Суддзя з Брэста, які адхіляў скаргі пакараных журналістаў, пайшоў на павышэнне
Цяпер ужо былы суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.
Цяпер ужо былы суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Гэта вынікае з указа А. Лукашэнкі № 186 “Аб назначэнні і вызваленні суддзяў”, падпісанага 30 траўня. Падчас працы ў абласным судзе Аляксандр Саўчук адзначыўся тым, што не задаволіў скаргі незалежных журналістаў, які былі прыцягнутыя да адказнасці судамі першай інстанцыі.
Так, у жніўні 2020 года суддзя Аляксандр Саўчук адхіліў скаргу журналіста незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Аляксандра Пазняка, якога суд Баранавіцкага раёна пакараў штрафам у памеры 30 базовых велічынь (на той момант 810 рублёў) за анлайн-трансляцыю з плошчы ў Ганцавічах, дзе 20 чэрвеня адбывалася стыхійная акцыя пратэсту.
Дарэчы, падчас разгляду скаргі ў Брэсцкім абласным судзе суддзя Аляксандр Саўчук прапанаваў, каб журналіст “Ганцавіцкага часу” сам у прававой форме патлумачыў, якія артыкулы заканадаўства былі парушаны суддзёй першай інстанцыі і супрацоўнікамі міліцыі, якія брутальна затрымлівалі удзельнікаў акцыі і журналістаў, што асвятлялі пратэст.
А 28 верасня 2021 года суддзя Аляксандр Саўчук разглядаў касацыйую скаргу карэспандэнта інтэрнэт-партала “Першы рэгіён” (1reg.by) з Драгічына Сяргея Гардзіевіча. Журналіст быў пакараны судом Іванаўскага раёна на 1,5 гады пазбаўлення волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса (188, 368 і 369) — яго абвінавацілі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі, знявазе супрацоўніка міліцыі і ў паклёпе ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Справа тычылася нібыта каментароў ад імя Сяргея Гардзіевіча ў сацыяльных сетках. Сам журналіст віну не прызнаў і сцвярджаў, што каментары належаць не яму.
На разгляд скаргі ў Брэсцкім абласным судзе Сяргея Гардзіевіча не прывозілі, а адвакаты даведаліся, што суддзя Аляксандр Саўчук пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў, і таму прысуд канчаткова ўступіў у сілу. Праваабаронцы прызналі Сяргея Гардзіевіча палітвязнем.