Справу Таццяны Мацвеевай накіравалі на дапрацоўку
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска завяршыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні журналісткі Таццяны Мацвеевай, распачатай нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне (ч. 1 арт. 24.23 КаАП). Суддзя Уладзімір Царыкаў заўважыў недакладнасці ў пратаколе правапарушэння і на гэтай падставе вярнуў справу ў міліцыю для выпраўлення памылак.
Паводле складальніка адміністрацыйнага пратакола, супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Уладзіслава Шышкаўца, журналістка без дазволу райвыканкама размясціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, чым «выказала сваю грамадска-палітычную пазіцыю».
Таццяна Мацвеева гэтага факту не адмаўляла, але не прызнала сябе вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні.
Журналістка патлумачыла, што ўвесну мінулага года скарысталася прапановай аздобіць сваю асабістую выяву так званай «рамкай» — на ёй былі палосы белага і чырвонага колераў і словы з верша Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца».
Паводле спадарыні Таццяны, на той час бел-чырвона-белы сцяг яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім сімвалам, і гэтая выява адпавядала яе грамадска-палітычным поглядам і настрою. А пазней яна проста забылася выдаліць гэты фотаздымак. Тым не менш, яна перакананая, што размяшчэнне фотаздымка ў такім выглядзе не прынесла шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь — прынамсі, такіх сведчанняў няма ў матэрыялах адміністрацыйнай справы. Таксама журналістка падкрэсліла, што тая аватарка з «рамкай» на момант складання пратакола ўжо не была актуальнай, і карыстальнікі Фэйсбуку наўрад ці сталі б яе шукаць сярод архіўных фотаздымкаў.
Суддзя Уладзімір Царыкаў удакладніў, ці не распачыналі супраць Таццяны Мацвеевай падобныя справы. У адказ супрацоўнік міліцыі ўдакладніў, што журналістку затрымалі 28 ліпеня і правялі ў яе дома ператрус з іншае прычыны. Тады ёй патлумачылі, што следчыя дзеянні вядуцца ў межах крымінальнай справы пра заклікі да гвалту ў дачыненні да службовых асобаў. І што яе камп’ютар, два тэлефоны, флэшка і іншыя рэчы забралі для праверкі на датычнасць да гэтага злачынства.
Таццяна Мацвеева звярнулася да суда, каб справу супраць яе спынілі, бо яна не згодная з абвінавачаннем, што парушыла заканадаўства. Але суддзя скончыў працэс пастановай пра вяртанне матэрыялаў у міліцыю для выпраўлення хібаў: складальнік пратакола памыліўся з месцам нараджэння журналісткі і не ўказаў, якое канкрэтна палажэнне заканадаўства яна парушыла.
Цяпер спадарыню Таццяну павінны яшчэ раз выклікаць у РАУС для знаёмства з новым пратаколам, і пасля гэтага мае быць абвешчана дата новага судовага пасяджэння.
Незалежна ад рашэння чарговага суда, журналістка ўжо адбыла трое сутак за кратамі пасля затрымання 28 ліпеня.
Чытайце яшчэ:
У Барысаве затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса і ягоную жонку
Вераніка Цапкала: Калі СМІ будуць недастаткова асвятляць усіх палітыкаў, запатрабуем спыніць іх фінансаванне і падтрымку
Максим Березинский: «С точки зрения доступности разных источников информации мы откатились очень далеко назад»