Будуць судзіць адміністратара пабліка «Подслушано Глубокое» Ігара Шкетава
У Глыбокім 7 лютага пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да адміністратара гарадскога пабліка «Подслушано Глубокое» Ігара Шкетава. Мужчыну вінавацяць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).
Весці працэс прызначаны суддзя суда Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч, які вядомы ў горадзе палітычна матываванымі прысудамі.
Суполка «Подслушано Глубокое» даволі папулярная сярод жыхароў Глыбокага. На яе больш за ўсё падпісана людзей ў сацыяльнай сетцы ў «ВКонтакте». Платформа пазіцыянуе сябе як супольнасць для зносін з магчымасцю падзяліцца інфармацыяй, якая па-за палітыкай і рэлігіяй. Допісы размяшчаюцца з прэмадэрацыяй. Ёсць публікацыі пра сацыяльныя праблемы і іншыя аспекты жыцця.
На пачатку жніўня 2024 года Ігара Шкетава ўжо пераследавалі паводле адміністрацыйнага артыкула за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У сярэдзіне верасня 2024 года, яго затрымлівалі супрацоўнікі абласнога ГУБАЗіК падчас так званай «зачысткі экстрэмістаў» у горадзе. Сілавікі запісалі з ім «пакаяльнае» відэа. У той час у Глыбокім быў масавы «хапун», падчас якога затрымалі каля 20 чалавек. Па выніку некаторым прысудзілі адміністрацыйныя штрафы ці арышты, а на іншых завялі крымінальныя справы.