• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Магілёве пакараў журналіста штрафам за супрацоўніцтва з газетай “Ніва”

    Суддзя суда Ленінскага раёна г. Магілёва Алена Літвіна прысудзіла журналісту Уладзіміру Лапцэвічу 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за 7 публікацый у тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва».

    29 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбыўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. Супрацоўнікі міліцыі з Ленінскага РАУС Магілева абвінавацілі Лапцэвіча ў парушэнні ч. 2 арт 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ).

    20 чэрвеня на Лапцэвіча было складзена 7 асобных пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні за матэрыялы журналіста, якія былі апублікаваныя ў тыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва” за апошнія два месяцы. На думку міліцыянтаў, парушэннем з’яўлялася ўжо тое, што Лапцэвіч публікаваўся ў “Ніве” без акрэдытацыі ў міністэрстве замежных спраў Беларусі.

    Падтрымаць Уладзіміра Лапцэвіча ў суд Ленінскага раёна прыйшло паўтара дзесятка журналістаў і грамадскіх актывістаў. Суддзя Алена Літвіна адразу ж папярэдзіла прысутных у зале судовага пасяджэння журналістаў, што фота і відэаздымка пасяджэння забароненая. Падчас разгляду справы Літвіна выдаліла залы праваабаронцаў Барыса Бухеля і Валадара Цурпанава, якія, на яе думку, паводзілі сябе не належным чынам.

    Уладзімір Лапцэвіч адмовіўся прызнаваць сваю віну ў здзяйсненні інкрымінуемых яму правапарушэнняў. Журналіст прадставіў суду даведку ад рэдактара штотыднёвіка «Ніва», у якой сцвярджалася, што ніякіх працоўных адносін паміж газетай і журналістам няма. У даведцы падкрэслівалася, што вырабам прадукцыі СМІ займалася рэдакцыя «Нівы», а не Уладзімір Лапцэвіч.

    “Пратакол быў складзены незаконна, паколькі адсутнічае склад правапарушэння. Мае тэксты ў «Ніве» можна разглядаць толькі як лісты чытача. Пры гэтым кожнаму аўтару за апублікаваны тэкст выплачваецца ганарар, бо часопіс выкарыстоўвае іх інтэлектуальную працу, аднак у штат выдання пазаштатнікі не ўваходзяць”, — заявіў у сваім выступе падчас працэсу журналіст.

    Таксама спадар Лапцэвіч звярнуў увагу суда на тое, што канчатковы прадукт сродкаў масавай інфармацыі, згодна з законам “Аб СМІ”, можа выдаваць толькі юрыдычная асоба — рэдакцыя выдання. Журналіст адзначыў, што права на свабоду слова і свабоду выказвання меркаванняў гарантаваныя Канстытуцыяй і міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

    Суддзя Алена Літвіна не прыняла да ўвагі гэтых і іншых аргументаў журналіста. Пасля невялікага перапынку для прыняцця рашэння яна зачытала пастанову аб пакаранні Уладзіміра Лапцэвіча штрафам у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за парушэнне ч.2 арт 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

    “Нягледзячы на ​​мае довады і даведку, прадстаўленую з рэдакцыі газеты беларускай меншасці ў Польшчы «Ніва», што я не з’яўляюся іх журналістам, а з’яўляюся пазаштатным аўтарам, які не вырабляе прадукцыю, у дадзеным выпадку газеты «Ніва», а ўсяго толькі піша лісты у рэдакцыю, суддзя Літвіна палічыла, што довады міліцыі, у якіх яны сцвярджаюць, што я вырабляў прадукцыю СМІ, — дакладныя. Я лічу, што гэта абсалютна надуманае, неправамернае і, па сутнасці, абсурдная ўстаноўка і зацвярджэнне, як міліцыі, так і ў дадзеным выпадку ўжо і суда.

    І, натуральна, я буду абскарджваць гэтае рашэнне, таму што гэта — абсурд, іншым словам гэта складана пазначыць, і з ім трэба неяк змагацца. Распаўсюджваць інфармацыю, чым у дадзеным выпадку я займаюся, гэта права кожнага чалавека замацаванае адпаведнымі нарматыўнымі і заканадаўчымі актамі”, — адзначыў пасля суда Уладзімір Лапцэвіч.

    Пасля атрымання матывацыйнай часткі рашэння суда Ленінскага раёна г. Магілёва Уладзімір Лапцэвіч плануе абскардзіць яго ў Магілёўскім абласным судзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці