• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Старасьць прыходзіць, як зіма». Як беларуская журналістка і пісьменьніца стала апякункай для старых палякаў

    Пісьменьніца Сьвятлана Курс (творчы псэўданім Ева Вежнавец) на сваім ровары езьдзіць да пажылых людзей у Варшаве, чыёй апякункай яна стала ў часе пандэміі. Працу са старымі называе «заходам у культуру з чорнага ўваходу», і яна ўдзячная лёсу за тое, што атрымала другое жыцьцё пасьля многіх гадоў у журналістыцы, НДА і сфэры культуры. Сьвятлана расказала Свабодзе пра свой досьвед апякункі, якая можа «памыць дупу» любому злачынцу, пра пажылых людзей, якія, лічыць яна, ва ўсім сьвеце аднолькавыя, і няпросты выбар, які стаіць перад усімі старымі ў часы каранавірусу.

    Сьвятлана Курс

     СЬЦІСЛА

    • Старыя вельмі цікавыя, а я шукала прафэсію на другую частку жыцьця, бо мне крыху надакучыла працаваць з тэкстам.

    • Старым часта трэба пагаварыць пра маладосьць, расказаць, што было ў вайну. І пакамандаваць яны вельмі любяць.

    • Старасьць прыходзіць, як зіма. Тэмпэратура ўвесь час зьніжаецца, ты ўвесь час мяняесься. Думаеш, што сябе заб’еш, каб ня быць бездапаможным, але на самой справе не заб’еш, таму што вельмі будзеш хацець жыць.

    • Старэчыя праблемы ва ўсіх аднолькавыя. Палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя, арыентацыйныя пытаньні адыходзяць на задні плян.

    • Ідэальная апякунка ўмее абмежаваць сваю эмпатыю.

    • Магу вымыць любую дупу. Фашысту магу, мурыну магу, Кім Чэн Ыну магу, бо гэта вядзецца пра чалавека, а не пра ягоныя погляды. Зь ягонымі злачынствамі хай у судзе разьбіраюцца, а я апякунка.

    «Я шукала прафэсію на другую частку жыцьця»

    — Сьвета, у сваіх пастах у “Фэйсбуку” ты вельмі па-мастацку апісваеш сваіх падапечных. Як так сталася, што ты зрабілася сацыяльным работнікам для старых людзей у Варшаве?

    Сьвятлана Курс у студыі Эўрарадыё

    — Па-першае, я вельмі хацела працаваць са старымі, таму што я вельмі люблю сваю бабку, якая памерла ў 2009 годзе, і я не пасьпела зь ёй ні набыцца, ні нагаварыцца, ні назапісацца. Старыя вельмі цікавыя. Па-другое, быў “шкурны інтарэс”, бо я шукала прафэсію на другую частку жыцьця. Мне крыху надакучыла працаваць з тэкстам. Я з 1991 году працую ў беларускай палітыцы, НДА, культуры і СМІ. І я захацела нешта новае зрабіць. Летась у лістападзе, калі я страціла працу на “Эўрарадыё” і думала, мо стаць перакладчыцай альбо пайсьці на “Белсат”, я вырашыла, што маю апошні шанец. Мне 48 гадоў, я ўсё яшчэ ў добрай форме.

    Спачатку я памяняла некалькі прафэсій. Была начной кельнэркай і вельмі добра зарабляла, але больш за месяц ня вытрымала, таму што вельмі хацела спаць. Я адпрацавала на трох адначасна лініях у McDon­ald’s, дома дагэтуль стаяць на памяць грубыя, падбітыя жалезам чаравікі з McDon­ald’s. Карацей, зьмяніла я шмат прафэсій — нават хацела пастаяць на вытворчай лініі, стаць куратаркай тэатру і культурных праектаў, хацела пайсьці ў цэнтар правоў жанчын. Усё гэта мне вельмі хутка надакучыла, і я вярнулася да сваёй старой мары папрацаваць са старымі людзьмі. Адзіная перашкода была, што я вельмі фізычна гідлівая. Ня столькі нават экскрэмэнты, колькі смаркачы мяне палохаюць. Мне трэба было сябе пераламаць, бо я ведала, што гэта будзе, калі туды пайду працаваць.

    Спачатку я працавала ў інтэрнэт-кавярні, якая ў цэнтры для пажылых людзей. Потым пачаўся карантын. Перад ім я здала ангельскую мову на B2 і прайшла сумоўе на апякунку старых людзей у Вялікай Брытаніі. Ужо думала, што ў Ангельшчыну паеду.

    Уяўляеш, які гэта выклік — клапаціцца пра старых людзей на ангельскай мове? Гэта літаральна зайсьці ў культуру з чорнага ўваходу, таму што ў старых людзях сабраная ўся побытавая і мастацкая культура.

    У Ангельшчыну я не паехала, бо карантын. І тут бачу абвестку пра такую працу ў Польшчы. Я падумала, што гэта лёс. Ведаеш, чаму? Таму што ў карантыне ў чатырох сьценах я сядзець не змагла б. Я пайшла і нанялася ў адзін дзень.

    Высьветлілася, што тады быў страйк апякунак, і сотні людзей ляжалі, прабачце, засраныя, без уколаў, бяз ежы, бяз закупаў, бязь лекаў, безь нічога. І тут прыходжу я, якая нічога ня ведае пра гэта. Я падпісала дамову, і ўжо на заўтра мяне, як сьляпое кацяня, кінулі плаваць — адправілі да чалавека нерухомага, потым да таго, каму ўколы трэба рабіць. Яны былі ў страшэнна кепскай сытуацыі. Пасьля гэтага я ня спала больш, чым па 5 гадзінаў, таму што я абслугоўвала літаральна дзясяткі людзей. Я пранікла нарэшце ў польскую культуру, што за 13 гадоў працы на “Эўрарадыё” не змагла зрабіць.

    «У выдавецтве «Пфляўмбаўм» ляжыць кніжка, напісаная ад імя апякункі старых людзей»

    — Калі я чытаю твае пасты ў “Фэйсбуку” пра старых, да якіх ты ходзіш, то адчуваю, што ты пішаш ня толькі як сацыяльная работніца, але як і чалавек з моцнай эмпатыяй, і ў той жа час і як пісьменьніца. Ты на гэтай працы больш хто — пісьменьніца ці сацыяльная работніца?

    — Пятрушка, які іх забаўляе. І ня болей, бо ім сапраўды патрэбен хтосьці, хто будзе іх забаўляць. Больш за ўсё я там адпрацоўваю для псыхалягічнай разгрузкі. Ім часта трэба пагаварыць пра маладосьць, расказаць, што было ў вайну. Пакамандаваць яны вельмі любяць, каб хтосьці пакорліва ўсё рабіў і выслухоўваў іхныя мудрасьці і ківаў галавою. Але ў асноўным я займаюся простымі фізіялягічнымі патрэбамі.

    У мяне цяпер кніжка ляжыць у выдавецтве «Пфляўмбаўм». Я яе напісала ад імя апякункі старых людзей, яшчэ ні дня не адпрацаваўшы ёй. Гэта было так саманадзейна, і я вырашыла спраўдзіць, ці добра я яе псыхалягічна напісала. Праверыла і высьветліла, што я яе абсалютна ідэальна напісала. Менавіта так і выглядае гэтая праца.

    Як пісьменьніцы мне гэта дало вельмі шмат. Па-першае, разгрузіла мяне ад страхаў.

    Калі ты ідзеш на сустрэчу са сваім найвялікшым страхам, то перастаеш баяцца. У старасьці і сьмерці няма нічога непераадольнага, таму што іх можна разьбіць на кавалкі і задачы, і кожную вырашаць.

    Ва ўсіх ёсьць рытуалы — адны кураць, другія пʼюць каву, трэція ядуць пірагі з гарбатай. Наколькі тваё цела слабае, гэта няважна, яны ўсё роўна выконваюць гэтыя рытуалы і жывуць.

    Мне забаўна чытаць у “Фэйсбуку”, калі маладыя людзі пішуць, што я б сябе лепш забіў, толькі б ня быў такім бездапаможным. Але старасьць не прыходзіць раптоўна. Старасьць прыходзіць, як зіма. Тэмпэратура ўвесь час зьніжаецца, ты ўвесь час мяняесься, і ты думаеш, што вось сябе забʼеш, але на самой справе ты сябе не забʼеш, таму што ты вельмі будзеш хацець жыць.

    «Гэта маленькая кніжка — усё, што я назапасіла за сваё жыцьцё»

    — Сьвятлана Алексіевіч нядаўна зрабіла ахвяраваньні, каб дапамагчы бездапаможным старым людзям, інвалідам, якім патрэбен дагляд. Ці ня думала ты, як першая аўтарка ў фундаваным Алексіевіч жаночым выдавецтве, як аўтарка кнігі, напісанай ад імя апякункі старых людзей, што тут ёсьць пэўныя сьветапоглядныя супадзеньні?

    —Госпадзе, мне так падабаецца гэтае супадзеньне. Я нават ня ведала пра яе ініцыятыву, таму што ў мяне цяпер вельмі звужаны інфармацыйны фокус. Я сапраўды працую па 12–14 гадзінаў на суткі і прапусьціла гэтую навіну. Я люблю клясныя і рэдкасныя супадзеньні. Нават калі мая кніжка выйдзе не ў спадарыні Сьвятланы, а дзе-небудзь яшчэ… Гэта маленькая кніжка — усё, што я назапасіла за сваё жыцьцё, і я хачу, каб людзі гэта абавязкова прачыталі.

     

    «Зь ягонымі злачынствамі хай у судзе разьбіраюцца, а я апякунка»

    — Як ты думаеш, ці старыя людзі ва ўсіх краінах аднолькавыя?

    Сьвятлана Курс
    Сьвятлана Курс

    — Найаднолькавейшыя. Я яшчэ зьбіраюся ангельскіх пратэставаць… Усе старэчыя праблемы ва ўсіх аднолькавыя. Палітычныя, сацыяльныя, нацыянальныя, арыентацыйныя пытаньні адыходзяць на задні плян, і ты бачыш тыпы людзей, і астатняе робіцца няважным. Калі я пачынала толькі займацца старымі палякамі, падумала, як старыя і маладыя беларусы на гэта зірнуць — маўляў, паехала мыць польскія дупы. А потым я зразумела, што магу вымыць любую дупу. Фашысту магу, мурыну магу, Кім Чэн Ыну магу, каму заўгодна магу вымыць, бо гэта вядзецца пра чалавека, а не пра ягоныя погляды. Зь ягонымі злачынствамі хай у судзе разьбіраюцца, а я апякунка. Мне больш падабаецца апекавацца, чым быць судзьдзёй. Прычым кожны зь іх сам сябе судзіць. У чалавеку ў старасьці ёсьць і судзьдзя, і адвакат, і злачынца. І чалавек не зьмяняецца зь векам.

    — Што польская дзяржава робіць для старых у часе пандэміі? А калі параўнаць з тым, як гэта ў Беларусі робіцца?

    — Мае старыя бацькі жывуць у вёсцы ў Беларусі. У іх ёсьць сацыяльная работніца, у іх — невялічкая пэнсія, але яны нармальна выжываюць. Яны не багацеюць і не кідаюцца грашыма налева і направа. Адзіная розьніца — у Польшчы, акрамя дзяржаўнай сыстэмы гэтага забесьпячэньня, існуе куча недзяржаўных агенцый і структураў, у тым ліку касьцёльных і розных іншых.

    Для старых ёсьць вельмі розныя субсыдыі. Я ўвесь час думала, Божухна, я плачу такія грошы за камуналку, а як спраўляюцца старыя, бо амаль 90% павінна забіраць камуналка. Выявілася, субсыдыі для старых ёсьць на ўсё — на інтэрнэт-сувязь, на камуналку, на ежу, яе яшчэ і прывозяць. Абеды прывозяць адным штодня, другім праз дзень. Як сказаў мой партнэр, у Польшчы ніводзін стары чалавек не застанецца бяз даху над галавой і не памрэ з голаду. Са свайго досьведу я бачу, што гэта так. Мае падапечныя, якія сядзелі ў турмах усё жыцьцё ці пілі ўсё жыцьцё, тым ня менш атрымліваюць субсыдыі, грошы і догляд, і ежу.

    «Яны мне могуць пазваніць у любую пару дня і ночы»

    — Што для цябе цяжка, а што, наадварот, вельмі прыемна ў тваёй працы?

    — Мне цяпер цяжкага нічога няма, але я пакуль не падыходжу для гэтай работы. На гэтай працы трэба ўмець адключаць эмпатыю, інакш цябе «зжаруць» твае падапечныя. З найлепшых матываў, таму што яны думаюць, што яны ў цябе адны, і пачынаюць забіраць усё болей і болей твайго часу, тваіх пачуцьцяў, і тут трэба ставіць мяжу. Мне здаецца, што ідэальная апякунка – гэта чалавек, які ўмее абмежаваць сваю эмпатыю, якая яе мае, але адначасна ставіць межы. Я пакуль не навучылася. Яны мне могуць пазваніць у любую пару дня і ночы. Ёсьць вельмі раўнівыя і вельмі зайздросныя, сочаць, каб я не аддала больш увагі камусьці іншаму, ці сварацца, калі я ня тую ваду купіла і ня тыя пончыкі. Пачынаеш на іх злавацца, а потым прыходзіш і бачыш, што ён табе нейкіх пірагоў ці бліноў напёк, сядзіць і чакае, вочкамі сьвеціць.

    «Пляваць мне на гэты каранавірус»

    — Ты можаш быць патэнцыйным носьбітам вірусу. Чаго больш баісься – самой заразіцца ці што ім можаш выпадкова перадаць?

    — Я прыходжу да іх у масцы і ў пальчатках. У апецы мне даюць дэзынфэктар для ботаў і для рук. Старыя равуць: «Толькі ня пырскай на боты, бо ў мяне наваксаваны паркет». Гэта яшчэ старая польская школа – паркет ваксуюць, анучачкай воскам націраюць. Я ўжо выцерла 2–3 польскія падлогі анучачкай з воскам. Гэта немалы выклік. Але я скінула на гэтай працы 15 кіляграмаў і пралажу пад усе канапы.

    Пляваць мне на гэты каранавірус. Я яго зусім не баюся, хай гэта прагучыць па-ідыёцку і безадказна. Мяне хвалюе, што ў мяне сын можа заразіцца, бо ў яго было двухбаковае запаленьне лёгкіх і ён у групе рызыкі. Што тычыцца сваіх старых, то я іх даглядаю так, каб не заразіць. Раблю ўсё паводле правілаў.

    У мяне стаіць выбар, ці яны будуць ляжаць у засраным пампэрсе бязь ежы і памруць ужо заўтра, альбо я ім прывязу з гораду каранавірус і яны памруць праз 14 дзён. Ёсьць у мяне падапечная, якой я падбіраю 245 таблетак на тры тыдні. Калі я не падбяру таблеткі альбо пераблытаю клетачку, куды кінуць пігулку, дык яна памрэ, бо ў яе вельмі шмат сурʼёзных хваробаў. Выбар стаіць, памрэ яна сёньня ці заўтра ад каранавірусу. Я працую больш за месяц і нікога не заразіла. Яны ўсе жывыя і здаровыя, наколькі гэта магчыма.

    — Ці баяцца яны каранавірусу?

    — Яны тэлевізію глядзяць і панабіраліся многіх мітаў. У мяне ёсьць дзьве навукоўкі, дык яны нармальна баяцца, бо ведаюць, чым гэта пагражае. А астатнія кажуць: «Сьвінцовыя труны патрэбны на каранавірусныя целы, і ўся вада будзе атручаная», «Гэта кара Божая, і так усім нам і трэба». А яшчэ ёсьць такія, якія гавораць, што мне рабіць, каб не заразіць іх каранавірусам, у тым ліку што мне есьці і як мыцца. Але баяцца.

    — Што трэба сказаць, як патлумачыць старым, што трэба застацца дома?

    — Я кажу, вы самі выбірайце, але лёгкія на дзіркі каранавірус вам пабʼе. Для пані Малгажаты, у якой ад курэньня эмфізэма, гэта сурʼёзная пагроза. Трэба вобразна гаварыць і даволі жорстка. Тады да іх даходзіць, бо гэта звычайныя людзі, проста сваю спэцыфіку старасьць накладае.

    «Я зьбіраюся займацца гэтай працай усё сваё жыцьцё. Але зь перапынкамі»

    — Ці гэта твая часовая праца?

    Сьвятлана КУрс
    Сьвятлана Курс

    — Я зьбіраюся займацца гэтай працай усё сваё жыцьцё. Але зь перапынкамі. Я разглядаю гэтую справу як пэрманэнтную зьяву майго жыцьця, але час ад часу буду перарывацца на іншыя прыгоды — літаратурныя, мастацкія; напэўна, буду падарожнічаць, паспрабую яшчэ тры дзясяткі прафэсій, калі так ужо выйшла, што мне Бог дараваў новае жыцьцё. Раней людзі ў 42, 48, 50, 57 гадоў, асабліва жанчыны, рыхтаваліся ўжо да пэнсіі, да так званага “дажываньня”, а мы цяпер маем другі шанец. Дзеці вырасьлі, а мы ўсё яшчэ моцныя фізычна і маладыя. Як я бачу па сваіх падапечных, старасьць прыходзіць прыкладна пасьля 60–65 гадоў — пачынаецца адрахленьне касьцей і арганізму. А да 60–65 мы можам мець цэлую кучу новых прыгодаў, а можа і далей. У мяне ёсьць падапечныя, якія ў 90 гадоў вокны мыюць і жэняцца. І мы павінны выкарыстаць гэты шанец другога жыцьця. Я яшчэ хачу марскі круіз зрабіць вакол сьвету.…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці