«Суд-стаханавец» прызнаў экстрэмісцкімі шэраг вядомых праектаў: «Салідарнасць», «Радыё Ўнэт», «Ранак»
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 4 ліпеня прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адразу сотню з лішкам старонак не звязаных паміж сабой інтэрнэт-рэсурсаў на рознажанравых платформах. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі шмат вядомых праектаў:
▪️ Сайт і сацсеткі «Радыё Ўнэт»;
▪️ Сайт і сацсеткі газеты «Салідарнасць»;
▪️ Сайт і сацсеткі светлагорскага выдання «Ранак».
Як вынікае з абноўленага ўвечары 7 ліпеня «Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» Міністэрства інфармацыі, які дасягнуў ужо 650 старонак, сярод новых «чальцоў» фігуруе россып інтэрнэт-пляцовак пад шыльдай папулярнага медыйнага праекта «Салідарнасць».
– Інтэрнэт-сайт з назвай «Салідарнасць» (ідэнтыфікатар https://gazetaby.com);
– Сайт з назвай @gazetaby (ідэнтыфікатар https://linktr.ee/gazetaby);
– Старонка ў сацсетцы Facebook з назвай «Салідарнасць» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/gazetaby);
– Старонка ў сацсетцы Instagram з назвай gazetabycom (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/gazetabycom);
– Старонка ў сацсетцы TikTok з назвай gazetaby (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@gazetaby);
– Telegram-канал с назвай «Салідарнасць – галоўныя навіны» (ідэнтыфіктар https://t.me/gazetaby);
– Старонка ў сацсетцы Twitter з назвай «Салідарнасць – галоўныя навіны Беларусі» (ідэнтыфакатар https://twitter.com/gazetabycom).
Недзяржаўная газета «Салідарнасць» паўстала на хвалі адраджэння на пачатку 1990‑х у Салігорску Мінскай вобласці. Першапачаткова выданне пазіцыянавала сябе як друкаваны орган Беларускага незалежнага прафсаюза і сваёй назвай перанакіроўвала да падзей у суседняй Польшчы, дзе рабочыя спрычыніліся да набліжэння краху прамаскоўскага рэжыму.
Рэдактарамі выдання ў розныя перыяды былі Уладзімір Дуброўскі, Рыгор Сачыловіч, Віктар Бабаед, Віталь Мурылёў.
У медыя агульнанацыянальнага парадку газета трансфармавалася крыху пазней, калі на чале рэдакцыі стаў вядомы журналіст Аляксандр Старыкевіч — экс-галоўны рэдактар галіновай газеты «Беларускі час», які прыйшоўся недаспадобы новапрызначанаму старшыні праўладных прафсаюзаў Леаніду Козіку.
Менавіта пры ім «Салідарнасць» перажыла «рэнесанс», за кароткі час перавысіўшы наклад больш чым у 5000 асобнікаў. А якраз 20 гадоў таму выйшаў супольны нумар «Салідарнасці» і «Белорусской деловой газеты» — такім чынам была выказана салідарнасць з рэдакцыяй папулярнага эканамічнага тыднёвіка, які пачалі мэтанакіравана пераследаваць улады.
Акрэсленая пазіцыя не засталася незаўважанай: перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года «Салідарнасць», як і шэраг іншых недзяржаўных газет, паралізавалі эканамічна: дзяржаўныя прадпрыемствы-манапалісты «Белпошта» і «Белсаюздрук» без тлумачэння прычын адмовіліся яе распаўсюджваць. Ад таго часу выданне выходзіць у інтэрнэт-версіі, здолеўшы захаваць касцяк сваіх прыхільнікаў.
Падчас наступных электаральных кампаній разам з іншымі незалежнымі інтэрнэт-рэсурсамі «Салідарнасць» падвяргалася мэтанакіраванаму блакаванню з боку Міністэрства інфармацыі. Так, у жніўні 2020-га быў заблакаваны афіцыйны сайт, а з 2021-га — і люстэрка галоўнай старонкі.