Студэнтка Інстытута тэалогіі БДУ стала вядучай на БТ і хоча туды размеркавацца
Юная спявачка Анастасія Краўчанка — новая ўдзельніца праўладных канцэртаў і вядучая Белтэлерадыёкампаніі. А ў тэолагі яе занесла выпадкова, піша «Наша Ніва».
Дзяўчына прымала ўдзел у першым сезоне беларускага шоу «Фактар.by» і апынулася ў камандзе Сярогі. Але папулярнай стала пасля таго, як спела песню «Рамонкі» на расійскім шоу «Залятай у трэнды», а потым выклала ў тыктоку некалькі ўрыўкаў выступу. Прыпеў завірусіўся, шмат хто пачаў здымаць відэа пад гэту музыку — а ролікі Анастасіі набралі 5,5 і 5,9 мільёна праглядаў. Дарэчы, на ютубе ў песні «Рамонкі» 2,2 мільёна праглядаў.
Зараз дзяўчыне 19 гадоў, і яна студэнтка трэцяга курса Інстытута тэалогіі БДУ, а таксама працуе ў Белтэлерадыёкампаніі (у цяперашні момант як вядучая здымаецца ў трэцім сезоне «Фактар.by», вядзе інстаграм і тыкток праекта, а ў яе працоўнай кніжцы пазначана, што Анастасія — рэдактар праграм) і рэгулярна ўдзельнічае ў праўладных канцэртах.
Як прызналася сама спявачка ў інтэрв’ю адыёзнай «Мінскай праўдзе», сумяшчаць актыўнае жыццё з вучобай у ВНУ складана:
«У гэтым навучальным годзе я ва ўніверсітэце была на дзвюх парах. У гэтым плане мне пайшлі на саступкі, дазволілі свабоднае наведванне. Я не хачу, каб да мяне ставіліся як да зоркі.
У любым выпадку, неабходны мінімум для здачы сесіі я выконваю. Трэба падрыхтаваць рэферат ці прэзентацыю да экзамена — я гэта заўсёды раблю. Не дазваляю сабе такога: «Я прыйшла — стаўце залік».
Але чаму дзяўчына вырашыла паступаць на тэолага?
«Шмат канцэртаў праходзіць у Палацы Рэспублікі, а будынак майго ўніверсітэта якраз насупраць, — распавяла Анастасія. — Мне тэлефануюць: «Праз дзесяць хвілін твой выхад» — і я спакойна іду. Насамрэч, гэта не першарадна».
Калі Анастасія вучылася ў дзясятым класе, пачалася пандэмія каранавірусу. Настаўнікі знізілі патрабаванні і дзяўчыну, якая лічыла сабе вельмі стараннай вучаніцай (бо мама настаўніца), гэта расслабіла. У адзінаццатым класе дзяўчына зразумела, што не хоча рыхтавацца да ўступнай кампаніі. Таму стала шукаць, куды можа паступіць, здаўшы тое, што добра ведае — рускую мову і грамадазнаўства. Абітурыентам Інстытута тэалогіі БДУ патрэбна было здаць і гісторыю Беларусі — з гэтым прадметам у Анастасіі, па яе словах, былі складанасці, але яна ўсё ж змагла стаць студэнткай (прахадны бал на спецыяльнасць «тэалогія» ў 2021 годзе быў 244 з 400).
«Грамадазнаўства я здала, здаецца, на 78 балаў, а рускую мову — на 82. Лічу, што для чалавека, які не рабіў нічога ўвогуле, гэта вельмі добра».
Анастасія хвалюецца наконт будучага размеркавання і спадзяваецца, што ёй дазволяць адпрацаваць у Белтэлерадыёкампаніі.
«Я разумею, што ніколі не буду працаваць па спецыяльнасці. Мне зараз працягнулі кантракт — на той момант, калі я скончу ВНУ, афіцыйна буду супрацоўніцай Белтэлерадыёкампаніі. І куды мяне размяркоўваць? Нікуды. Я ж працую ў дзяржаўнай структуры. І ўвогуле — тэалагічны факультэт дае вышэйшую гуманітарную адукацыю. Мне здаецца, гэта добра пасуе для тэлебачання. Усё як трэба. Спадзяваюся, што ўсё вырашыцца прыгожа».
Чытайце яшчэ:
Ларыса Шчыракова ўжо ў гомельскай жаночай калоніі № 4
Ольга Горбунова: «Десятки людей уже получили помощь, собранную во время онлайн-марафона»
«Не нужно арестовывать всех. Достаточно заставить большинство журналистов замолчать». Представитель организации «Индекс цензуры» — о ситуации в Беларуси