Старшыня БАЖ абмяркуе з міністрам інфармацыі унясенне зменаў ў Закон «Аб СМІ»
На наступным тыдні мусіць адбыцца сустрэча старшыні ГА "БАЖ" Андрэя Бастунца з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам.
Беларуская асацыяцыя журналістаў двойчы звярталася ў Мінінфарм з прапановай зладзіць сустрэчу з міністрам, каб абмеркаваць падрыхтоўку зменаў у закон “Аб СМІ”. Першы зварот застаўся без адказу ўвогуле. На другі зварот прафесійная арганізацыя, што аб’ядноўвае больш за тысячу прадстаўнікоў медыя краіны, атрымала пазітыўны адказ. У Міністэрстве інфармацыі прызначылі сустрэчу з кіраўніком ГА «БАЖ» Андрэем Бастунцом.
Плануецца абмеркаваць падрыхтоўку зменаў у закон “Аб СМІ”, а таксама бягучы стан у галіне медыя, у тым ліку блакіроўку сайтаў і пераслед журналістаў-фрыласнераў.
Нагадаем, што пра падрыхтоўку зменаў у закон «Аб СМІ» стала вядома яшчэ ў верасні мінулага года. ГА “БАЖ” адразу звярнулася да новага міністра з просьбай азнаёміцца і абмеркаваць магчымыя змены, а таксама ўключыць прадстаўніка журналісцкай арганізацыі ў склад працоўнай групы па падрыхтоўцы дакумента.
5 лютага на выніковай калегіі Мінінфарма зноў было агучана, што створана міжведамасная група па выпрацоўцы зменаў у Закон аб СМІ і звязаных з гэтым дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У адпаведнасці з палажэннем, Міністэрства інфармацыі ў межах сваёй кампетэнцыі распрацоўвае праекты законаў, рашэнняў Прэзідэнта і Савета Міністраў; супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі арганізацыямі па пытаннях, звязаных з распаўсюдам масавай інфармацыі, ажыццяўленнем выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па распаўсюдзе друкаваных выданняў і прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
А 1 сакавіка міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў журналістам, што падчас падрыхтоўкі зменаў у закон “Аб СМІ” мяркуецца зладзіць грамадскае абмеркаванне прапанаваных правак. У тым ліку Міністэрства інфармацыі хоча пачуць аргументы на карысць таго, каб статус журналіста-фрылансера быў заканадаўча замацаваны.