Сумесная заява праваабаронцаў аб прызнанні 15 затрыманых па справе TUT.BY палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
25 траўня 2021 года
18 траўня Дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з ператрусамі ў рэдакцыю, да рэгіянальных структур, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала TUT.BY. Адбыліся ператрусы таксама ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў TUT.BY — AV.BY, RABOTA.BY. Амаль адначасова на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь абвяжавала доступу да інтэрнэт-рэсурсу tut.by і яго копіям.
У той жа дзень дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю заявіў, што распачата крымінальная справа ў дачыненні да службовых асоб ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).
Мы, ніжей падпісаныя арганізацыі, лічым гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў. У тым ліку ў мінулыя гады па палітычна матываваным абвінавачанні ва ўхіленні ад падаткаў у Беларусі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, лідэр незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кіраўнік інфармацыйнай агенцыі «Белапан» Алесь Ліпай ды іншыя.
Гэта не першыя спробы ціску на найбуйнейшы і папулярны беларускі інфармацыйны партал. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў TUT.BY трапілі пад крымінальны пераслед па так званай «справе БелТА», на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. Напрыканцы 2020 года партал TUT.BY пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.
Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацлўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад.
Па справе TUT.BY вядома, што ў зняволенні застаюцца:
-
генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна;
-
галоўная рэдактарка Марына Золатава;
-
рэдактарка Вольга Лойка;
-
намесніца дырэктара Ірына Рыбалка;
-
журналістка Алена Талкачова;
-
галоўная бухгалтарка Анжэла Асад;
-
намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік;
-
галоўная інжынерка Ала Лапатко;
-
намеснік генеральнага дырэктара ў тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека;
-
менеджар Андрэй Аўдзееў;
-
дыректар Hoster.by Сяргей Павалішаў;
-
дырэктарка Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава.
Пад хатнім арыштам па гэтай справе знаходзяцца:
-
Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера – заснавальніка TUT.BY;
-
Кацярына Ткачэнка – юрыстка TUT.BY;
-
Ірына Касцючэнка – былая юрыстка TUT.BY.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Людмілы Чэкінай, Марыны Золатавай, Вольгі Лойка, Ірыны Рыбалка, Алены Талкачовай, Анжэлы Асад, Марыі Новік, Алы Лапатко, Аляксандра Дайнекі, Андрэя Аўдзеева, Сяргея Павалішава, Дар’і Данілавай, Юліі Чарняўскай, Кацярыны Ткачэнка і Ірыны Касцючэнка з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару іх публічнай супольнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у складзе рэдакцыі партала TUT.BY у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Людмілы Чэкінай, Марыны Золатавай, Вольгі Лойка, Ірыны Рыбалка, Алены Талкачовай, Анжэлы Асад, Марыі Новік, Алы Лапатко, Аляксандра Дайнекі, Андрэя Аўдзеева, Сяргея Павалішава, Дар’і Данілавай, Юліі Чарняўскай, Кацярыны Ткачэнка, Ірыны Касцючэнка палітычнымі зняволенымі і патрабуем:
-
неадкладнага вызвалення Людмілы Чэкінай, Марыны Золатавай, Вольгі Лойка, Ірыны Рыбалка, Алены Талкачовай, Анжэлы Асад, Марыі Новік, Алы Лапатко, Аляксандра Дайнекі, Андрэя Аўдзеева, Сяргея Павалішава, Дар’і Данілавай з‑пад варты, а Юліі Чарняўскай, Кацярыны Ткачэнка, Ірыны Касцючэнка з пад хатняга арэшту;
-
адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання;
-
неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РГА «Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман канстанта»;
Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;
Беларускі дакументацыйны цэнтр.