Справу супраць незалежнага журналіста спынілі з‑за недаказанасці віны
Докшыцкі раённы суд 1 чэрвеня спыніў адміністрацыйную справу глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Як агучыў суддзя Вячаслаў Елісеенка, у сувязі з недаказанасцю вінаватасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Падчас судовага слухання выявілася неадпаведнасць даты і часу правапарушэння. Змітру ўдалося даказаць, што 19 красавіка ён быў у іншым месцы, а людзей запісваў не ў гэты дзень.
Паводле Змітра Лупача, у яго быў час, каб як след падрыхтавацца да працэсу і пракансультавацца ў адваката. Таму і атрымалася вось такая невялікая перамога.
— Лічу, што ў многім дзякуючы таму, што мне дапамагала адвакат. За дзень да майго суда, быў працэс над Таццянай Смоткінай. Я ездзіў яе падтрымаць і тады напісаўзаяву, каб азнаёміцца са сваёй справай. Звычайна я іх ніколі не чытаю, бо гэта такія нудныя дакументы. Але на гэты раз уважліва ўсё прачытаўшы, знайшоў там некалькі недакладнасцяў. Я не здымаў людзей 19 красавіка, у мяне былі файлы на тэлефоне, пазначаныя пятым чыслом. Я пракансультаваўся з адвакатам, ці магу іх паказаць у судзе. Адвакат адказала, што, канешне, магу. Паводле яе слоў, за 5 красавіка мяне не павінны судзіць, бо ў справе гаворыцца толькі пра 19-ае. А сведка на судзе таксама памыліўся з датай. Таму, калі я ехаў на суд, спадзяваўся на тое, што справу ўсё ж такі закрыюць.
Нагадаем, Змітра Лупача судзілі за парушэнне артыкула 35 “Закона аб СМІ”, за якое прадугледжвалася адказнасць па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Сёлета гэта быў пяты па ліку суд у журналіста-фрылансера. На чарзе яшчэ два суды ў Глыбокім і Паставах.