Супраць блогера Андрэя Павука распачалі справу паводле 13 крымінальных артыкулаў
Следчы камітэт Беларусі 15 сакавіка паведаміў, што распачаў спецвытворчасць у дачыненні да блогера Андрэя Павука.
Яго вінавацяць паводле 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса РБ:
- часткі 1 і 3 артыкула 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы);
- артыкул 188 КК (паклёп);
- часткі 2 і 3 артыкула 203–1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі наконт прыватнага жыцця і персанальных дадзеных);
- частка 1 артыкула 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
- частка 2 артыкула 361–2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- частка 2 артыкула 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- часткі 1 і 2 артыкула 367 КК (паклёп на прэзідэнта);
- часткі 1 і 2 артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта);
— артыкул 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады);
- артыкул 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- артыкул 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў);
— артыкул 389 КК (пагроза суддзі альбо судоваму засядацелю);
- артыкул 391 КК (абраза суддзі альбо судовага засядацеля).
У Беларусі Андрэй Павук быў аўтарам праектаў «Рудабельская паказуха» і «Дзіванныя навіны». Увосень 2020 года ён разам з сям’ёй быў вымушаны пакінуць краіну з прычыны ціску за ягоныя грамадскія погляды і блогерскую дзейнасць. У тым жа годзе оперная спявачка Маргарыта Ляўчук (супраць яе гэтымі днямі таксама распачалі спецвытворчасць) і Андрэй Павук арганізавалі сатырычны музычны дуэт «Красная Зелень», дзе Андрэй быў аўтарам тэкстаў сатырычных песень. Шырокую вядомасць блогеру прынеслі і тэлефонныя гутаркі з беларускімі чыноўнікамі, дзе ён задаваў суразмоўцам вострыя пытанні пра беларускую рэчаіснасць, а потым выкладаў аўдыязапісы гэтых размоваў на YouTube.
Як вынікае з паведамленняў тэлеграм-канала «Специальное производство. Официально», 14 сакавіка спецвытворчасць распачалі і ў дачыненні да былой жонкі блогера Вольгі Павук. Яна таксама займаецца блогерскай дзейнасцю, першыя праекты блогераў былі «сямейнымі», а нядаўна тэлеграм-каналы, блізкія да беларускіх сілавікоў, паказалі яе інтэрв’ю з жыхарамі памежных літоўскіх тэрыторый, зробленае для інфармацыйнага партала delfi.lt. Вольгу Павук вінавацяць паводле 8 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- частка 1 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы);
- артыкул 188 КК (паклёп);
- частка 3 артыкула 203–1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі наконт прыватнага жыцця і персанальных дадзеных);
- частка 1 артыкула 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім);
- частка 2 артыкула 361–2 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці);
- частка 2 артыкула 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
- частка 1 артыкула 368 КК (абраза прэзідэнта);
- артыкул 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).