Студэнтаў журфака БДУ выкарысталі для масоўкі ў Цэнтрвыбаркаме
Больш за 180 студэнтаў журфака БДУ на чале з дэканам Аляксеем Бяляевым 25–27 студзеня «працавалі медыяваланцёрамі» ў інфармацыйным цэнтры ЦВК. Як паведаміў сам Бяляеў, журфакаўцы маглі азнаёміцца «з працэсамі арганізацыі асвятлення электаральнай кампаніі ў беларускіх і замежных СМІ, убачыць працу міжнародных назіральнікаў, прыняць удзел у прэс-канферэнцыях ЦВК».
«Гэта ўнікальны вопыт, якім могуць скарыстацца студэнты журфака», — лічыць дэкан.
Сам Бяляеў знаходзіўся ў Інфармацыйным цэнтры ў якасці «эксперта». Ён раздаў каментары дзяржаўным СМІ і расказаў Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая «пра асаблівасці цяперашняй электаральнай кампаніі».
На Захадзе апошнюю «прэзідэнцкую кампанію» яшчэ да асноўнага дня галасавання не прызналі ні свабоднай, ні дэмакратычнай. Затое ЦВК аб’явіў «пераможцам» Аляксандру Лукашэнку з рэкорднымі 86,82% галасоў.
Як улады рэкрутуюць прапагандыстаў
Пасля падзеяў 2020 года большасць беларускіх незалежных медыяў рэлакаваліся за мяжу з‑за палітычнага пераследу. Незалежныя журналісты трапілі пад татальную зачыстку: цяпер за кратамі знаходзяцца 42 супрацоўнікі медыяў. Беларусь лідзіруе па колькасці зняволеных журналістаў у Еўропе, і нават у свеце, калі лічыць колькасць зняволеных журналістаў на колькасць жыхароў краіны.
Беларускі рэжым відавочна сутыкнуўся к кадравым голадам. Па гэтай прычыне ўлады пачалі рэкрутаваць кадры для дзяржаўнай прапаганды са школьнай парты. У канцы мінулага года Міністэрства адукацыі зацвердзіла факультатыў «Уводзіны ў прафесію журналіста» для 8—9 класаў. Літаральна праз месяц з’явіўся яшчэ адзін факультатыў «Я і мая краіна ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт» для 8–9 класаў.
Ірына Сідорская, якая працавала загадчыцай кафедры тэхналогій камунікацый і сувязей з грамадскасцю журфака БДУ да 2021 года, мяркуе, што новаўвядзенні беларускіх уладаў прадыктаваныя нежаданнем выпускнікоў «паступаць на журфак, а таксама існуе кадравы голад у рэдакцыях».
Увогуле журналістаў рыхтуюць тры ВНУ: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і ГДУ імя Францыска Скарыны ў Гомелі.
Летась у БДУ конкурс на спецыяльнасць «Журналістыка» склаў 1,07 чалавека на месца (79 заявак на 74 месцы + 6 «мэтавікаў» па-за конкурсам), на спецыяльнасць «Інфармацыя і камунікацыя» конкурс яшчэ ніжэйшы — 1,05 чалавекі на месца (44 заяўкі на 42 месцы).
Платнае аддзяленне на факультэце журналістыкі ліквідавана, бо платнікаў немагчыма прымусіць працаваць у дзяржаўных СМІ.
Нядаўна БАЖ задаваўся пытаннем, ці ўвогуле варта ісці на журфак БДУ (галоўнага ВНУ Беларусі) з перспектывай стаць прапагандыстам, і якія альтэрнатывы існуюць увогуле.