насення. Праблема не вырашаная. Але яна мінімізаваная, зменшаная ў многа разоў. Ёсць зрухі сур’ёзныя.

    Ну як пра наркатычную навалу не пісаць? Чаму пра гэта не пісалі? Колькасць залежных толькі ад спажывання макавых «бубак» дасягнула 150 тысяч. Спайсы, «маркі» і да таго падобнае – прыкладна такая ж колькасць залежных спажыўцоў, бо гэтая дрэнь легальна гадоў пяць прадавалася. Як пра гэта можна было не пісаць, тыркаць на мяне пальцам і смяяцца: во майстра пісання пра наркотыкі! Нейкі перыяд адзін я пісаў.

    – Нядобразычліўцаў сярод калегаў па журналісцкім цэху займеў за гэты час?

    – Я не займеў мегапраблем, якія б мяне падкасілі. Увогуле, я чалавек просты, сёння працую на вельмі простай пасадзе простым карэспандэнтам не самага рэйтынгавага, але ўплывовага СМІ — «Еўрапейскага радыё для Беларусі».

    Сярод некаторых журналістаў ёсць, пэўна, размовы за спінай… З гэтых «заспінных» – перасуды пра тое, які прадажны чалавек Валошын, рэдагаваў часопіс «Спецназ»!

     

    «Спецназ»

    – У канцы чацвёртага курса нас з Глебам запрасіў да сябе Павел Якубовіч – адмовіцца не выпадала: прафесар журфака…

    – А Якубовіч – прафесар на журфаку?

    – Так. Мы прыйшлі да Якубовіча ў дзень, калі Усевалада Янчэўскага прызначылі кіраўніком аддзела ідэалогіі ў Адміністрацыі прэзідэнта. І мы – як тут сказаць літаратурнаю моваю – знямелі, бо, пастукаўшы ў дзверы і зайшоўшы да Якубовіча з пакецікам, новапрызначаны кіраўнік аднаго з галоўных аддзелаў прэзідэнцкай адміністрацыі, як мышка, сеў убаку і пару гадзін моўчкі чакаў, пакуль мы скончым гутарку.

    – Пакуль Павел Ізотавіч са студэнтамі размаўляе?

    – Пакуль са студэнтамі размаўляе. Хто ж насамрэч ёсць Павел Якубовіч, калі галоўны ідэолаг краіны не рызыкуе прэтэндаваць на ягоную ўвагу? З гэтым «Спецназам» была разыграна такая камбінацыя: рабіце, што хочаце, але зрабіце выбітны часопіс!

    Часопіс і да таго выходзіў,  да яго былі датычныя у тым ліку не самыя дрэнныя людзі. Але – мрак, а не часопіс. А мы вырашылі: чаму не зрабіць амаль «Плэйбой», але патрыятычны, нацыянальны, каб і спецназ, і вайскоўцы адчулі сябе нармальнымі хлопцамі?

    Мы зрабілі нумар. Часткова мы ўвялі ў часопіс беларускую мову, у дызайне намяшалі з «Касмаполітэн», «Плэйбоя» і да таго падобных. Пару матэрыялаў даў Якубовіч – як шампанскае шабляй адкрываць, хай будзе! Фатографы працавалі добрыя, журналісты.

    У нас быў офіс у цэнтры Мінска, у будынку, дзе месціцца «Вячэрні Мінск», тэхніка, сяброўкі ўражваліся… Вельмі было на расслабоне вясёла!

    Афігенскі атрымаўся часопіс! І нават з назвай «Спецназ» я б яго з задавальненнем рэдагаваў!

    Калі з сігнальным нумарам мы прыйшлі да Паўла Ізотавіча, Якубовіч адклаў гэта ў бок, нават не паглядзеў, і сказаў: ну дык што, ідзеце да мяне працаваць у «Советскую Белоруссию»?

    У СБ мы ну ніяк не маглі пайсці працаваць. Сказалі: давайце адкладзем гэтую размову, пакінулі падрыхтаваны нумар… Якубовіч больш нас не выклікаў і не шукаў.

    Часопіс выйшаў, у ім захавалася палова падрыхтаваных для «сігналу» матэрыялаў, палова была дабаўлена ўсялякай гадасці, нават ганебнай – добра, што пад гэтым нумарам няма нашых прозвішчаў, бо гэта ганьба да такога прычыніцца.

    Дзе той цяпер «Спецназ»? Усялякія размовы і нават абвінавачванні ў здрадніцтве хадзілі, калі я пайшоў працаваць у «Звязду». Хацелася мець журналісцкае пасведчанне, працаваць на большую аўдыторыю, нагадваць пра свае  імя.

    Мае гады ў «Звяздзе» былі, канешне, цудоўнымі гадамі! Быў такі момант, калі я быў проста шчаслівы напоўніцу з таго, як я правожу дзень, як  жыву. Гэта былі супергады! Асабліва ў тыя часы, калі пайшлі расследаванні.

     

    «Я магу ў момант кардынальна змяніць сваё жыццё»

    – Жэня, а твае бацькі табою задаволеныя?

    – Як вам сказаць… Відаць, так. Пад мільён алкаголікаў і наркаманаў у краіне, а ў іх сын – журналіст. Бацька мой – украінец этнічны, з Тэрнопальшчыны, служыў у войску, быў прапаршчыкам, фельдшарам. Маці па прафесіі акушэр і доўгі час працавала акушэрам, любіла сваю працу, нават фанатычна да яе ставілася. Але мы з сястрой падрасталі, і маці вымушана была з‑за нізкіх заробкаў шукаць іншыя варыянты. У Польшчу ездзілі, рэчы прывозілі, тут прадавалі. І сёння яе бізнес працягваецца. Маю сястру, яна у нас музыкант, скончыла Акадэмію музыкі.

    Дарэчы, мае бацькі прыдумалі спосаб, як мяне прымусіць вучыцца. Школа для мяне была – ну проста пакута! Уставаць раніцай, трываць тое, што табе нецікава… Вучыўся я абы як. Але раптам ў продажу з’явіліся кіндэр-сюрпрызы – шакаладныя яйкі з забаўкаю пад абалонкай. Бацька ўсталяваў таксу: дзесяць «пяцёрак» запар – кіндэр-сюрпрыз. Мяне гэта захапіла! Я, канешне, дзесьці маніпуляваў, часам падціраў дрэнныя адзнакі, але ў выніку стаў выдатнікам, і ў чацвёртым класе паступіў у гімназію №2.

    Я падсёк сваю асаблівасць: мне шмат што цяжка даецца, але калі нешта рэальна захапляе – я гатовы і займацца, і паглыбляцца. А так, прызнаюся – тармазнуты ў засваенні новага. Вось зараз Window’s‑8 новы спрабую засвоіць – спрэс лаюся!

    – Ты авантурны ў характары?

    – У дзяцінстве я быў вельмі закамплексаваны. Усяго баяўся, быў нейкі, як зашуганы.

    І ўсё ж я авантурыст. Я магу ў момант кардынальна змяніць сваё жыццё. Я не ведаю, што будзе праз пяць месяцаў ці тры, але з таго адчуваю нейкую свабоду.

    Але ў маім авантурызме павінна быць мэта – не затуманеная, а дакладная. І тады я – авантурыст! Калі мэты няма, лухтой я займацца не буду.

    – А з краіны з’ехаць можаш? У Варшаве часта бываеш, кажуць, жонку маеш недзе аж за акіянам…

    – Мая жонка – супержонка. Чалавек глыбокі, няма слоў. Такіх мала. Яна – кастарыканка. Вельмі рамантычная была гісторыя нашай сустрэчы.

    Мы пазнаёміліся ў Кіеве, на Кангрэсе журналістаў-расследавальнікаў, яна туды студэнткай прыехала, а я там быў выступоўца. Ну, выступаў, расказваў, рукамі махаў і прыкмеціў яе ў залі. Падышоў пазнаёміцца, распытаць: як там з расследаваннямі ў Лацінскай Амерыцы?А потым пайшоў прайсціся па Храшчаціку, мне трэба было мікрафон купіць у адмысловай краме. Выходжу з крамы – а тут яна! Я гэта расцаніў, як знак лёсу. І праз тры месяцы быў у Коста-Рыцы. Вось і мяркуйце, авантурыст я ці не.

    Жыць там я не змог.

    Мая жонка хоча, каб мы з’ехалі жыць за мяжу. Але я спрабую вырашыць так, каб хоць палову свайго часу я мог жыць і працаваць тут. Як тое зрабіць? Агромністыя атрымліваюцца выдаткі – нават авіябілеты за акіян, самі разумееце, чаго каштуюць. Сам з сябе пасміхаюся: відаць, багаты я чалавек, жыву на дзве-тры краіны.

    Як жыццё павернецца, я абсалютна не ведаю. Але ведаю адно: з’язджаў я ўжо два разы, але часам ляжыш у тропіках, на беразе акіяна, а ўначы сніцца табе беларуская трава і хочацца беларускага «балота». Мне цяжка без Беларусі. Вось тупа цяжка!

    Хачу, каб  была магчымасць для Беларусі рабіць нешта ўважыстае… Пытанняў – безліч! Безліч тэмаў, над якімі варта працаваць. Вось зараз тэма экстрэмізму – шкада, няма грошай на гэта расследаванне. Але гэта павінны рабіць журналісты. Я павінен падрыхтаваць яшчэ як мінімум дзесяць даследчыкаў, бо я ведаю, як гэта рабіць. Журналістыка з таго стане мацнейшай, калі нас, падрыхтаваных, будзе болей. БАЖ запрашае мяне, як трэнера, да адукацыйных семінараў, і пасля некаторых трэнінгаў ужо ёсць вынікі.

    Жанр вельмі складаны. Следчых журналістаў можна пералічыць на пальцах. Увогуле мала глыбокай у нас журналістыкі сёння – так, па вярхах, далей за нос не глядзіцца вельмі часта. На семінарах-трэнінгах я пабачыў некаторых, хто мог бы пацягнуць такую працу, хто мае да гэтага талент.

    – І ты працягваеш з імі кантактаваць ці «адпрацаваў-забыўся»?

    – Канешне, кантактую.Прынамсі, як мінімум, даю парады праз інтэрнэт, як што зрабіць. За семінар ты ж не навучыш следчай журналістыцы. Трэба іншым разам і ў «поле» за руку павесці. Я хачу гэтым займацца і займаюся – пакуль не ў той ступені, якая трэба, не ўсё атрымліваецца, на жаль. Яшчэ адна важная рэч, якую я высветліў для сябе і якой проста неабходна падзяліцца з калегамі.

    Як трымаць сябе ў форме, як пазбегнуць дэпрэсіі? Вельмі важна журналісту сябе паважаць. Не дазваляць, каб у цябе «сядзелі на галаве», ездзілі на табе, як на ішаку. Журналісту пажадана і выгадна займацца спортам – мы з калегамі-даследчыкамі адназначна прыйшлі да такой высновы.

    Перазагружацца варта праз спорт. Гэта захавае маладосць. Топавыя, сусветнавядомыя журналісты-даследчыкі ўсе, як адзін, займаюцца спортам. Той баксёр, той трыатланіст, гэты марафоны бегае.

    – А ты?

    – Я хадзіў на тайскі бокс, у нас у Беларусі гэта папулярна, і трэнеры добрыя. І сёння працягваю. Праўда, у парах ўжо рэдка стаю. Кросы, фітнэс – усё будзе дарэчы. Гэта не дазволіць співацца, шукаць «расслабону» ва ўсялякай дрэні. Вельмі важна ўмець пераключацца. Калі ты працуеш-працуеш, а ўвечары ідзеш на піва – кароткім будзе твой творчы век.

    – А гітара, якую часта бачаць у тваіх руках?

    – Так, граю, ёсць гурт «Хэндмэйд» – «зроблена рукамі», мы нават на тэлебачанні мільгаем раз-пораз, зараз ў Мірскі замак на жывы канцэрт запрашаюць. Я магу сыграць у любым стане і ў любым месцы, калі ёсць інструмент. Музыка вельмі дапамагае мне пераключацца, і вельмі важна, што гэта разумеюць у маёй рэдакцыі, адпускаюць мяне на канцэрты ды ўсялякія наўпрост не звязаныя з журналісцкім абавязкам турнэ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці