Яшчэ адну старонку «Белсата» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Міністэрства інфармацыі Беларусі чарговы раз абнавіла рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. І зноў у ім аказаўся рэсурс «Белсата».
У прыватнасці, у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дададзеная старонка ў Instragram «belsat_doc», прысвечаная дакументальнаму кіно. Такую пастанову 15 кастрычніка прыняў суд Маладзечанскага раёну.
Таксама ў спіс улучылі тэлеграм-чаты «ДЦУ «ТЭРОР» і «Блок Пракоп’ева-Ягорава», старонкі ў Instragram «a.praskalovich», «a2.print», «hacakma», «sigovalera», «v_o_e_v_o_d_o_v_a», «abibok», «alesdabriyanik», «partyzanka_official», «merchfreedom_»; Tik-Tok-акаўнты «Zhive Belarus», «@mijaksenija1111», «Burekas».
Апроч таго, экстрэмісцкай прызнаная публікацыя ў TikTok з назваю «Александр Григорьевич Лукашенко, предложил Зелебобе выйти раз на раз», размешчаная ў акаўнце «Алексей» з ідэнтыфікатарам @alekseyrussiancowboy.
Беларусь пагоршыла свае паказчыкі ў глабальным рэйтынгу Freedom House «Свабода ў інтэрнэце» за 2024 год
27 ліпеня 2021 года суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі «Белсата» «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. У лістападзе таго ж года Міністэрства ўнутраных справаў прызнала яго «экстрэмісцкім фармаваннем» і забараніла дзейнасць на тэрыторыі Беларусі «групы грамадзянаў, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“». Да «экстрэмісцкага фармавання» належаць, акрамя сайту, Youtube-канал і акаўнты ва ўсіх сацсетках: Telegram, Instagram, Twitter, Facebook, VK, «Аднакласнікі».
Да таго ж Міністэрства юстыцыі РФ унесла 1 кастрычніка 2024 года «Белсат» у спіс непажаданых у Расеі арганізацыяў.