• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сталін памёр учора». 12 тэзісаў зь менскай лекцыі францускага гісторыка Нікаля Вэрта

    У Менску з публічнай лекцыяй «Сталінскія рэпрэсіі» выступіў вядомы францускі гісторык Нікаля Вэрт (Nicolas Werth), навуковы дырэктар Інстытуту сучаснай гісторыі ў Парыжы. Ён адзін зь вядучых у сьвеце спэцыялістаў па гісторыі Савецкага Саюзу, тэмамі сталінізму і рэпрэсій займаецца больш за 40 гадоў.

     

    Выкладаў францускую мову ў Менску, напісаў 20 кніг

    У 1975–1977 гадах Нікаля Вэрт выкладаў францускую мову ў Менску ў Інстытуце замежных моваў, мае ў Беларусі знаёмых і сяброў. Тады ў Францыі замест вайсковай службы можна было адслужыць цывільную службу за мяжой.

    «Менск для мяне вельмі дарагі як горад, я выкладаў тут разам з жонкай у Інстытуце замежных моў. Дзякуючы Шарлю дэ Голю быў цікавы абмен паміж СССР і Францыяй — штогод па 70 спэцыялістаў абменьваліся. У мяне тут шмат сяброў», — узгадвае прафэсар.

    Першая кніга Нікаля Вэрта выйшла ў 1981 годзе і называлася «Быць камуністам пры Сталіну». Яна грунтавалася на вывучэньні партыйных архіваў Смаленшчыны. Гэта адзіны архіўны фонд КПСС, які быў даступны заходнім гісторыкам, таму што ў 1941 годзе быў вывезены ў Нямеччыну, а потым трапіў у ЗША.

    Усяго Вэрт напісаў 20 кніг, сярод іх «Маскоўскія працэсы, 1936–1938», «Востраў канібалаў: 1933, дэпартацыя на волю лёсу ў Сібіры», «Тэрор і зьбянтэжанасьць: Сталін і яго сыстэма», «П’яніца і кветачніца: аналіз масавага забойства, 1937–1938 гг»., «Шлях на Калыму», «Гісторыя Савецкай дзяржавы. Ад Расейскай імпэрыі да СНД, 1900–1991».

    Падчас менскай лекцыі Нікаля Вэрта

    12 тэзісаў зь лекцыі Нікаля Вэрта

    1. Масавыя рэпрэсіі сталі асноўнай формай кіраваньня грамадзтвам і дзяржавай

    Масавыя рэпрэсіі ў СССР за чвэрць стагодзьдзя мелі самыя розныя формы: судовыя і пазасудовыя; палітычныя і непалітычныя; калектыўныя і індывідуальныя.

    Рэпрэсіі разгортваліся ў самых розных беспрэцэдэнтных відах:

    • Голад як прылада здушэньня масавага супраціву сялян калгаснаму ладу;

    • Масавыя сакрэтныя расстрэлы па лімітах;

    • Масавыя калектыўныя дэпартацыі;

    • Масавыя асуджэньні да лягернай працы;

    • Мякчэйшыя масавыя формы рэпрэсій без пазбаўленьня волі.

     

    2. Значная колькасьць людзей, асуджаных на вялікія тэрміны, не былі крымінальнікамі

    Гэта былі звычайныя грамадзяне, якія атрымалі суровае пакараньне, не адпаведнае іхнай правіне (ад 5 да 10 гадоў за дробны крадзеж бохана хлеба ці некалькіх каласкоў — ад страшэннай галечы, нястачы і голаду).

    Самым жорсткім быў указ ад 1947 году — аб крымінальнай адказнасьці за крадзеж дзяржаўнай і грамадзкай маёмасьці, так званы ўказ аб «трох каласках». З 1947 па 1953 год каля 1,5 мільёна грамадзян (у тым ліку больш за 400 тысяч жанчын і непаўналетніх) былі асуджаныя на вялікія тэрміны лягераў, дзе іх называлі «ўказьнікамі».

    Ад 5 да 8 гадоў давалі ажно да 1948 году за самавольны сыход з ваенізаванай вытворчасьці. Паводле ўказу ад 26 сьнежня 1941 году былі асуджаныя каля 1 мільёна чалавек.

    Усе гэтыя рэпрэсіі не падпадаюць пад катэгорыю «палітычныя», хоць пра крымінальшчыну тут не ідзе гаворкі.

    Нікаля Вэрт падчас распавядае пра сталінскія рэпрэсіі

    3. Празьмерныя рэпрэсіі і вялікія тэрміны падрывалі аўтарытэт правасудзьдзя

    З 1940 па 1953 год у СССР больш за 15 мільёнаў чалавек былі асуджаныя на пазбаўленьне волі. І яшчэ 20 мільёнаў — на папраўчыя працы.

    За дэзэртэрства ці самавольны сыход з ваенізаваных прадпрыемстваў асуджалася ад 300 да 500 тысяч у год.

    На гэтым фоне ўражваюць нізкія лічбы крымінальных злачынстваў: каля 10 тысяч чалавек у год асуджана за наўмысныя забойствы, ад 3 да 5 тысяч — за згвалтаваньні, ад 10 да 15 тысяч — за рабунак і разбой.

    Высновы, зробленыя ў 1955 годзе афіцыйнымі ўладамі:

    • масавыя рэпрэсіі і павелічэньне тэрмінаў пакараньня не прывялі да скарачэньня злачыннасьці;

    • празьмерныя рэпрэсіі і вялікія тэрміны пазбаўленьня волі ствараюць умовы нерэальнасьці пакараньня, падрываючы тым самым аўтарытэт савецкага правасудзьдзя.

    4. За 25 гадоў ад рэпрэсій пацярпелі 50 мільёнаў чалавек, 1,2 мільёна былі расстраляныя

    Ад усіх відаў рэпрэсій цягам 25 гадоў (з 1929 па 1953) пацярпелі каля 50 мільёнаў чалавек — у сярэднім па 2 мільёны ў год.

    • 1 мільён 200 тысяч чалавек былі асуджаныя на расстрэл. Зь іх больш за 800 тысяч чалавек — у гады «вялікага тэрору» (1937–1938).
    • 22 мільёны былі асуджаныя на пазбаўленьне волі і прымусовую працу ў ГУЛАГу (большасьць за дробныя праступкі, якія былі толькі формай барацьбы за выжываньне ў крызіснай сытуацыі).
    • Каля 2 мільёнаў чалавек памерлі ў лягерах.
    • Яшчэ 25 мільёнаў былі асуджаныя на мякчэйшыя віды пакараньня (прымусовыя працы).

     

    5. Чыста палітычныя рэпрэсіі — па 58‑м артыкуле — давалі адносна невялікую долю ад усіх асуджаных

    22 мільёны былі асуджаныя на лягеры, 6 мільёнаў чалавек асуджаныя пазасудовымі органамі і вайсковымі трыбуналамі за так званыя контрарэвалюцыйныя злачынствы. Тэрміны — ад 10 да 25 гадоў, а таксама вышэйшая мера пакараньня.

    Гісторык Ігар Кузьняцоў задае пытаньне Нікаля Вэрту

    6. Больш за 6 мільёнаў былі дэпартаваныя, зь іх 1,5 мільёна памерлі

    Рашэньні аб дэпартацыях прымаліся на самым высокім узроўні партыйнымі органамі, часьцяком з ініцыятывы органаў НКВД.

    Масавыя дэпартацыі «сацыяльна шкодных элемэнтаў», «падазроных» альбо «вінаватых» народаў былі формай сацыяльнай і этнічнай інжынэрыі, накіраванай на стварэньне прынцыпова «новай гістарычнай супольнасьці — савецкага народу».

    Масавыя сакрэтныя апэрацыі мелі на мэце «ачысьціць савецкае грамадзтва ад сацыяльна шкодных, чужых элемэнтаў, якія лічыліся патэнцыйна небясьпечнымі», а таксама ад прадстаўнікоў розных дыяспар (асабліва немцаў, палякаў, прыбалтаў, фінаў), якія нібыта папаўнялі «пятую калёну шпіёнаў і дывэрсантаў».

    7. На пачатку 1930‑х гадоў ад голаду памерлі 6 мільёнаў

    Голад быў ва Ўкраіне, на Кубані, у Паволжы, Казахстане, Заходнім Сібіры, на Ўрале і нават у паўднёвай Беларусі.

    Ахвяры голаду — ахвяры масавых рэпрэсій, бо голад у руках Сталіна быў зброяй, каб нанесьці зьнішчальны ўдар па хлебаробах, якія, на яго погляд, «праводзілі „італьянку“ (сабатаж!) і былі ня супраць пакінуць рабочых, Чырвоную Армію бяз хлеба… па сутнасьці, вялі „ціхую“ вайну з савецкай уладай. Вайну на змор» (зь ліста Сталіна Шолахаву, напісанага ў траўні 1933 году).

    Насамрэч голад стаў калектыўным пакараньнем, рэпрэсіяй за так званы сабатаж з боку калгасьнікаў, якія былі ня ў стане выканаць нерэальныя пляны дзяржаўных нарыхтовак хлеба, мяса, малака, бульбы.

    Як пісаў у сваім апошнім артыкуле вядомы гісторык-аграрнік Віктар Данілаў, «голад пачатку 1930‑х гадоў быў арганізаваным голадам, мэтай якога было зламаць сялянскі супраціў калгаснаму ладу».

    Па зводках АГПУ, у СССР у 1930 годзе было больш за 13 800 хваляваньняў, беспарадкаў, паўстаньняў, страйкаў, у якіх удзельнічалі больш за 3 мільёны сялян, ня лічачы 14 200 тэрактаў.

    Каля 4 мільёнаў чалавек з 30 мільёнаў, што пражывалі ва Ўкраіне, памерлі ад голаду за 8 месяцаў (са сьнежня 1932 па ліпень 1933 году). 95% зь іх — сяляне, 5% — жыхары малых гарадоў, якія не атрымлівалі дзяржаўнага пайка.

    8. Вывучэньне голаду ва Ўкраіне прасунулася значна далей, чым у Расеі ці Казахстане

    Праблема Галадамору стала вялікім палітычным пытаньнем, ключавым элемэнтам украінскай постсавецкай ідэнтычнасьці.

    Служба бясьпекі Ўкраіны адкрыла архівы і дапусьціла туды і ўкраінскіх, і замежных гісторыкаў. Сотні дакумэнтаў апублікаваныя. Ні ў Расеі, ні ў Казахстане гэтага не адбылося.

    Ва Ўкраіне ад голаду 1930‑х гадоў памерлі 4 мільёны чалавек. Ці быў гэта генацыд, гісторык казаць адмовіўся, заявіўшы, што такую ацэнку павінны рабіць юрысты. У Казахстане памерлі ад голаду ад 1,2 да 1,4 мільёна. У Расеі — каля 1 мільёна чалавек.

    9. Рэпрэсіі то мацнелі, то сьціхалі. Пік — «вялікі тэрор» 1937–1938 гадоў

    На пачатку 1933 году ў перапоўненых турмах СССР, разьлічаных на 200 тысяч чалавек, апынуліся 800 тысяч. Таму ў 1934–1935 гадах колькасьць асуджаных рэзка зьнізілася — рэпрэсіі давялося затармазіць на некалькі гадоў.

    Чаргаваньне «надзвычайшчыны» і адступленьняў, масавых арыштаў і масавых амністый, рознага кшталту рэпрэсіўных кампаній са сваімі пэўнымі рытмамі — спачатку наступ зь перагібамі і «галавакружэньнем ад посьпехаў», потым рэзкае тармажэньне — усё гэта сьцірала межы паміж законам і беззаконьнем, свабодай і несвабодай.

    Страшныя ўмовы жыцьця, асабліва ў галадаючых калгасах, таксама спрыялі сьціраньню межаў паміж жыцьцём на волі і зьняволеньнем, прымусовымі працамі.

    10. Асаблівае становішча было ў заходніх абласьцей СССР

    Заходняя Ўкраіна, Заходняя Беларусь, Прыбалтыка, Малдова былі гвалтоўна саветызаваныя пазьней за іншыя рэгіёны. Там быў моцны збройны супраціў з боку нацыянальных партызанскіх груповак. У пастанове прэзыдыюму ЦК КПСС «Аб палітычным і гаспадарчым стане заходніх абласьцей Украінскай ССР» ад 26 сакавіка 1953 году (праз 3 тыдні пасьля сьмерці Сталіна) прызнавалася, што з 1944 па 1952 гады ў заходніх рэгіёнах Украіны рэпрэсавана каля 500 тысяч чалавек (расстраляна больш за 153 тысячы, арыштавана 134 тысячы, выслана назаўсёды 203 тысячы).

    У адной Літве за пасьляваенны пэрыяд было рэпрэсавана каля 270 тысяч чалавек — 10% усяго насельніцтва краіны.

     

    11. Чэкісты пастаянна ўдасканальвалі сваё «майстэрства»

    На пачатку 1930‑х дэпартацыя і раскулачваньне былі дрэнна арганізаваныя, праводзіліся ў духу клясавай барацьбы з шырокім прыцягненьнем сялянскай беднаты і рознага кшталту актывістаў.

    Рэпрэсіі 1937–1938 гадоў былі сакрэтнымі, ведамаснымі апэрацыямі, якія праводзіліся апаратам НКВД.

    З дэпартацыяй тое самае. Калі на пачатку 1930‑х 8дэпартаваных проста выгружалі сярод тайгі альбо стэпу, то праз 10 гадоў арганізацыя масавых дэпартацый зрабілася больш эфэктыўнай і прафэсійнай.

    Больш за 500 тысяч чачэнцаў і інгушоў дэпартавалі цягам літаральна 6 дзён, з 23 па 28 лютага 1944 году — пры ўдзеле 119 тысяч прадстаўнікоў спэцвойскаў НКВД.

    Нікаля Вэрт

    12. Масавыя рэпрэсіі выйшлі далёка за межы ГУЛАГу

    Рэпрэсіі, практыка кіраваньня грамадзтвам заразілі ўсе сфэры гаспадарчага, грамадзкага і нават духоўнага жыцьця.

    Яскравы прыклад з эканамічнай гісторыі — дэпартацыя на поўнач якутаў. Вайна, трэба карміць фронт, харчоў не хапала. Самай таннай і лёгкай здабычай палічылі рыбу. Прыгадалі Якуцію, міжрэчча Лены і Алдана. Але людзі там займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Дзяржкамітэт абароны і Якуцкі абкам партыі пастанавілі перасяліць некалькі дзясяткаў калгасаў на пару тысяч кілямэтраў на поўнач у тундру — рыбу лавіць. У 1944 годзе якутаў выгналі з дамоў, загналі на баржы, зьвезьлі ў тундру лавіць рыбу. У першую ж зіму каля 2 тысяч перасяленцаў памерлі. Рыбы яны не налавілі. У 1947 годзе якутам дазволілі вярнуцца дадому. Гэтым сялянам ніякіх палітычных абвінавачваньняў не выстаўлялася, іх быццам бы і не дэпартавалі.

    Сталінскія масавыя рэпрэсіі выйшлі далёка за межы рэпрэсіўнай палітыкі, яны проста ўвайшлі ў жыцьцё цэлага пакаленьня савецкіх грамадзян, у грамадзкую сьвядомасьць, яны сталі складнікам пэўнай сыстэмы каштоўнасьцяў, якая не магла так хутка і раптоўна зьнікнуць, калі памёр Сталін. Як нагадваў філёзаф і гісторык Міхаіл Гефтэр яшчэ падчас перабудовы, «Сталін памёр учора».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці